Перайсці да зместу

Палятуха звычайная

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палятуха звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pteromys volans Linnaeus, 1785

Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  632525
NCBI  55152
EOL  1178636

Палятуха звычайная (Pteromys volans) — грызун з падсямейства палятухавых.

Знешне палятуха падобна да вавёркі, але амаль у 2 разы меншая. Даўжыня цела 14-17 см, маса 100—120 г. Галава невялікая з кароткімі вушамі, якія ў адрозненне ад вавёркі пазбаўлены кутасікаў. Вочы вялікія, пукатыя, чорныя. Хвост пушысты. Пярэднія чатырохпальцыя канечнасці крыху карацейшыя за пяціпальцыя заднія. Кіпцюры кароткія загнутыя, вельмі ўчэпістыя. Па баках цела паміж заднімі і пярэднімі канечнасцямі знаходзіцца пакрытая поўсцю скураная складка, пры дапамозе якой звярок планіруе з дрэва на дрэва. Футра густое, мяккае, шаўкавістае; зімой зверху серабрыста-шэрае, зрэдку з цёмнай рабізной, летам — буравата-попельна-шэрае

Распаўсюджанне

[правіць | правіць зыходнік]

Насяляе лясную зону Еўразіі ад Карэліі да берагоў Ціхага акіяна: поўнач Еўрапейскай часткі Расіі, Сібір і Далёкі Усход, а таксама Паўночную Манголію, Паўночна-Усходні і Цэнтральны Кітай, востраў Хакайда ў Японіі, але ўсюды малаколькасны від. У Беларусі ў ХІХ ст. траплялася амаль паўсюдна, у 1920-1940-я г. толькі ў Віцебскай і Магілеўскай абласцях; у цяперашні час адзначана толькі ў Лёзненскім раёне.

Месцы пражывання: мяшаныя і лісцевыя лясы з перастойнымі дуплаватымі дрэвамі, ахвотна селіцца ў паплаўных лясах з наяўнасцю вольхі і асіны.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Начны звярок. Селіцца ў дуплах дрэў і старых вавёрчыных гайнах. Шарападобныя гнёзды будуе з сухой травы, лішайнікаў, кары. У вясенне-летні перыяд самка прыносіць часцей адзін прыплод (2-4 дзіцяняці). Гон і спароўванне ў лютым-сакавіку і траўні-чэрвені. Голыя і сляпыя малыя, з добра развітай паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі перапонкай, з’яўляюцца ў сакавіку-красавіку і чэрвені-ліпені. Месяц самка корміць іх малаком. Ва ўзросце 6 тыдняў яны робяцца самастойнымі, але зімуюць разам з самкай. Корміцца лісцем, парасткамі, пупышкамі і насеннем дрэў і кустоў, ягадамі, грыбамі і нават насякомымі, зімой — каташкамі вольхі і бярозы, пупышкамі хваёвых парод. На зіму робіць невялікія запасы корму.

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU) 

Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі (ІІІ катэгорыя аховы), Чырвоны спіс МСАП (LR/nt, ver. 2.3, 1994).