Перайсці да зместу

Сялянская вуліца (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сялянская вуліца
Магілёў
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Рэгіён Магілёўская вобласць
Горад Магілёў
Раён Ленінскі раён

Сяля́нская вуліца (руск.: Селянская улица) — вуліца ў цэнтральнай частцы Магілёва.

Ледзькаўская вуліца з боку Дняпроўскага праспекта. Пачатак XX ст.
Дняпроўскі праспект, злева пачатак Ледзькаўскай вуліцы. Пачатак XX ст.
1-я Ледзькаўская вуліца на плане Магілёва 1918 года
Вуліца на аэрафотаздымку 1943 года

Гістарычная назва вуліцы — Ледзькаўская[1], па назве прадмесця Ледзькава (Ледзькаўка[2]), якое размяшчалася злева ад дарогі з Магілёва ў Шклоў[3]. З’яўлялался працягам Конназаводскай вуліцы (не існуе, захаваўся адзіны дом, які цяпер знаходзіцца па адрасе вул. Ленінскай, 68А). Перасякала Ледзькаўскі глухі і 2-і Ледзькаўскі завулкі.

У 1912 годзе ў доме па адрасе вул. Ледзькаўская, 15 размяшчаліся Губернская па земскіх і гарадскіх справах прысутнасць і Губернскі камітэт па доглядзе дзяцей асоб, якія загінулі ў вайну з Японіяй. У доме Палубінскага знаходзілася Мясцовае Упраўленне Чырвонага Крыжа[4].

З 1918 года ў доме па адрасе вул. Ледзькаўская, 23 жыла сям’я Юльяна Дрэйзіна. Дом Дрэйзіных прыцягваў магілёўскіх аматараў літаратуры і музыкі[5].

За савецкім часам перайменавана ў Сялянскую (па-руску спачатку мела назву Крестьянская улица, але пасля стала Селянской)[1].

У 1938—1940 гадах у пачатку вуліцы быў пабудаваны пяціпавярховы дом (цяпер па адрасе вул. Першамайская, 42), які перагарадзіў яе ў месцы прымыкання да Першамайскай вуліцы.

Арыентавана з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. У наш час большая частка вуліцы апынулася ўнутры квартала, абмежаванага вуліцамі Першамайскай, Ціміразева, праспектам Міру, страціўшы сваю трасіроўку і большасць забудовы. Захаваўся невялікі адрэзак ад вуліцы Ціміразева да ракі Дубравенкі.

Астатняя вуліца забудавана дамамі сядзібнага тыпу.

Зноскі

  1. а б Улицы Могилева: сто лет назад и сегодня
  2. А. М. Мезенко. Имя внутригородского объекта в истории : Об урбанонимах Беларуси XIV — нач. XX в.. — Минск: Выш. шк., 2003. — 299 с. — ISBN 985-06-0905-2.
  3. Россия. Полное географическое описание нашего отечества.[ru] Т. 9. СПб., 1905.
  4. Памятная книжка Могилёвской губернии на 1912 год.
  5. МОГИЛЕВСКИЕ ЕВРЕИ В КУЛЬТУРЕ И ИСКУССТВЕ Архівавана 5 жніўня 2019.
  6. Музей этнографии
  7. Музей этнографии // Могилёв. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1990. — 472 с. — ISBN 5-85700-028-9.