Даўжыня да 30 см, маса да 150 г. Ад шыракапальцага рака адрозніваецца больш вузкім целам і будовай клюшняў. Цела складаецца з нерасчлянёных галавагрудзей (з 5 парамі хадзільных ног) і падзеленага на 6 сегментаў брушка (з 5 парамі плавальных ножак), укрыта хіцінавым панцырам. Вочы фасетачныя.
Пашыраны ва ўмераных паясах зямнога шара, у т.л. ў рэках Понта-Каспійскага басейна, Карэліі. На Беларусі трапляецца ў прыбярэжнай палосе рэк і азёр з глеістым дном, найбольш шматлікі ў Віцебскай вобл. Праз Беларусь, Літву, Польшчу праходзіць мяжа стыкавання арэалаў шыракапальцага і вузкапальцага ракаў.
Актыўны днём і ўночы. Зімуе ў глыбокіх мясцінах у натуральных сховішчах. Адчувальны да забруджвання вадЫ. Корміцца пераважна воднай расліннасцю і жывёльным кормам (у т. л. трупамі).
Ад шыракапальцага рака адрозніваецца большай рухомасцю, вынослівасцю і пладавітасцю, трапляецца часцей, паступова яго выцясняе.
Полавая спеласць у 3—4 гады. пры даўжыні 10,5—11,5 см. Плоднасць да 300 ікрынак. Малькі вылупліваюцца ў пачатку лета. Пры росце рак некалькі разоў ліняе. Жыве 10—12 гадоў