Борнхальм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Борнхальм
дацк. Bornholm
Фота вострава з паветра
Фота вострава з паветра
Характарыстыкі
Плошча588 км²
Насельніцтва41 303 чал.
Шчыльнасць насельніцтва70,24 чал./км²
Размяшчэнне
55°08′ пн. ш. 14°55′ у. д.HGЯO
Краіна
Борнхальм (Данія)
Борнхальм
Борнхальм
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Борнхальм (дацк.: Bornholm — Барнхо́льм, ад старажытнага Burgundaholmr, літаральна «бургундскі востраў») — востраў у паўднёва-заходняй частцы Балтыйскага мора. Утварае муніцыпалітэт у складзе Даніі (раней яго часткай таксама з'яўляліся суседнія астравы Эртхольмен). Галоўны горад і порт — Роне. Насельніцтва (2012 г.) — 41 303 чал.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Востраў знаходзіцца за 135 км на ўсход ад дацкіх берагоў (за 169 км ад Капенгагена). Пры гэтым толькі 100 км аддзяляе Борнхальм ад паўночнага ўзбярэжжа Польшчы і 88 км — ад Германіі. А ўсяго ў 37 км на поўнач ад вострава знаходзіцца ўзбярэжжа Швецыі. Адлегласць паміж крайнімі пунктамі з поўначы на поўдзень складае каля 40 км, а з захаду на ўсход каля 30 км. Даўжыня берагавой лініі 158 км.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі сярэднявечнай крэпасці Хамерсхус

Быў апорным пунктам вікінгаў, затым уваходзіў у склад правінцыі Сконэ. У старажытнарускіх паданнях, як мяркуюць, менавіта гэты востраў называецца Буян. За права валодання востравам доўгі час вялася барацьба паміж архіепіскапствам Лунда і дацкімі каралямі. У 1150 годзе дацкім каралём была пабудавана крэпасць Лілеборг (дацк.: Lilleborg), а праз сто гадоў архібіскупам пабудавана крэпасць Хамерсхус (дацк.: Hammershus). Да 1259 года кантроль над востравам перайшоў да архіепіскапства. У 1525 востраў быў закладзены Любеку (нямецкі горад у складзе Ганзы).

Падчас дацка-швецкай вайны шведы захапілі востраў у 1645 годзе, але ў тым жа годзе вярнулі яго Даніі пасля заключэння міру. У 1658 годзе паводле Раскільскага міру ён быў перададзены Швецыі разам з іншымі тэрыторыямі, а ў 1660 годзе па ўмовах Капенгагенскага міру вернуты Даніі.

У пачатку Другой сусветнай вайны акупіраваны Германіяй, выкарыстоўваўся ў якасці назіральнага паста і станцыі падслухоўвання. 12 мая 1945 заняты савецкімі войскамі, якія знаходзіліся на востраве да 5 красавіка 1946 года.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Архейскія граніты складаюць паўночную частку вострава. На поўдні распаўсюджаныя палеазойскія і мезазойскія пясчанікі, сланцы і вапнякі. Выгляд узбярэжжа ў розных частках вострава істотна змяняецца. Для паўночнага захаду характэрны стромкія і абрывістыя кліфы. Высокія берагавыя схілы тут у выніку дзейнасці марскіх хваль, асабліва падчас штормаў, асыпаліся. Кліфы збудаваныя з цвёрдых горных парод. Але цвёрдасць парод неаднолькавая, таму разбураюцца яны нераўнамерна. Так утварыліся разнастайныя і незвычайныя формы скал. Паўднёвае ўзбярэжжа Борнхальма нізіннае, на многія кіламетры працягнуліся пясчаныя пляжы. Паверхня тут у асноўным плоская, злёгку нахіленая ў бок мора. Матэрыял, з якога збудаваны бераг, моцна перамяшаны — пляж заліваюць марскія хвалі. Пад дзеяннем ветру на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы ўтварыліся пясчаныя ўзгоркі-дзюны. У выніку паступовага выдзіманя пяску наступае перамяшчэнне пясчанай масы. Каб яно не набыло катастрафічнага характару, паверхню стараюцца замацаваць з дапамогай лесанасаджэнняў.

Рэльеф узгорысты (марэнная і водна-ледавіковая раўніна), найбольшая вышыня — 162 м.

Клімат умераны марскі, характарызуецца павышанай атмасфернай вільготнасцю, мяккай зімой і прахладным летам.

Расліннасць: хваёвыя і шыракалістныя лясы (займаюць каля 17 % тэрыторыі), лугі і верасоўнікі.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Важную ролю ў эканоміцы вострава адыгрывае турызм. Сельская гаспадарка: раслінаводства (збожжавыя культуры), жывёлагадоўля (малочныя і свінагадоўчыя фермы), рыбалоўства (селядзец, ласось, траска). Прамысловасць: горная прамысловасць (здабыча граніта), вытворчасць фарфору і іншых ганчарных вырабаў, рыбаперапрацоўка. Частка прадукцыі ідзе на экспарт.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Круглая царква на востраве

На востраве размешчаны 15 цэркваў, 4 з якіх маюць круглую форму (12 стагоддзе). У свой час яны служылі крэпасцямі. Рэшткі замка Хамерсхус (1250) з'яўляюцца гістарычным помнікам. Ёсць таксама рэшткі будынка вікінгаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Борнхальм // БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1996.
  • «Bornholm». Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
  • «Борнхольм». БСЭ. 3-е издание.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]