Стэфан Дэнісевіч
Стэфан Дэнісевіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Дыяцэзія | Claudiopolis[d] | ||||||
|
|||||||
Дыяцэзія | Магілёўская архідыяцэзія | ||||||
|
|||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп | ||||||
Нараджэнне |
16 чэрвеня 1836 |
||||||
Смерць |
3 снежня 1913 (77 гадоў) |
||||||
Пахаванне |
Стэфан Дэнісевіч, або Стафан (Сцяфан, Сцяпан) Данісевіч (Дзенісевіч, Дзянісевіч) (польск.: Stefan Denisewicz; 16 чэрвеня 1836[1] (паводле іншых звестак 1834[2]), Чарэйская воласць Сенненскага павета Магілёўскай губерні — 3 снежня 1913, Смаленск) — каталіцкі біскуп, тройчы займаў пасаду апостальскага адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям’і (паводле іншых звестак у сям’і вольнаадпушчаных сялян[3]) з Чарэйскай парафіі (паводле іншых звестак з Чэрыкаўскай парафіі[3]) Магілёўскай губерні. У 1856 годзе паступіў у Мінска-Магілёўскую духоўную рымска-каталіцкую семінарыю, пасля сканчэння трох курсаў (1859) як адзін з лепшых пераведзены за скарбовы кошт у Рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбург. Скончыў акадэмію ў 1863 годзе са ступенню магістра тэалогіі, 16 красавіка 1863 года пасвечаны ў капеланы і тры месяцы быў законавучыцелем у Оршы, а пазней у Магілёве. Паводле сведчання ксяндза Францішка Будзькі, на другі год у Магілёве Дэнісевіч востра выступіў супраць казанняў рускай мовай і адмовіўся ад капеланства.[4]
З 1886 года пробашч парафіі ў Смаленску, з 1895 года — кафедральны канонік ў Санкт-Пецярбургу і прэлат магілёўскага капітула[1]. Курыраваў будаўніцтва храма Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Смаленску[5]
Пасля смерці 11 лютага 1903 года архібіскупа-мітрапаліта Баляслава Гераніма Клапатоўскага адміністраваў Магілёўскую мітраполію. 9 лістапада 1903 года новым архібіскупам абраны Ежы Шэмбак, які прызначыў Дэнісевіча сваім памочнікам. Па просьбе Шэмбака Дэнісевічу надалі ганаровае званне апостальскага протанатарыя.
30 ліпеня 1905 года біскуп Шэмбак памёр, Дэнісевіч другім разам выконваў абавязкі адміністратара, што працягнулася амаль тры гады, бо кандыдатуру новага мітрапаліта не ўдавалася ўзгадніць праз грамадска-палітычныя закалоты ў Расіі пасля рэвалюцыі 1905 года. Урэшце, 16 чэрвеня 1908 года новым архібіскупам-мітрапалітам Магілёўскім прызначаны Апалінарый Унукоўскі. Адначасова Дэнісевіч прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі. Біскупская хіратонія адбылася 30 лістапада 1908 года, як і ўсе дапаможныя біскупы Дэнісевіч стаў тытулярным біскупам Клаўдыёпаля[2].
У 1906 годзе выдаў «Elementarz dla dobrych dzietok Katolikoǔ», які з’яўляўся больш упарадкаваным перавыданнем лемантара 1862 г. мінскага маршалка А. Аскеркі[6].
У часе візітацый парафій Магілёўскай архідыяцэзіі прамаўляў казанні па-беларуску.[7][8] Апекаваў выданне беларускіх малітоўнікаў.
Менш чым праз год мітрапаліт Унукоўскі памёр, Дэнісевіч трэцяга разу стаў адміністратарам. 7 красавіка 1910 года новым мітрапалітам абраны Вікенцій Ключынскі. Дэнісевіч працаваў у кансісторыі ў Санкт-Пецярбургу, у 1911 годзе адпраўлены ў адстаўку за залішнюю, на думку ўрада, самастойнасць[1]. Апошнія гады жыцця правёў у Смаленску.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Денисевич // Католическая энциклопедия. — Т. 1. — М.: Издательство францисканцев, 2002. — С. 1593—1594.
- ↑ а б Bishop Stefan Antoni Denisewicz (англ.)(недаступная спасылка). catholic-hierarchy.org. Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2019. Праверана 28-02-2019.
- ↑ а б Гарбінскі 1999.
- ↑ Бачышча 2003.
- ↑ Смоленск. Храм Непорочного Зачатия Пресвятой Девы Марии (руск.). procatholic.ru. Архівавана з першакрыніцы 28-02-2019. Праверана 28-02-2019.
- ↑ Станкевіч, А. З Богам да Беларусі: збор твораў / Адам Станкевіч. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — 1097 с. — С. 416. — ISBN 978-80-866961-13-3.
- ↑ Radwan M. Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892—1926). — Kraków: wydawnictwo «SCJ», 1999. — 270 s. — S. 9, 138.
- ↑ Ś. P. Biskup Stefan Denisewicz // Biełarus. — № 5. — 30.01.1914. — S. 2-3. — S. 2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бачышча Ю. А. Жыццё і дзейнасць адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпана Данісевіча // Весці БДПУ імя М. Танка. — 2003. — № 1. — С. 219—224. Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2017.
- Данісевіч Стафан // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік Ю. Гарбінскі. — Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — ISBN 985-6318-65-3.
- РГИА, ф. 821, воп. 126, спр. 963; ф. 820, воп. 3, спр. 224;
- ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
- Directorium… Mohiloviensi;
- Stankievič A., 1939;
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Денисевич // Католическая энциклопедия. — Т. 1. — М.: Издательство францисканцев, 2002. — С. 1593—1594.
- Туронак Ю. З пачыну пралата Сьцяфана Данісевіча // Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: 2008. — С. 450—456.