Перайсці да зместу

Земляная сажа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Земляная сажа[1], Чарнільныя арэшкі — від галаў, якія ўтвараюцца лічынкамі шэрагу насякомых сямейства Cynipidae[2] на маладых галінах і лісці некаторых відаў дуба (Quercus). Прадстаўляюць сабой порыстыя ўтварэнні круглявай або даўгаватай формы ў выглядзе нарастаў дыяметрам 1,5—2 сантыметраў і больш. Нарасты могуць «гронкай» пакрываць паражонае лісце. Утрымліваюць дубільныя рэчывы (да 70 % ад сухой масы). Па афарбоўцы могуць быць зелянява-жаўтлявыя, жаўтлява-белыя, жаўтлявыя, часта з чырвоным бокам. З-за сваёй формы і афарбоўкі ў англійскай мове яны атрымалі назву «дубовых яблыкаў» (англ.: Oak apple)[3].

Структура гала мяккая і друзлая, унутранае змесціва порыстае. У самым цэнтры гала знаходзіцца невялікая камера дыяметрам да 5-7 мм, унутры якой адбываецца развіццё лічынкі. Насякомыя пры дапамозе яйцаклада адкладаюць яйкі па адным у мякаць ліста. Гэта выклікае ўзмоцнены рост навакольных тканак, і ў выніку ўтвораецца гал. З яйка выходзіць лічынка, якая ў рэшце рэшт ператвараецца ў дарослае насякомае. Імага робіць ход у мякаці гала і праз яго выходзіць вонкі. У Еўропе асноўнымі першакрыніцамі чарнільных арэшкаў з’яўляюцца Cynips quercusfolii і Biorhiza pallida, а на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі — віды Amphibolips confluenta і Atrusca bella[2].

З земляной сажы ў даўніну выраблялі чарніла для пісьма[4]. Яна ўтрымлівае шмат танінаў[4], якія з’яўляюцца прыроднымі поліфеноламі (рэчывы, якія маюць некалькі груп -OH, злучаных з бензольным кольцам). З солямі жалеза таніны ўтвараюць комплекс, афарбаваны ў чорны колер, — на гэтым і было заснавана атрыманне чарніла[5]. Па спосабе прыгатавання гэтае чарніла называлі жалезістым або жалеза-галавым. Земляная сажа была вядомая і выкарыстоўваліся ў вытворчасці чарніла, па меншай меры, з часоў Рымскай імперыі. Доўгі час, пачынаючы з Сярэдневякоўя, гэтае чарніла было стандартным пры пісьме[6]; найбольш распаўсюджана было пачынаючы з XVIII стагоддзя і аж да сярэдзіны XX стагоддзя ў сувязі з паступовым павелічэннем пісьменнасці. Для вырабу жалезістага чарніла галы настойвалі ў кіслым растворы і дадавалі жалезнае пілавінне. Працэс доўжыўся да месяца. Для таго, каб чарніла «лепш клалася» на паперу, у яго склад уводзілі вішнёвую смалу — камедзь. Атрыманае такім чынам чарніла было ўстойлівым — мала выліньвала на святле і было водатрывалым. Нягледзячы на добрую ўстойлівасць чарніла да выцвітання і вады, з-за наяўнасці ў складзе актыўных рэчываў, яно выклікае разбурэнне паперы. На Русі[удакладніць] перапісчыкі рукапісаў таксама выкарыстоўвалі «чернять дубом с железинью» — «жалезнае» чарніла, якое рыхтавалі з жалезнага купарвасу дадаючы ў яго адвар з земляной сажы з дубовага лісця.

Акрамя гэтага, земляная сажа выкарыстоўвалася для дублення скуры і атрымання звязальных лекавых сродкаў[4][7].

У Старажытным Рыме нядобрасумленныя прадаўцы разводзілі медны купарвас таннейшым жалезным купарвасам. Для таго, каб выявіць падробку, выкарыстоўвалі земляную сажу: чорная афарбоўка выдавала наяўнасць жалеза ў купарвасе[5].

У наш час галы выкарыстоўваюць для атрымання таніну, які ўжываецца ў медыцынскіх мэтах[5].

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  2. а б Cranshaw, Whitney. Garden Insects of North America. — Princeton, New Jersey: Princeton University Press, 2004. — ISBN 0-691-09560-4.
  3. Вокруг света / По редакцией Н. Н. Страхова. — СПб.: Издание книгопродавца и типографа М. О. Вольфа, 1866. — Т. 6. — 388 с.
  4. а б в Міхаіл Мікалаевіч Рымскі-Корсакаў. Чернильные орешки // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  5. а б в Витер В. Н. Дубовые орешки (чернильные орешки) // Химия и Химики. — 2013. — № 4.
  6. Diringer, David. The Book Before Printing: Ancient, Medieval and Oriental. — Dover Publications, 1982. — P. 551-2.
  7. Т. 29. Чаган — Экс-ле-Бен. — М. : Советская энциклопедия, 1978. — 640 с. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)