Петрыкаўскае падняцце
Петрыкаўскае падняцце (ад назвы горада Петрыкаў) — тэктанічная структура ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, у межах заходняй частцы Шастовіцкай ступені Прыпяцкага прагіну. Выяўлена ў 1955 годзе па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы, а ў 1970 годзе па падсалявых дэвонскіх адкладах сейсмічнымі даследаваннямі.
Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах падняцце ўяўляе сабой монаклінальны блок, які ўздымаецца на паўночны захад пад вуглом 4—6° і абмежаваны з усіх бакоў разрыўнымі парушэннямі. Мінімальныя адзнакі паверхні фундамента ў галаўной частцы блока -1800 м, падсалявых адкладаў -1300 м. Па паверхні міжсалявых адкладаў Петрыкаўскае падняцце — паўантыклінальная складка субшыротнага распасцірання, якая прымыкае на поўдні да разрыўнога парушэння памерам 4×1,5 км з мінімальнай адзнакай у скляпенні -1200 м і амплітудай 100 м. Па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы выдзяляецца брахіантыкліналь памерам 7×5,5 км з мінімальнай адзнакай у скляпенні -350 м і амплітудай 50 м. Скляпенне яе ссунута адносна галаўной частцы падсалявога блока на 4 км на поўдзень. Пачало фарміравацца падняцце ў варонежска-яўланаўскі час (позні дэвон). Найболш інтэнсіўны рост адбыўся ў лівенскі і задонска-ялецкі час позняга дэвону. Падсалявое падняцце да пачатку лебядзянскага часу ў асноўным было сфарміравана. Пачынаючы з лебядзянскага часу інтэнсіўнасць росту паступова слабее.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Петрыкаўскае падняцце // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.