Перайсці да зместу

Таварыства праваслаўных палякаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Таварыства праваслаўных палякаў — аб’яднанне, якое паўстала ў сярэдзіне 1930-х гг. з ініцыятывы дзяржаўных улад Польшчы як арганізаваны рух «праваслаўных палякаў».

Першае Таварыства праваслаўных палякаў імя Юзафа Пілсудскага было створана ў 1935 годзе ў Беластоку. На наступны год такія таварыствы з’явіліся ў Гродне, Слоніме, Ваўкавыску і Навагрудку.

Прапагандыстамі польскасці сярод мясцовых праваслаўных беларусаў сталі перадусім маладыя святары, выпускінікі тэалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта. Неўзабаве цэнтрам гэтага руху стала Гродна — сядзіба епіскапа Савы (Саветава), які апекаваў таварыства.

1 лютага 1938 годзе, у дзень імянін прэзідэнта Польшчы І. Масціцкага, гродзенскае Таварыства праваслаўных палякаў меркавала далучыцца да Лагера нацыянальнага аб’яднання. Епіскап Сава загадаў падначаленаму яму духавенству навучыцца польскай мове і браць удзел у дзейнасці польскіх палітычных і грамадскіх арганізацый.

Пачаліся працэсы па падрыхтоўцы літургіі на польскай мове. На Гродзеншчыне, Беласточчыне і Віленшчыне былі чынены спробы ўвядзення казанняў на польскай мове і спявання царкоўнымі харамі на заканчэнне літургіі польскіх патрыятычных песень. Такія дзеянні выклікалі пратэсты мясцовых вернікаў.

У лістападзе 1938 года ў епіскапскі сан былі прыведзены два вайсковыя капеланы ў званні палкоўніка, якія лічылі сябе палякамі: Цімафей (Е. Шрэтэр) і Мацвей (К. Сямашка). Яны разам з епіскапам Савам пачалі інтэнсіўную працу на карысць змены культурнага абліччы праваслаўнай царквы ў Польшчы.

Гэтая дзейнасць была спынена ў сувязі з пачаткам ІІ сусветнай вайны.

Зноскі

  • Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — СПб, 2003. — с. 103—104.