Перайсці да зместу

Тыва (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Рэспубліка Тыва.
Тыва
(Tiwa)
Статуя індзейца-тыва ў Тэхасе
Агульная колькасць 4226 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова тыва
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы това, тэва

Ты́ва (ісп.: Tihua, Tigua, англ.: Tiwa) — культурная група індзейцаў-пуэбла, аб'яднаная агульным паходжаннем. У мінулым размаўлялі на адзінай галіне моў каёва-танаанскай сям'і. Прыкладная колькасць у ЗША (2019 г.) — 4 226 чалавек.

Існуе 2 асноўных падыхода да вылучэння тыва. Па-першае, так называлася частка індзейцаў-пуэбла, з якімі іспанцы ўпершыню сутыкнуліся ў 1541 г. на Рыа-Грандэ на тэрыторыі сучаснага штата Нью-Мексіка. У 1629 г. місіянеры-францысканцы паведамлялі, што тыва займалі 8 пуэбла, іх агульная колькасць складала 6 000 чалавек. У XVII ст. яны актыўна ваявалі супраць апачы. У 1680 г. тыва прынялі ўдзел у паўстанні індзейцаў-пуэбла супраць іспанскіх каланізатараў. Частка паўстанцаў была вымушана перамясціцца на захад сучаснага Тэхаса, дзе іх нашчадкі, а таксама выхадцы з іншых плямён стварылі пуэбла Іслета-дэль-Сур. У нашы дні гэта аўтаномная рэзервацыя, жыхары якой вызначаюць сваю тоеснасць як тыва.

Другі падыход заснаваны на лінгвістычным прынцыпе, калі да тыва далучаюць носьбітаў і іх нашчадкаў асобнай галіны моў, вылучаных мовазнаўцамі знутры каёва-танаанскай сям'і. У такім разе да тыва далучаюць і іншых індзейцаў-пуэбла, што працягваюць насяляць Нью-Мексіка, аднак не абавязкова самі вызначаюць сваю тоеснасць як тыва. Часцей яны карыстаюцца назвай свайго пуэбла ў якасці саманазвы. Прыкладам таму могуць быць насельнікі Таас-Пуэбла. Мовы тыва практычна не ўжываюцца ў нашы дні. У выніку асіміляцыі ў XIXXX стст. адбыўся пераход большасц носьбітаў тыва да іспанскай і англійскай моў.

Падобна іншым індзейцам-пуэбла, тыва здаўна займаліся земляробствам. Найбольш важнымі культурамі з'яўляліся кукуруза і бавоўнік. Пад уплывам еўрапейскіх перасяленцаў узнікла жывёлагадоўля. У нашы дні развіваюцца традыцыйныя рамёствы накшталт вырабу керамікі і драўляных лялек.