Перайсці да зместу

Наперад (газета)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Наперад!»
Галоўная старонка апошняга нумару газеты «Наперад!»
Галоўная старонка апошняга нумару газеты «Наперад!»
Тып штотыднёвая
Галоўны рэдактар Мікалай Сіняўскі
Заснавана 12 снежня 1929
Спыненне публікацый каля 10 кастрычніка 1930 (заменена газетай «Народны звон»)
Мова беларуская
Галоўны офіс {Вільня, Віленская вул. 8-3

«Наперад!» — газета групы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі на тэрыторыях Беларусі ў складзе Міжваеннай Польшчы, удзельнікі якой сталі пазней заснавальнікамі Цэнтрасаюза, пасля чаго была заменена газетай «Народны звон». Выдавалася на беларускай мове ў Вільні (12.12.1929 — каля 10.10.1930).[1]

Пасля разгрому польскімі ўладамі ў пачатку 1927 г. Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і судовага працэсу над яе членамі ў асяроддзі беларускіх грамадскіх дзеячаў Заходняй Беларусі сфарміравалася асобная група, якая лічыла, што ва ўмовах узмацнення ўрадавых рэпрэсій адзінай магчымай тактыкай барацьбы за нацыянальна-культурныя правы беларусаў з'яўляецца кампраміс з уладамі, а менавіта, з санацыйным урадам маршала Пілсудскага. За свае праўрадавыя погляды гэта фупа атрымала назву «беларускай санацыі»[2]. Па прычыне таго, што лідзіруючыя пазіцыі ў групе займалі А. Луцкевіч і Р. Астроўскі, яе таксама нярэдка называлі групай Луцкевіча-Астроўскага.[3]

Заснаванне газеты

[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1929 г. група пачала выдаваць уласную тыднёвую газету (па тагачаснаму азначэнню «часопісь») «Наперад!». У першым рэдакцыйным артыкуле падкрэслівалася, што выданне будзе абапірацца выключна на беларускія інтэлектуальныя сілы і іх матэрыяльную падтрымку.

Рэдакцыя газеты адзначала:

" Мы звярнуліся да цэлага раду беларускіх грамадскіх дзеячоў і культурных работнікаў прыняць чыннае ўчасце ў выдаванні нашае часопісі, дапамагаючы нам і літаратурнымі матэрыяламі і грашыма...[4] "

На заклік рэдакцыі, акрамя А. Луцкевіча і Р. Астроўскага, адгукнуліся члены Віленскай гарадской рады К. Крук, педагогі А. Трэгаса і Я. Шнаркевіч, беларускі дэпутат латвійскага парламента У. Пігулеўскі і інш. Рэдактарам і выдаўцом новай газеты з'яўляўся настаўнік М. Сіняўскі.

Палітыка рэдакцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Палітычны кірунак газеты «Наперад!» быў акрэслены як радыкальны, а ва ўступным артыкуле было змешчана палітычнае крэда, на якое павінен быў абапірацца створаны яе выдаўцамі рух. Газета падкрэслівала, што не будзе служыць ні Маскве, ні Рыму, ні Варшаве, а будзе «няўхільна будзіць беларускія масы да самадзейнасці і самаарганізацыі ва ўсіх галінах грамадскага жыцця»[5]. Дзеля гэтага аўтарамі тыднёвіка актыўна вылучалася ідэя «пазітыўнай працы». Аналіз матэрыялаў газеты «Наперад!» дазваляе вызначыць асноўныя кампаненты гэтай ідэі: ажыццяўленне нацыянальна-культурнай дзейнасці канстытуцьйным шляхам, шырокая праца ў галіне нацыянальнага ўзгадавання, перш за ўсё праз родную школу, антыпартыйнасць, адсутнасць радыкальна-палітычных патрабаванняў, прызнанне таго факту, што беларусы з’яўляюцца часткай польскай грамадзянскай супольнасці і ад гэтага маюць правы на падтрымку свайго нацыянальна-культурнага развіцця з польскіх урадавых фондаў[5][6][7]. У далейшым ідэя «пазітыўнай працы» у той ці іншай ступені чырвонай ніткай праходзіла праз усю дзейнасць групы Луцкевіча-Астроўскага.

Адначасова газета «Наперад!» востра крытыкавала існуючы ў БССР палітычны рэжым, асабліва за згортванне беларусізацыі і правядзенне калектывізацыі ў сельскай мясцовасці[5][8]. Такім чынам група Луцкевіча-Астроўскага імкнулася пазбавіць беларускую інтэлігенцыю «міражоў» адносна савецкай Беларусі, якія склаліся ў часы працы Грамады. Атакам газеты падвяргалася таксама дзейнасць пасольскага клуба «Змаганне» і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД), якую рэдакцыя газеты лічыла неадпаведнай інтарэсам беларускага народа[5][9].

Адносіны з польскім урадам

[правіць | правіць зыходнік]

Разам з гэтым, «Наперад!» на сваіх старонках рабіла некаторыя негатыўныя заўвагі ў адрас палітыкі польскіх уладаў на т. зв. «Крэсах усходніх»[10]. Адзін нумар газеты быў нават канфіскаваны па загадзе гарадскога старасты Вільні за надта радыкальны тон матэрыялаў[11]. Гэта, аднак, не перашкаджала прадстаўнікам БХД і «Змагання» абвінавачваць групу Луцкевіча-Астроўскага ў сувязях з урадавымі коламі, а крытыку ўладаў у выданні лічыць адмысловым тактычным крокам, які павінен быў паказаць нібы радыкальную скіраванасць новаўтворанай групы[12].

Цікавасць уяўляюць матэрыялы газеты, прысвечаныя візіту прэзідэнта Польшчы I. Масціцкага на Віленшчыну ў чэрвені 1930 г. Група Луцкевіча-Астроўскага, адзіная сярод беларускіх палітычных груповак, удзельнічала ва ўрачыстых мерапрыемствах з гэтай нагоды[12]. Рэдакцыя «Наперад!» прысвяціла візіту спецыяльны нумар і ў прывітальным артыкуле зычыла Масціцкаму, каб той рэальнымі справамі «запісаў сваё імя ў гісторыю ў сувязі з рашучым і шчырым паваротам польскай палітыкі ў адносінах да беларускага народа»[13]. У газеце быў таксама надрукаваны «Мемарыял беларускіх культурна-асветніцкіх інстытуцый», які групы падалі ўласна прэзідэнту. У ім было адзначана, што далейшы лёс беларускай справы прыхільнікі Луцкевіча-Астроўскага звязваюць з Польскай дзяржавай, ад якой чакаюць шэрагу захадаў. Так, выказвалася ідэя выдзялення Віленскага, Наваградскага, Палескага і часткі Беластоцкага ваяводстваў у адну адміністратыўную адзінку з наданнем ёй аўтаноміі[14]. Акрамя гэтага, у мемарыяле ўтрымліваліся разгорнутыя патрабаванні ў адукацыйнай, асветніцкай і рэлігійнай сферах[15].

Ліквідацыя газеты

[правіць | правіць зыходнік]

Апошні нумар газеты «Наперад!» выйшаў 3 кастрычніка 1930 г. У ім, акрамя іншага, быў змешчаны пратакол 1-й сесіі Галоўнай Рады Цэнтральнага саюза культурна-асветніцкіх і гаспадарчых арганізацый — новага грамадскага і культурнага аб'яднання, якое стварылі прыхільнікі групы Луцкевіча-Астроўскага[16]. Рыхтуючыся да парламенцкіх выбараў 1930 г., Цэнтральны саюз распачаў выданне новага друкаванага органа пад назвай «Народны звон», які цалкам замяніў газету «Наперад!».

  1. БелСЭ, Т.7, с.398 Говін С. В.
  2. Ладысеў У. Ф. Паміж Усходам і Захадам / П. I. Брыгадзін. — Мінск: БДУ, 2003. — С. 183. — 307 с.
  3. рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.] Гісторыя Беларусі: у 6 т. / А. Вабішчэвіч [і інш.].. — Мінск: Экаперспектыва, 2007. — Т. 5: Беларусь у 1917 — 1945 гг.. — С. 413. — 613 с.
  4. Ад рэдакцыі : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1929. — 12 снежня (№ 1). — С. 1.
  5. а б в г Наперад! : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1929. — 19 снежня (№ 2). — С. 1-2.
  6. Сваімі сіламі : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 6 лютага (№ 6). — С. 1.
  7. Эра. Яшчэ адна - можа апошняя - спроба : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 19 ліпеня (№ 21). — С. 1.
  8. "Калгасы" ў БССР : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 19 лютага (№ 8). — С. 1.
  9. Пара адкрыць карты! : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 25 сакавіка (№ 12). — С. 1—2.
  10. Асадніцтва ня спыняецца! : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 5 сакавіка (№ 10). — С. 1.
  11. Літоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў (ЛЦДА). - Фонд 51. - Воп. 7. - Спр. 1008. Рэдагаванне газетаў "Наперад", "Народны звон", "Беларусісі звон".
  12. а б Wappa, E. №1 // Okoliczności powstania Centralnego Związku Białoruskich Organizacji i Instytucji Kulturalno-Oświatowych ("Centrasajuzu") i jego udział w wyborach 1930 r.. — Białoruskie Zeszyty Historyczne, 1994. — С. 67.
  13. Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za II i III kwartał 1930 r. – Warszawa: Wydział narodowościowy, 1930. – С. 59.
  14. Ладысеў У. Ф. Паміж Усходам і Захадам / П. I. Брыгадзін. — Мінск: БДУ, 2003. — С. 184. — 307 с.
  15. Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za II i III kwartał 1930 r. – Warszawa: Wydział narodowościowy, 1930. – С. 60.
  16. 1-ая сэсія Галоўнай Рады Беларускага "Цэнграсаюзу" : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 3 кастрычніка (№ 27). — С. 1—3.