Мікола Асіненка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікола Асіненка
Нараджэнне 1928(1928)
в. Рамелькі, Дзісенскі павет, Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Бацька Арсеній
Жонка Ніна Асіненка
Вядомы як Крывіч

Мікола Асіненка (1928) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), адзін з заснавальнікаў і старшыня Постаўскай групы СБП. Мянушка «Крывіч».[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1928 г. у в. Рамелькі Дзісненскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) ў сялянскай сям'і [2].

Пасля адыходу нямецкіх войскаў у Другую сусветную вайну ў 1944 г. паступіў у педагагічную навучальню ў Паставах, дзе падчас вучобы пісаў патрыятычныя вершы. Быў адным з ініцыятараў утварэння ў навучальні падпольнай арганізацыі «За Беларусь», якая потым улілася ў глыбоцкую групу Саюза беларускіх патрыётаў. На кватэры Ніны Асіненкі (цёзка па прозвішчы), нарачоным якой быў Мікола Асіненка, ў сакавіку 1946 г. адбылася моладзевая вечарына, на якой той урачыста абвясціў пра існаванне арганізацыі. 25 сакавіка 1946 г. удзельнічаў у прыняцці арганізацыяй прысягі на вернасць Беларусі, прымеркаванай да 28-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Прысяга прымалася не адначасова, але групамі па некалькі чалавек.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у давер да сябраў пастаўскай групы раней увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а на дадатак канспірацыя арганізацыі была слабай. Як адзін з заснавальнікаў быў асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да смяротнага пакарання, але ў сувязі з адменай смяротнага пакарання ад 20 траўня 1947 года атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі з 5-гадовым пазбаўленнем праў. На судовым працэсе ў Мінску, каб выратаваць Ніну Асіненка, адмаўляў яе ўдзел у СБП, але тая заявіла, што была ў арганізацыі і хоча раздзяліць з сябрамі іх лёс. Падчас зняволення нейкі час быў шпіталізаваны і знаходзіўся ў Кемераўскай вобласці на адным з медычна-санітарных пунктаў для вязняў.

Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь, але праз пераследы палітычных вязняў пераехаў у Казахстан, а потым ува Узбекістан. Там у Ташкенце з чырвоным дыпломам скончыў Ташкенцкі політэхнічны інстытут. Далей вярнуўся ў Беларусь і працаваў галоўным інжынерам на заводзе будаўнічых матэрыялаў у Чэрыкаве. Пасля смерці жонкі Ніны Асіненкі, якая была знясіленая савецкімі канцлагерамі і заўчасна памерла, накіраваўся з брыгадай будаўнікоў на будаўніцтва БАМ. Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154731.html Біяграфія Міколы Асіненкі
  2. Беларускі Рэзыстанс (часопіс) №1(15)/2014

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 23, 25, 39, 44, 47, 48, 71, 74, 108, 112, 113, 140, 143, 144, 146, 165, 167, 194, 251, 252, 287, 288, 320, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]