Тальсінкі
Тальсінкі (часам таксама Хельлін) — размоўная назва вандровак між Хельсінкі (Фінляндыя) і Талінам (Эстонія) з мэтай танных закупак. Тэрмін упершыню выкарыстаў у 1992 годзе эстонскі пісьменнік Яан Каплінскі, відавочна скампанаваўшы яго з назваў абодвух гарадоў. Аддзялае абедзве сталіцы адлегласць усяго 80 км.
Штолета тысячы турыстаў з Хельсінкі накіроўваюцца ў Талін на адзін дзень, праводзячы ўвесь гэты час у разнастайных універсамах і на рынках, дзе кошты на тавары ніжэйшыя, чым на іх радзіме. Падобныя вандроўкі ладзяць і талінцы, хоць і ў значна меншых маштабах. Іх вабяць не столькі «танны» шопінг, але магчымасць прыдбаць нейкія асаблівыя тавары, што адсутнічаюць у Эстоніі. Да таго ж кошты на некаторыя харчовыя прадукты і вопратку ў Хельсінкі нават ніжэйшыя за талінскія.
Пашырэнню падобнага з'яўлення спрыялі далучэнне Эстоніі да Шэнгенскай зоны ў 2004 годзе, скасаванне памежнага кантролю ў 2007 і, урэшце, пераход Эстоніі на еўра ў 2011.
У перспектыве эстонскія спецыялісты прапануюць злучыць Талін і Хельсінкі чыгункай па дне Фінскага заліва замест цяперашняе паромнай пераправы. У якасці падобнага праекту прыводзіцца прыклад метрапольнай тэрыторыі Капенгагена і Мальмё (Эрэсунскі рэгіён). У дадатак на паўдарозе між Талінам і Хельсінкі прапанавана збудаваць штучны востраў з назвай Тальсінкі, матэрыял на які можа быць узяты з рэштак гранітнага камяню ад будаўніцтва падводнага тунэлю[1]. Аднак гэтая ідэя пакуль не атрымала шырокае падтрымкі.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Эстонцы здаўна жартуюць: «Навошта ехаць у Хельсінкі, калі ўсе фіны і так у Таліне».
- Фіны ж жартоўна называюць Талін «Паўднёвым Хельсінкі».
Зноскі
- ↑ Между Эстонией и Финляндией планируется искусственный остров (руск.). Эканоміка. Delfi (22 кастрычніка 2012).(недаступная спасылка)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Тальсінкі.net(недаступная спасылка) (англ.)
- «Тальсінкі» — метраполь XXI стагоддзя (англ.)