Тэрмасфера
Тэрмасфера (ад грэч. Θερμός — «цёплы» і σφαῖρα — «шар», «сфера») — пласт атмасферы, наступны за мезасферай.
Пачынаецца на вышыні 80—90 км і распасціраецца да 800 км. Тэмпература паветра ў тэрмасферы вагаецца на розных узроўнях, хутка і разрыўна ўзрастае і можа вагацца ад 200 К да 2000 К, у залежнасці ад ступені сонечнай актыўнасці. Прычынай з'яўляецца паглынанне ультрафіялетавага выпраменьвання Сонца на вышынях 150—300 км, абумоўленае іанізацыяй атмасфернага кіслароду.
Назіраюцца вялікія сутачныя хістанні тэмпературы: дзённая тэмпература перавышае начную на 200 – 300 К.
Патрэбна мець на ўвазе, што высокія тэмпературы, характэрныя для тэрмасферы, вызначаюцца па вялікай хуткасці палёту малекул і атамаў. Так як паветра тут вельмі разрэджанае і мае нязначную шчыльнасць, то агульнае ўтрыманне цяпла, якое можа ўздзейнічаць на целы, вельмі малое. Касмічныя апараты ў тэрмасферы не награюцца за кошт цеплаабмена з паветрам.
Паколькі паветра ў тэрмасферы моцна іанізавана, то гэтую сферу яшчэ называюць іонасферай.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004. — 185 с.: іл.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Термосфера (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі