Перайсці да зместу

Калімантан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Калімантан (Барнеа)
індан. Kalimantan, малайск. Borneo
Джунглі на Калімантане.
Джунглі на Калімантане.
Характарыстыкі
Плошча
  • 748 168 км²
Насельніцтва
  • 18 590 000 чал. (2009)
Размяшчэнне
 пн. ш. 114° у. д.HGЯO
АрхіпелагМалайскі архіпелаг
Краіны
Калімантан (Азія)
Калімантан (Барнеа)
Калімантан (Барнеа)
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Востраў Калімантан (Барнеа).

Каліманта́н (інданез.: Kalimantan) або Барнеа (малайск.: Borneo) — трэці па велічыні востраў у свеце. Знаходзіцца ў цэнтры Малайскага архіпелага, уваходзіць у склад Вялікіх Зондскіх астравоў. Плошча — 743 330 км².

Адзіны востраў, які падзелены адразу паміж трыма дзяржавамі: Інданезіяй, Малайзіяй і Брунеем. Востраў абмываюць Паўднёва-Кітайскае мора, мора Сулу, мора Сулавесі, Яванскае мора, пралівы Макасарскі і Карымата. Плошча з прыбярэжнымі астравамі 746,5 тыс. км². Даўжыня з паўднёвага захаду на паўночны ўсход каля 1100 км. Берагі слаба расчлянёныя, нізінныя, забалочаныя. Бухтаў мала.

Рэльеф вострава пераважна горны. У цэнтральнай частцы і на паўночным усходзе глыбавыя нагор’і (гара Кінабалу, 4101 м) і ўзгоркавыя плато. На ўзбярэжжах поўдня і захаду нізіны. Геалагічную будову Калімантана складаюць на паўночным захадзе старажытная дамезазойская Зондская платформа, на поўдні і ўсходзе кімерыйская і альпійская складкавасці. Горы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышталічных сланцаў, нізіны — з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю, жалезнай і поліметалічных руд.

Клімат экватарыяльны. Тэмпература на раўнінах 25—27 °C. Ападкаў 2000—3500 мм, у гарах да 5000 мм за год. Рэкі кароткія, паўнаводныя (найбольшыя Капуас, Барыта, Махакам), у верхняй частцы парожыстыя, з вялікімі запасамі гідраэнергіі, у ніжняй — суднаходныя.

Значная частка вострава занятая экватарыяльнымі лясамі (гілеямі) да вышыні 1200—1500 м. Сярод лясной расліннасці пераважаюць дыптэракарпавыя, фікусы, пальмы, дрэвападобныя папараці, бамбук. Шмат ліян і эпіфітаў. Вышэй 1500 м — субтрапічная і барэальная флора. Уздоўж узбярэжжаў мангравыя зараснікі. Сярод фаўны трапляюцца чалавекападобныя (арангутангі) і іншыя малпы, сланы, насарогі, тапіры, дзікі, птушкі, паўзуны і земнаводныя.

Насельніцтва каля 10 млн чал. Вырошчваюць рыс, каўчуканосы, алейныя пальмы. Буйныя гарады: Пантыянак, Банджармасін (Інданезія), Кучынг (Малайзія), Бандар-Серы-Бегаван (Бруней).

  • Лаўрыновіч М. Калімантан // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • Gudgeon, L. W. W. 1913. British North Borneo. Adam and Charles Black, London. (An early well-illustrated book on «British North Borneo», now known as Sabah.)