Рацёнжскі дагавор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рацё́нжскі дагаво́р заключаны 23 мая 1404 года ў Рацёнжы (Куявія) паміж Тэўтонскім Ордэнам, Польшчай і ВКЛ у выніку асабістай сустрэчы вялікага магістра Конрада фон Юнгінгена, караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта.

Да заключэння Рацёнжскага дагавору крыжакі, са спасылкай на невыкананне Вітаўтам умовы Салінскага дагавору 1398 года пра перадачу Ордэну Жмудзі, працягвалі агрэсію супраць ВКЛ, падтрымлівалі Свідрыгайлу як прэтэндэнта на велікакняжацкі сталец. Пры гэтым яны ігнаравалі булу папы Баніфацыя IX ад 9 верасня 1403 года, якая афіцыйна забараняла крыжовыя паходы супраць ВКЛ.

Новае пагадненне паміж Ордэнам і ВКЛ у асноўным паўтарала ўмовы Салінскага дагавора -- ВКЛ прызнавала ўсходнюю частку Жмудзі за Ордэнам; Вітаўт абавязваўся не прымаць да сябе збеглых жамойтаў і дапамагаць Ордэну супраць любых ворагаў, апроч Польшчы; Ордэн мусіў садзейнічаць ВКЛ у здабыцці Смаленска і Ноўгарада. Польшча атрымлівала права выкупу ад Ордэна Добжынскай зямлі за 40 тысяч злотых. Паводле дамовы паміж Ягайлам і Вітаўтам апошняму пажыццёва перадавалася Заходняе Падолле, якім як васал Вітаўта мусіў кіраваць Свідрыгайла. Узамен Вітаўт 20 верасня ў Камянцы прынёс Ягайлу новую васальную прысягу.

Рацёнжскі дагавор заключаны на 10 гадоў, фактычна дзейнічаў да пачатку Вялікай вайны 1409—1411 гадоў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]