Сэру Эпеніса Такамбау
Сэру Эпінісу Такамбау | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Seru Epenisa Cakobau | |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1815 |
||||||
Смерць |
1883 |
||||||
Бацька | Tanoa Visawaqa[d] | ||||||
Маці | Адзі Савусаву | ||||||
Дзеці | Adi Asenaca Kakua Vuikaba[d][1], Josefa Celua[d][1] і Epeli Nailatikau I[d][1] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сэру Эпінісу Такамбау (фідж.: Seru Epenisa Cakobau; 1815 г. — 1 лютага 1883 г.) — правадыр вострава Мбау, першы і апошні кароль Фіджы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся на востраве Мбау або на адным з суседніх астравоў на ўсход ад Віці-Леву ў сям’і правадыра Таноа Вісавака, які аспрэчваў уладу Рока Туі-Мбау, вярхоўнага правадыра Мбау. У 1832 г. пасля чарговага канфлікта Таноа Вісавака пакінуў Мбау, таму Сэру Эпінісу гадаваўся за межамі радзімы. У 1837 г. ён вярнуўся на Мбау і ўзначаліў змову супраць Туі-Мбау. Пасля забойства вярхоўнага правадыра ўлада апынулася ў руках яго бацькі. Пазней Сэру Эпінісу атрымаў дадатковае імя Такамбау (літаральна «разбуральнік Мбау») і ажаніўся з адной з дачок зрынутага манарха.
У 1852 г. Сэру Эпінісу ўспадкоўваў уладу бацькі. Да таго часу правадыры Мбау ўжо кантралявалі значную частку Фіджы. Іх галоўнымі супернікамі былі вярхоўныя правадыры вострава Авалау і валадары Тонга. Авалау з’яўляўся галоўным і найбольш багатым цэнтрам еўрапейскага гандлю. Танганцы кантралявалі ўсходнія астравы Фіджы. У 1853 г. Такамбау заключыў дамову з валадаром Тонга, якая прадугледжвала дапамогу супраць правадыроў Авалау і іх саюзнікаў, а таксама хрышчэнне самога Сэру Эпінісу. У 1855 г. ён разам з танганцамі атрымаў перамогу. 11 студзеня 1857 г. афіцыйна прыняў хрысціянства і адмовіўся ад канібалізму.
У 1855 г. Сэру Эпінісу сутыкнуўся з ціскам ЗША, якія даслалі да берагоў Фіджы ваенны карабель і запатрабавалі 38 531 долараў у якасці кампенсацыі згуб амерыканскіх грамадзян. Такамбау спадзяваўся выйграць час і прызнаў частку свайго абавязка ў 5 000 долараў. У 1858 г. ЗША паўтарылі акцыю. Такамбау звярнуўся да брытанскага консула з прапановай перадаць значную частку сваёй тэрыторыі ў абмен на падтрымку і выплату абавязка. Аднак пасля наведвання Фіджы спецыяльнай брытанскай камісіяй яму было адмоўлена, паколькі чальцы камісіі палічылі, што Сэру Эпінісу не з’яўляецца паўнавартым манархам.
У 1865 г. па ініцыятыве брытанскіх гандляроў была створана канфедэрацыя правадыроў тавата. Такамбау абвяшчаўся вярхоўным правадыром, што дазволіла яму перадаць частку земляў прыватным уласнікам і такім чынам разлічыцца з ЗША. У 1871 г. пасля адмовы танганскага стаўленніка Ма’афу ад улады па ініцыятыве брытанцаў Сэру Эпінісу быў афіцыйна прызнаны каралём Фіджы, хаця яго ўлада абмяжоўвалася іншымі правадырамі. Аднак новы ўрад апынуўся эканамічна недзеяздольным, што прывяло да сацыяльных хваляванняў. 10 кастрычніка 1874 г. Такамбау афіцыйна адрокся ад тытула на карысць брытанскай каралевы Вікторыі.
Ужо ў якасці экс-манарха Такамбау наведаў разам з прадстаўнікамі сваёй сям’і Аўстралію, дзе ў той перыяд знаходзілася брытанская адміністрацыя. Візіт пакінуў у яго вялікае ўражанне. Аднак некалькі яго сыноў заразіліся адзёрным вірусам і прывезлі яго з Аўстраліі на Фіджы. Успыхнула эпідэмія, якая мела катастрафічныя наступствы. У выніку хваробы і паўстанняў загінула трэць фіджыйцаў.
Памёр 1 лютага 1883 г. на Фіджы. Пры жыцці быў двойчы жанаты, меў 11 дзяцей.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Epenisa Seru Cakobau, Ratu
- Solomoni Biumaiono, RATU CAKOBAU A cannibal and a barbarian(недаступная спасылка)
- Cakobau’s Fall And Restorationю 1850 To Kaba (1855) Архівавана 23 кастрычніка 2014.