Ліпнякі (археалагічны комплекс)
Гарадзішча | |
Ліпнякі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Вёска | Ліпнякі |
Ліпнякі — археалагічны помнік — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур і ранняга сярэдневякоўя за 1 км на паўночны захад ад вёскі Ліпнякі (Лоеўскі раён, Гомельская вобласць, Беларусь), на пагорку каля ракі Брагінка.
Пляцоўка прамавугольная з закругленымі вугламі, памерамі 60х70 м, была ўмацавана валам вышынёй каля 2 м, шырынёй да 15 м (разбураны ў 1973 годзе пры правядзенні меліярацыйных работ). Выявіў у 1929 годзе І. Х. Юшчанка, абследавалі ў 1955 годзе В. М. Мельнікоўская, у 1957 годзе Л. Д. Побаль, даследавалі ў 1976 годзе М. Ф. Гурын (900 м²), у 1977 годзе М. І. Лашанкоў (200 м²).
Культурны пласт да 0,6 м. Выяўлена 57 ям гаспадарчага прызначэння, разнастайных форм і памераў, адна з іх нагадвае рэшткі паўзямлянкавага жытла памерамі 5х2,8 м, заглыбленага ў мацярык на 0,2—0,3 м. Знойдзены фрагмент ляпной пасудзіны, частка якой арнаментавана па шыйцы, плечуку і тулаве ўцісканнямі пазногця або пастаўленай пад вуглом папачкі. Сярод прылад працы крамянёвыя нажы, скобля, пракрутка, рэтушор, жалезны наканечнік кап’я, фрагменты 2 нажоў, скоблі, спражка, бронзавыя фрагменты тыгля, бранзалета. Асобную групу знаходак складаюць гліняныя прасліцы біканічнай, шарападобнай і посудападобнай формы, частка з іх арнаментавана кропкавымі ўцісканнямі, рыскамі, лініямі. У паўзямлянцы выяўлены 2 ляпныя гаршчкі, падпраўленыя на ганчарным крузе, якія адносяцца да сярэдневякоўя. Магчыма, гарадзішча выконвала функцыю сховішча.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гурын, М. Ф. Ліпнякі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — С. 19. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
- Гурын, М. Ф., Лашанкоў, М. І. Гарадзішча Ліпнякі / М. Ф. Гурын, М. І. Лашанкоў // Весці Акадэміі навук Беларусі. — 1984. — № 2. — С.