Пептыдная сувязь
Пептыдная сувязь — від аміднай сувязі; узнікае ў выніку ўзаемадзеяння α-амінагрупы (— NH2) адной амінакіслаты з α-карбаксільнай групай (— СООН) іншай амінакіслаты. Такія палімерныя малекулы (поліпептыдныя ланцугі) могуць складацца з соцень амінакіслотных звёнаў, а бялковая малекула — з аднаго ці некалькіх поліпептыдных ланцугоў.
З'яўляецца адзінай кавалентнай сувяззю, з дапамогай якой амінакіслотныя астаткі злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць каркас бялковай малекулы. Мае (на 40 %) характар двайной (спалучанай) сувязі і таму карацей за адзінарную — С — N — сувязь. Часткова спалучаны характар — С — N —сувязі абумоўлівае плоскую канфігурацыю — С(О) — NН — групы (усе 4 атамы знаходзяцца ў адной плоскасці) і існаванне транс- (больш устойлівай) і цыс-форм.
Ферментатыўнае ўтварэнне пептыднай сувязі ў жывых клетках адбываецца ў біясінтэзе бялку.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).