Рэчыцка-Вішанская зона падняццяў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэ́чыцка-Віша́нская зона падняццяў, Рэчыцкі выступ, Рэчыцкая зона падняццяў — тэктанічная структура ў Акцябрскім, Светлагорскім і Рэчыцкім раёнах, у прыўзнятай частцы Рэчыцка-Шацілкаўскай ступені Прыпяцкага прагіну. Назва паходзіць ад г. Рэчыца і в. Віша ў Светлагорскім раёне.

Распасціранне зоны субшыротнае. Даўжыня больш за 200 км, шырыня 5—10 км. Паверхня фундамента на адзнаках ад -2000 да -4000 м і апускаецца ў паўночным напрамку. Па гэтай паверхні вылучаюцца (з захаду на ўсход) Усходне-Драздоўская, Барысаўская, Вішанская, Мармавіцкая, Давыдаўская, Асташкавіцкая, Рэчыцкая, Васілеўская і іншыя лакальныя структуры, якія ўяўляюць сабою тэктанічныя блокі і паўскляпенні. У разрэзе платформавага чахла зоны ўстаноўлены верхнепратэразойскія (за выключэннем усходняй часткі), дэвонскія (сярэдне- і верхнедэвонскія), ніжне- і сярэднекаменнавугальныя, пермскія, мезазойскія і кайназойскія адклады. Будова Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў па падсалявых і міжсалявых адкладах падобна да будовы паверхні фундамента. У найбольш высокай частцы зоны міжсалявыя адклады амаль знікаюць з разрэзу.

Да зоны прымеркаваны ланцуг саляных падняццяў, у яе межах размешчана большая частка радовішчаў нафты Прыпяцкага прагіну: Асташкавіцкае, Вішанскае, Давыдаўскае, Мармавіцкае, Рэчыцкае, Палескае, Сасноўскае, Цішкаўскае і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]