Звычайны канюк (Buteo buteo) — птушка з сямейства Ястрабіныя (Accipitridae). Звычайны канюк з'яўляецца самай распаўсюджанай птушкай з атраду сокалападобных у Цэнтральнай Еўропе.
Звычайны канюк вельмі лёгка прыстасоўваецца да асяроддзя: без цяжкасцей адаптуецца да новых жыццёвых арэалаў і хутка змяняе свае харчавальныя звычкі. Сустракаецца на працягу круглага году практычна ва ўсіх геаграфічных ландшафтах: ад раўнін да гарыстай мясцовасці і ад урэдзь заселеных мясцін да ўскраін буйных гарадоў.
Распазнаць звычайнага канюка ў небе няцяжка па характэрнаму лунальнаму палёту, шырокіх закругленых крылах і адносна кароткаму круглаватаму хвасту. Афарбоўка пер'я птушкі дастаткова пераменная: ад амаль што цалкам у белы колер афарбаваных асобін да цёмна-бурых экзэмпляраў. Пры гэтым не назіраецца ніякая залежнасць паміж геаграфічнымі варыяцыямі і афарбоўкай птушкі. Гэтая адметная рыса асабліва яскрава адлюстраваная ў французскім варыянце назвы птушкі — Buse variable (канюк пераменны). Варыятыўны характар афарбоўкі пер'я звычайнага канюка выклікае падчас цяжкасці ў адназначнай класіфікацыі птушкі, асабліва для назіральніка без вопыту. Распазнаць птушку можна таксама па характэрным далёка ў асяроддзі чутным крыку канюка, які чымсьці нагадвае гук «хьее» альбо «кііі».
Гнёзды звычайныя канюкі ўюць амаль што заўсёды ў лесе і палююць на адкрытых тэрыторыях, напрыклад, палях. У спектрум здабычы звычайнага канюка ўваходзяць дробныя млекакормчыя: пераважна палявыя мышы; харчуецца таксама маладымі птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, казюлькамі ды чарвякамі і нават здыхлінай. На ахвяру кідаецца з сідзячага становішча і дастаткова рэдка з нізкага шукальнага палёту.
У сакавіку альбо сярэдзіне красавікасамка кладзе 2-4 яйкі, наседжвае патомства без выключэнняў толькі самка, працягласць наседжвання складае 33-35 сутак, птушаняты пачынаюць пакідаць гнёзды праз 40-50 дзён з моманту кладкі яек.
Колькасць папуляцыі звычайнага канюка як правіла залежыць ад колькасных паказчыкаў папуляцыі палявых мышэй адпаведнага жыццёвага арэалу. Пры невялікай колькасці палявых мышэй значна павялічваецца квота птушак, якія не адкладваюць яйкі і не наседжваюць патомства.
Узрост птушкі можа дасягаць дваццаці год, у няволі звычайны канюк дасягае нават значна большага ўзросту. Звычайная даўжыня цела дарослай птушкі — 51-57 сантыметраў, размах крылаў — ад 110 да 130 сантыметраў. Вялікімі групамі птушкі збіраюцца толькі ў час пералёту на зімнія кватэры. Па знешнім выглядзе звычайнага канюка дастаткова лёгка пераблытаць з касматаногім канюком (Buteo lagopus).