Партызанская мадонна (Мінская)
| ||
Міхаіл Савіцкі | ||
Партызанская мадонна (Мінская). 1978 | ||
Матэрыял | Палатно | |
---|---|---|
Тэхніка | алей | |
Памеры | 207,5 × 142,3 см | |
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск |
Партыза́нская мадо́нна (Мі́нская) — карціна беларускага мастака Міхаіла Савіцкага, напісаная ў 1978 годзе. З'яўляецца часткай збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Памер карціны — 207,5 × 142,3 см[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першую «Партызанскую мадонну» Міхаіл Савіцкі напісаў у канцы 1960-х. Карціна, сюжэтам якой стала не сутычка з ворагам, а трыумф жыцця, увасоблены ў мацярынстве, была прадэманстравана на Усесаюзнай выстаўцы 1967 года[2], дзе мела фантастычны поспех[3]. Як знак прызнання палатно купляе Траццякоўская галерэя. Дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Аладава настойліва ўгаворвае майстра напісаць копію «Мадонны» для Беларусі[2]. У 1978 годзе, калі адна за адной у майстэрні мастака з'яўляюцца карціны антыфашысцкай серыі, Савіцкі стварае другую «Партызанскую мадонну», у назве якой пазначана «Мінская»[3].
З 2006 года нязменна выстаўляецца ў зале беларускага сучаснага мастацтва, размешчанай у новым корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі[2].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Суровы аскетызм жывапісу, выразнасць формаў і класічная выразнасць кампазіцыі ў карціне «Партызанская мадонна (Мінская)» перагукваецца з традыцыямі старажытнага іканапісу[4]. У аснове кампазіцыі ляжыць вядомая карціна эпохі Адраджэння Рафаэля Санці «Сіксцінская мадонна», толькі замест біблейскіх персанажаў мастак малюе простых людзей, сведак чумы XX стагоддзя — фашызму[5].
У сваім творы мастак звяртаецца да вечнага сімвала жыцця — мацярынства[5]. Тут маладая маці прадстае ў вертыкальным фармаце палатна. Яна быццам набліжаецца да гледача. Два позіркі — маці, усхваляванай, і сына, поўнага недзіцячай сур'ёзнасці, — накіраваны на гледача[6]. Кампазіцыйна разгорнуты ў некалькіх прасторавых і часавых планах сюжэт набывае ярка выяўлены сімвалічны змест, у якім выявы маці і немаўля ператвараюцца ў сімвалы чысціні і ўстойлівасці беларускага народа, яго веры ў жыццё[4].
У палатне пераважаюць ўрачыстасць ідэалу і пачуццё наступлення новага[6]. Маштабнасці і выразнасці вобразнага гучання мастак дамагаецца строгасцю архітэктонікі, рытмікі, пластыкі карціны, пераконваючай сілай выраза ідэі абароны жыцця, неспасціжным, прыцягальным абаяннем мадонны. Звязаная з мастацкай культурай мінулага, карціна звернутая ў будучыню[4].
Зноскі
- ↑ Партызанская мадонна (Мінская). Савіцкі Міхал, 1978 г.(недаступная спасылка) Арт Беларусь
- ↑ а б в Гісторыя палатна Міхаіла Савіцкага «Партызанская мадонна»
- ↑ а б ИСТОРИЯ ОДНОЙ КАРТИНЫ — Партызанская мадонна
- ↑ а б в Искусство Беларуси XX — начала XXI в.
- ↑ а б М.Савицкий «Партизанская Мадонна Минская» Архівавана 4 сакавіка 2016. // НММБ
- ↑ а б Міхаіл Савіцкі.