Рэчыцкія ўмацаванні
Рэчыцкія ўмацаванні — комплекс драўляна-земляных абарончых збудаванняў XII—XVIII ст. у Рэчыцы.
Умацаваны цэнтр старажытнай і сярэдневяковай Рэчыцы займаў звычайнае першабытнаабшчыннае гарадзішча (плошча 0,25 га) авальнай формы, абведзенае валам і аддзеленае ад берагавага плато дугападобным ровам. Даследчыкі мяркуюць, што ўжо ў XIII ст. пасад, які паўкальцом абкружаў умацаваны цэнтр, меў уласную лінію ўмацаванняў.
3 апошняй чвэрці XV ст. і да 1569 года тэрыторыя вакол Рэчыцы была зонай набегаў крымскіх татар. Пасля чарговага набегу ў 1529 годзе дзяржаўца рэчыцкі Сямён Палазовіч прасіў у вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I Старога падтрымкі гораду. У грамаце ад 30 мая 1529 г. вялікі князь адзначыў заслугі Палазовіча і загадаў усе прыбыткі з Рэчыцкай мытніцы, корчмаў мядовых, піўных і вінных накіроўваць на рамонт і будаўніцтва замка. У жніўні 1561 года пры наданні Рэчыцы новага прывілею вялікі князь і кароль Жыгімонт II Аўгуст вызваліў мяшчан «от работ замков украинных», пакінуўшы за імі «замок свой Речицкий и теж острог около места перекопы по давному поспол з волощаны робити». У прывілеі пэўна гаворыцца пра ўмацаванні «места», упамінаецца абавязак мяшчан даваць па 1 чалавекі «сторожей до брам местских». Брамы гэтыя не названы, аднак паводле іншых крыніц гэта Чарнігаўская і Менская брамы.
У выніку ваенных падзей XVI ст., асабліва Лівонскай вайны 1558—1583 гг., Рэчыцкія ўмацаванні, відаць, былі знішчаны. У 1593 г. рэчыцкі староста М. Буйвід мусіў закласці 3 свае сялы з фальваркамі за 1000 коп грошаў і выдаткаваць іх «на поправу замку Его королевской милости Речицы, который моцно опал». Будаўнічыя работы, верагодна, былі праведзены паспяхова, бо на пачатку XVII ст. А. Гваньіні адзначыў наяўнасць у Рэчыцы «замка і места».
Паводле плана сярэдзіны XVII ст., горад меў 3 лініі абароны. Трэцяя — умацаванні замка, якія складаліся з землянога кальцавога вала і 5 вежаў (2 вежы размяшчаліся над Дняпром, 3 — з боку горада). Уезд у Рэчыцу быў паўночнага боку праз прарэз у земляным вале. Да 2-й лініі абароны адносіліся ўмацаванні ўласна «места» -- дугападобны вал, які ўпіраўся канцамі ў бераг Дняпра, з 14 прамавугольнымі ў плане драўлянымі вежамі з прасламі сцен-гародняў. У лініі падковападобнага форбурга стаяла прамавугольная 15-я вежа. Першая лінія абароны складалася з комплексу бастыённай фартыфікацыі, які абкружаў Рэчыцу з поўдня, захада і поўначы. Яна замыкалася ў прыбярэжнай частцы горада лініяй земляных умацаванняў. Мост, які звязваў Рэчыцу з левабярэжным Падняпроўем, адыгрываў важную ролю ў арганізацыі абароны горада, лёгка падымаўся ў выпадку ваеннай небяспекі пры ўездзе ў Рэчыцу, на самым беразе ракі, стаяла яшчэ адна вежа, якая кантралявала доступ у прырэчную частку горада.
Страціўшы ў XVIII ст. сваё стратэгічнае значэнне, Рэчыца ўжо не мела патрэбы ў моцных умацаваннях. Таму ўмацаванні паступова разбураліся і на іх месцы з’явіліся звычайныя гарадскія пабудовы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ткачоў, М. Рэчыцкія ўмацаванні / Міхась Ткачоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 182—183. — ISBN 985-11-0214-8.