Гаршчок
Гаршчо́к — гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і іншых.
Вядомы з эпохі неаліту. Напачатку гаршчкі ляпілі, у тым ліку з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчкоў у іх выкарыстанні, формах, памерах у Беларусі замацаваліся ў мясцовых назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш. Форма гаршчка добра прыстасавана для хуткага і раўнамернага награвання ў напаленай печы: круглы з пукатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусцем, абкружаным венцам. Выраблялі з фармовачнай масы павышанай вогнетрываласці з дамешкам жарствы, пяску, а пасля абпальвання гартавалі ў абвары. Дэкор стрыманы альбо зусім адсутнічаў. Аздаблялі звычайна глянцаваным і прачэрчаным па сырой паверхні геаметрычным арнаментам. 2 ці 3 замацаваныя ручкай гаршчкі, у якіх бралі ежу на поле, называлі адпаведна спарышамі і траячкамі.
Гаршчок — найбольш семіятызавана рэч хатняга начыння. Антрапамарфізацыя гаршчка праяўляецца як на ўзроўні найменняў (носік, ручка), так і ў фальклорных тэкстах, перадусім у загадках: «Малады Ягор сеў на конь, паехаў у агонь»; «Радзіўся — не хрысціўся, памёр — не праводзіўся», У шматлікіх рытуальных практыках сімвалічна прадстаўляў сабой чалавека — яго галаву і ўлонне — і ў такіх кантэкстах уваходзіў у абрады жыццёвага цыклу: радзіны, вяселле, памінкі. У пахавальнай абраднасці гаршчок выступае як ёмішча душы памерлага, як посуд для вады, што служыць пасярэднікам паміж светамі. У Пінскім раёне за труной неслі ў гаршчку пасвечаную ваду, вадой крапілі магілу, рэшткі там жа вылівалі, а гаршчок, перавярнуўшы дагары дном, ставілі ў голаў магілы. Сувязь гаршчка з душамі продкаў, з печчу і прасторай каля яе, а таксама непасрэднае сутыкненне з агнём тлумачаць суаднясенне яго з дамавіком. Па ўсёй Беларусі вядома павер’е аб перасяленні дамавіка ў новую хату менавіта ў гаршчку з жарам. На ўсходнеславянскай тэрыторыі дзіравы гаршчок уваходзіць у шэраг рэчаў, што выконвалі ў народнай свядомасці ролю абярэга. У рытуальных дзеяннях абыгрываецца пустата посуду, яго патэнцыяльная магчымасць «змяшчаць» у сабе тыя ці іншыя якасці: у гаршчку лічылася магчымым пабачыць чараўніцу, у ім пасля пэўных аперацый можа быць сканцэнтравана персаніфікаваная хвароба, менавіта ў гаршчку знаходзілі прыстанак атмасферныя з'явы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гаршчо́к // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 74. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Гаршчок // Праект «Наша ежа»
- Гаршчо́к // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. — Т. 2: Г — К / [рэдактар А. Я. Баханькоў]. — С. 35. — 765 с.
- Мілючэнкаў С. А. Гаршчо́к // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 145. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.