Роў Яна і Цэцыліі
Роў Я́на і Цэцы́ліі — эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Размешчаны каля заходняй ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Даўжыня рова складае 700 м, шырыня да 100 м, глыбіня да 10 м, плошча 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэспубліканскага значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геалагічнае агаленне старажытных азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады магутнасцю 3,3 м багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс. гадоў назад. Ахоўны статус нададзены ў 1998 годзе.
На паверхні заходняга схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э. Ажэшка «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Роў Яна і Цэцыліі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).