Маражаара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маражаара
сярэднявечча
Пасудзіна VI - X стст.
Геаграфічны рэгіён Амазонская нізіна
Лакалізацыя Бразілія
Датаванне 3501650
Носьбіты індзейцы
Тып гаспадаркі земляробства, рыбалоўства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Маражаа́ра, або культура Маражо́ (парт.: Marajoara, cultura do Marajó) — археалагічная культура ў Паўднёвай Амерыцы. Існавала каля 350 - 1650 гг. н. э. у ніжняй плыні ракі Амазонка. Росквіт адбыўся ў IX - XIV стст. Атрымала назву па найменню востраву Маражо, дзе была адкрыта.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя знаходкі старажытных керамічных вырабаў на востраве Маражо былі зроблены амерыканскай даследчыцай Б. Мэгерс у 1950-я гг. і 1960-я гг. У сваёй дысертацыі яна ўпершыню ўвяла ў навуковы зварот назву Маражаара. У 1980-я гг. даследаваннямі археалагічнай культуры занялася А. Рузвельт, якая шмат зрабіла для папулярызацыі вынікаў працы археолагаў. У нашы дні раскопкі працягваюцца як на востраве Маражо, так і суседніх астравах. Даследаванне Маражаары стымулявала пошукі ў іншых мясцінах трапічнай зоны Паўднёвая Амерыкі.

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Культура Маражаара развівалася ў вусці ракі Амазонка, пераважна на астравах. Галоўныя даследаванні рабіліся на востраве Маражо. Першыя археолагі, якія сутыкнуліся з керамікай Маражаары ў сярэдзіне XX ст. палічылі, што яе вытворцы былі мігрантамі з вобласці Анд, але ў нашы дні ўсталявалася меркаванне, што яны мелі мясцовае паходжанне.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы (частыя паводкі, бедныя глебы, працяглы спякотны перыяд) асноўным заняткам яе носьбітаў было земляробства. Яны будавалі на натуральных узвышэннях штучныя пагоркі з пляскатай паверхняй, дзе паводкі не маглі загубіць ураджай. Штучна фарміравалася ўрадлівая тэра прэта. Асноўнай культурай была кукуруза. Магчымасць вырошчвання клубневых культур застаецца спрэчнай, некаторымі даследчыкамі нават адвяргаецца. Важным заняткам таксама было рыбалоўства.

Культура Маражаара найбольш вядома сваёй керамікай, якая прадстаўлена пасудзінамі рознай формы і прызначэння, разнастайнымі статуэткамі і прыладамі. Вялікая колькасць знаходак кажа пра то, што грамадства Маражаары мела значную колькасць насельніцтва і сацыяльны падзел. Земляробствам займаліся жанчыны. Мяркуюць, што надзелы і адлік сваяцтва былі матрылакальнымі. Выявы жанчын часцяком маюць рысы шаманаў. Штучныя пагоркі з'яўляліся не проста месцамі для земляробства, а таксама могілкамі і, магчыма, ваеннымі ўмацаваннямі.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Паступовы заняпад культуры Маражаара пачаўся ў XIV ст. Мясцовыя жыхары перасталі ўзводзіць новыя штучныя пагоркі. Прычыны гэтага да канца не высветлены. Найбольш абмяркоўваемая гіпотэза кажа, што гэта магло адбыцца ў выніку прыродных змен або экалагічнага крызіса. Канчатковы заняпад адбыўся ў XVII ст. у выніку кантактаў з партугальцамі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]