Жамайцкае ўзвышша
Жамайцкае ўзвышша (літ.: Žemaičių aukštuma) знаходзіцца на захадзе Літвы, у басейнах рэк Вянта, Юра, Мінія і Дубіса. Найвышэйшы пункт — гара Мядзвегаліс (234,6 м).
Складзенае з глін, пяскоў, мергеляў. Характэрны згладжаны марэнна-ўзгорысты рэльеф. Заходнія схілы адрозніваюцца хвалістай паверхняй і паступова ўзнімаюцца над прыморскай нізінай. Цэнтральная, водападзельная частка мае ўзгорыстую паверхню, з марэннымі градамі, выцягнутымі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, катлавінамі з азёрамі і балотамі. На ўсходзе паверхня пераходзіць у Сярэднелітоўскую нізіну.
Клімат вільготны. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на заходніх (наветраных) схілах найбольшая ў Літве — 800—900 мм у год, на ўсходніх схілах — каля 600 мм ападкаў.
Распаўсюджаны хвойныя і мяшаныя лясы, лугі, паша, ралля. Лясістасць складае 10—15%, дасягае 30% у флювіягляцыяльнай катлавіне і ваколіцах возера Плацялей.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Жэмайцкае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).