Тэра прэта

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тэра прэта, вырабленая ў нашы дні

Тэра прэта (парт.: Terra preta «чорная зямля») — штучныя глебы ў экватарыяльнай і трапічнай зонах Паўднёвай Амерыкі, што адрозніваюцца высокім утрыманнем вугляроду.

Уласцівасці[правіць | правіць зыходнік]

Землі з тэра прэта ўяўляюць сабою астраўкі знутры нізінных раёнаў Амазоніі і суседніх рэгіёнаў у сярэднім каля 20 га, хаця вядомы ўчасткі да 360 га. Лічыцца, што яны разам пакрываюць плошчу ад 6 300 км² да 60 000 км². Сустракаюцца на тэрыторыі Бразіліі, Французскай Гвіяны, Эквадора і Перу.

Тэра прэта — надзвычай урадлівая глеба ў параўнанні з беднымі глебамі лясоў амазонскай сельвы, што вышчалачаны частымі дажджамі і паводкамі. Пры арганізацыі інтэнсіўнага земляробства для яе дастаткова некалькі месяцаў для ўзнаўлення, у той час, як звычайная зямля гэтага рэгіёна патрабуе 8 - 10 гадоў. Вядомы выпадак, калі тэра прэта эксплуатавалася без перапынку і без дадатковага ўнясення ўгнаенняў каля 40 гадоў. Утрымоўвае анамальна высокі працэнт вугляроду, багатая на азот, фосфар, калій, цынк, марганец і кальцый.

Звычайна тэра прэта мае чорны колер, за што атрымала сваю назву. Вылучаюць таксама навакольна блізкія бурыя глебы тэра мулата (парт.: Terra mulata).

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Тэра прэта ўзгадвалася ў навуковых працах з 1870 г. Першапачаткова лічылася, што яна з'яўляецца тыповай для Амазоніі, але пазнейшыя апісанні паказалі перавагу неурадлівых вышчалачаных глеб. У 1941 - 1974 гг. геолагі тлумачылі існаванне тэра прэта адкладамі попелу андскіх вулканаў або захаваннем асадкаў старажытных трацічных азёр. У 1980 г. быў апублікаваны артыкул, у якім выказвалася думка, што тэра прэта мае антрапагеннае паходжанне. Адным з важных доказаў гэтага былі знаходкі керамікі ў тоўшчы чорнай глебы.

Мяркуецца, што тэра прэта ўзнікла ў раёнах распаўсюджання ручнога земляробства ў перыяд паміж 450 г. да н. э. і 950 г. н. э. Яна фарміравалася ў выніку шматвяковага кампаставання раслінных, жывёльных і чалавечых рэчываў, накшталт неядомых частак культурных раслін, з'едак, побытавага смецця, костак, панцыраў чарапах, фекалій і г. д. Вызначальную ролю ў фарміраванні адыгралі ўкрапванні драўнянага вугля. Дзякуючы яму тэра прэта мае высокае ўтрыманне вугляроду (прыкладна 150 г на 1 кг глебы).

Сітаваты вугаль затрымлівае хуткае вышчалачванне, садзейнічае развіццю карысных мікраарганізмаў і жывёл, што перапрацоўваюць арганічныя рэшткі ва ўрадлівую глебу. У адрозненні ад пазнейшых сялян, якія практыкавалі выпальванне новых участкаў лясоў да стану попелу, старажытныя земляробы аддавалі перавагу вытворчасці вугля ў ровах і ямінах. Вугаль раскладаецца вельмі павольна і працягвае доўгі час ўплываць на працэс глебаўтварэння.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым лічылася, што вельмі вільготныя нізіны экватарыяльнай і трапічнай зон Паўднёвай Амерыкі былі неспрыяльнымі для развіцця земляробства, высокай шчыльнасці насельніцтва і ўзнікнення цывілізацыі. Гісторыкі і археолагі з сумнівам успрымалі сведчанні канкістадораў і вандроўнікаў XVI - XVII стст. пра існаванне ў Амазоніі і Гвіяне гарадоў і шчыльна населеных раёнаў. Адкрыццё штучнага паходжання тэра прэта паказвае памылковасць гэтага меркавання.

Сучасныя даследчыкі высоўваюць думку, што земляробчыя культуры нізін Паўднёвай Амерыкі спынілі існаванне ў выніку эпідэмій, якія пачаліся сярод індзейцаў з-за хвароб, выпадкова завезеных еўрапейцамі пасля адкрыццяў Х. Калумба. Выжылыя не ўзнаўлялі апрацоўку зямлі з-за малалікасці або нежадання быць падначаленымі каланізатарамі. Буйныя паселішчы, пабудаваныя з драўніны, прыйшлі ў заняпад і хутка зніклі. Дадатковымі доказамі з'яўляюцца існаванне сярод індзейцаў родавай арыстакратыі, нехарактэрнай для збіральнікаў і паляўнічых, знаходкі керамікі, геогліфаў.

Месцы з перавагай тэра прэта з'яўляюцца падказкай для археолгаў, дзе трэба шукаць старажытныя культуры.

Земляробства[правіць | правіць зыходнік]

Даследаванні станоўчага ўздзеяння драўнянага вугля на працэс глебаўтварэння і падвышэння ўрадлівасці можа мець важныя наступствы для далейшага ўстойлівага развіцця земляробства. У перспектыве перапрацоўка рэштак лесанарыхтовак у вугаль і даданне яго ў глебу паспрыяе змяншэнню выкідаў вугляроду ў атмасферу. У краінах Паўднёвай Амерыкі і за яе межамі вядуцца пошукі магчымасцей хуткага стварэння тэра прэта на камерцыйнай аснове для далейшага выкарыстання ў якасці арганічнага ўгнаення.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]