Эртхольмен
Эртхольмен | |
---|---|
дацк. Ertholmene | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 3 |
Найбуйнейшы востраў | Крысціянсё |
Агульная плошча | 0,39 км² |
Найвышэйшы пункт | 22 м |
Насельніцтва | 103 чал. (2012) |
Шчыльнасць насельніцтва | 264,1 чал./км² |
Размяшчэнне | |
55°19′12″ пн. ш. 15°11′16″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Балтыйскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эртхо́льмен (дацк.: Ertholmene) — архіпелаг з трох астравоў у паўднёва-заходняй частцы Балтыйскага мора. Уваходзіць у склад Даніі. Агульная плошча — 0,39 км². Адзіны населены пункт — Крысціянсё. Насельніцтва (2012 г.) — 103 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг Эртхольмен знаходзіцца ў 17,9 км на паўночны ўсход ад вострава Борнхальм і ў 812 км на паўночны захад ад Мінска. Складаецца з трох астравоў:
- Востраў Крысціянсё (22,3 га)
- Востраў Фрэдэрыксё (4 га)
- Востраў Грасхольм (11 га)
Акрамя таго, у склад архіпелага ўваходзіць некалькі бязлюдных скал, якія разам з Грасхольмам утвараюць птушыны запаведнік.
Найвышэйшы пункт — узгорак Мёльбакен — знаходзіцца на востраве Крысціянсё.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У старажытнасці архіпелаг меў назву Kierkeholmen (Царкоўныя астравы), што можа сведчыць пра пасяленне на ім хрысціянскіх манахаў. Аднак ніякіх дакладных звестак пра сталае насельніцтва да XVII ст. няма.
У 1684 г. датчане пабудавалі на астравах крэпасць Крысціянсё. Гэта назва, а таксама назва Фрэдэрыксё паходзяць ад імёнаў дацкіх манархаў. Крэпасць выкарыстоўвалася ў ваенных мэтах, а таксама як турма да 1855 г. Згодна перапісу 1810 г., у ёй месцілася 829 чал.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Эртхольмен з’яўляюцца ў некаторай ступені анамаліяй рэгіянальнага падзелу Даніі. У 1970—2003 гг. архіпелаг уваходзіў у склад муніцыпалітэта Борнхальм. Але ў далейшым выйшаў з яго складу і наогул з сістэмы муніцыпальнага падпарадкавання. Астравы (найчасцей у дакументах значацца як Крысціянсё) афіцыйна з’яўляюцца ўладаннем дацкай дзяржавы і кіруюцца міністэрствам абароны.
Турызм
[правіць | правіць зыходнік]Галоўная галіна эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Сюды ўязджае некалькі дзясяткаў тысяч наведвальнікаў у год. Найчасцей яны прыбываюць на пароме праз суседні востраў Борнхальм або на асабістых яхтах. Турыстаў вабяць добра захаваныя крэпасць, касцёл, а таксама ізаляваны лад жыцця астравіцян.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйная старонка
- Экскурсія Архівавана 29 чэрвеня 2016.