Налічваецца больш за 500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах (часцей забруджаных, са стаячай вадой), у глебе, на наземных субстратах. На Беларусі 18 відаў.[1]
Мікраскапічныя аднаклетачныя рухомыя арганізмы з двума жгуцікамі і гладкай абалонкай без вырастаў. Плаваюць свабодна або прымацоўваюцца да водных беспазваночных жывёл. Хларапласты чашападобныя, пласціністыя, зорчатыя, з 1—2 пірэноідамі і вочкам. Бясполае размнажэнне дзяленнем на 2—8 зааспор, палавы працэс — галагамія, ізагамія, гетэрагамія, радзей аагамія.
Выкарыстоўваюць у ачышчальных збудаваннях, культывуюць у лабараторыях для даследаванняў па генетыцы фотасінтэзу, біялогіі развіцця, вызначэння таксічнасці забруджаных вод.