Перайсці да зместу

Кахарынган

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кахарынган (індан.: Kaharingan) — монатэістычная рэлігія даякаў, распаўсюджаная пераважна ў Цэнтральным і Паўднёвым Калімантане.

Ускосны ўплыў на ўзнікненне кахарынган аказалі хрысціянскія місіянеры, якія дзейнічалі сярод даякаў з 1835 г. У першай палове XX ст. з ліку тых, хто скончыў місіянерскія школы, узнікла група палітыкаў, што імкнулася адстойваць нацыянальныя інтарэсы даякаў. Кахарынган была упершыню прадстаўлена імі як нацыянальная рэлігія даякаў падчас II Сусветнай вайны, калі Калімантан быў акупаваны японскімі войскамі. Пасля вайны яна не прызнавалася з боку галандскіх каланіяльных, а потым і інданезійскіх уладаў. Тым не меней, колькасць вернікаў паступова пашыралася. У 1971 г. была складзена і ў 1973 г. апублікавана свяшчэнная кніга «Панатуран».

У 1980 г. улады Інданезіі прызналі кахарынган, але не як самастойнае веравучэнне, а частку індуізму, паколькі ўзаконенымі лічыліся толькі іслам, пратэстантызм, каталіцызм, будызм і індуізм. Дзякуючы прызнанню вернікі атрымалі магчымасць будаваць месцы шанавання і рытуалаў, займацца місіянерскай дзейнасцю. Тым не меней, прыхільнікі кахарынган перыядычна скардзяцца на дыскрымінацыю.

Слова кахарынган можа быць перакладзена з моў барыта як «жыццё». Асновы веравучэння выкладзены ў свяшчэннай кнізе «Панатуран», малітоўным зборніку «Талата Басара», рытуальных зборніках «Таур» і «Кандаю». Кахарынган прызнае мноства прыродных духаў, мясцовых багоў, культ продкаў, але вярхоўным бажаством, якое ўшаноўваецца вернікамі, лічыцца Раньінг Хатала Лангіт, або сувара (літаральна «усемагутны»). Бажаство можа называцца іншымі імёнамі ў залежнасці ад роднай мовы вернікаў. Яно разглядаецца як тое, што існавала да пачатку ўсяго і складае аснову жыцця. Вярхоўнае бажаство рэгулюе лёс чалавека, ахоўвае рыс, вёскі і лясы. Сімвалам кахарынган з'яўляецца выява дрэва жыцця Батанг Гарынг.

Асноўныя 5 пастулатаў кахарынган:

  • Усемагутны Бог ёсць пачатак усяго
  • Бог жыве на небе
  • Зямля — святое месца для жыцця чалавека
  • Вада — ачышчальны сродак
  • Існаванне мае часовы характар

Рытуалы і малітвы разглядаюцца ў кахарынган як аснова шанавання Раньінг Хатала Лангіт, мажлівасць змяняць яго адносіны да сябе ў лепшы бок. Месцамі арганізацыі рытуалаў з'яўляюцца храмы балай басарах. У іх адбываецца збор вернікаў, арганізуецца адукацыя іх дзяцей. Святарамі часцей за ўсё выступаюць мясцовыя старасты і правадыры. Існуе пасада вярхоўнага святара пангкаліма.

Рытуалы кахарынган могуць адрознівацца ў залежнасці ад племені і яго традыцый. Аднак усе вернікі падтрымліваюць рытуалы перапахавання продкаў тывах і ахвярапрынашэнняў. Супольныя святы суправаджаюцца свяшчэннымі песнямі карунгут і танцамі нганджан.