Адам Ягоравіч Багдановіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Адам Ягоравіч Багдановіч
Дата нараджэння 20 сакавіка (1 красавіка) 1862
Месца нараджэння
Дата смерці 16 красавіка 1940(1940-04-16) (78 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Маці Анэля Фаміна Асьмак[d]
Жонка Марыя Апанасаўна Багдановіч[d]
Дзеці Максім Адамавіч Багдановіч
Род дзейнасці мемуарыст, этнолаг, фалькларыст, гісторык, мовазнавец
Навуковая сфера этнаграфія, фалькларыстыка, гісторыя
Альма-матар
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адам (Адольф) Ягоравіч Багдановіч (20 сакавіка (1 красавіка) 1862 (паводле аўтабіяграфіі 25.3 (6.4)), мяст. Халопенічы, Барысаўскі павет, Мінская губерня, цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці — 16 красавіка 1940, Яраслаўль) — беларускі этнограф, фалькларыст, мемуарыст, гісторык, мовазнавец[1].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Адам і Марыя Багдановічы з сынамі
Марыя Ягораўна Багдановіч з пляменнікамі: (злева направа) Вадзім, Леў, Максім Багдановічы

Нарадзіўся ў Халопенічах у сям’і Юрыя (Ягора) Лук’янавіча Багдановіча і яго жонкі Анэлі, народжанай Асьмак. У маленстве насіў імя Адольф (Адоль, Адолік). Імя Адам ён атрымаў у 16 год, пры аднаўленні дакументаў, бо імя Адольф кансісторыя палічыла непадыходзячым для праваслаўнага хлопчыка. Значны ўдзел у яго выхаванні брала бабка па матычнай лініі, Рузаля Асьмак — варажбітка і таленавітая казачніца, ад якой Багдановіч завучыў многія народныя казкі і на якую пазней часта спасылаўся як на крыніцу сваіх ведаў аб народных павер’ях.

У 1888 годзе настаўнік 1-га гарадскога вучылішча Мінска Адам Ягоравіч Багдановіч ажаніўся з Марыяй Апанасаўнай Мякотай (1869—1896). Яны былі матэрыяльна забяспечаны: Адам зарабляў да 1500 рублёў у год пры гатовай кватэры з ацяпленнем і асвятленнем, якая размяшчалася на Траецкай гары на вуліцы Аляксандраўскай у доме Карказовіча, што ў двары, у другім паверсе, у той час у ім змяшчалася 1-е прыходскае вучылішча і настаўніцкія кватэры, пазней гэта быў дом 25 (цяпер тут участак вуліцы М. Багдановіча насупраць сквера каля Тэатра оперы і балета.

6 (18) сакавіка 1890 года ў сям’і нарадзіўся першынец — Вадзім, а 27 лістапада (9 снежня) 1891 года другі сын — Максім.

З 1892 года А. Багдановіч служыў у Гродзенскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка. Быў карэспандэнтам вядомага фалькларыста Паўла Шэйна. Некаторы час кіраваў публічнай бібліятэкай.

У Гродне сям’я жыла на ўскраіне горада, на Садовай. Тут 14 (26) лістапада 1894 года нарадзіўся трэці сын — Леў, а ў маі 1896 года — дачка Ніна. Неўзабаве пасля родаў дачкі хвароба Марыі Апанасаўны ўзмацнілася і хутка сухоты сталі прычынай яе смерці.

Пасля смерці жонкі Адам Ягоравіч пажыў у Гродна літаральна некалькі тыдняў. У лістападзе 1896 ён быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад. Маці дзецям замяніла цётка па бацьку Марыя Ягораўна Багдановіч, але самая малодшая дачка Ніна не дажыла і да году.

А. Багдановіч у Ніжнім Ноўгарадзе
Партрэт Адама Багдановіча. Мастак Фёдар Панкоў. Яраслаўскі мастацкі музей.
Адам Ягоравіч Багдановіч з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай

У Ніжнім Ноўгарадзе ў А. Багдановіча завязаліся сяброўскія адносіны з М. Горкім, з якім яны неўзабаве парадніліся, ажаніўшыся на сёстрах — Кацярыне (Горкі) і Аляксандры (Багдановіч) Волжыных.

А. Багдановіч узяў шлюб з Аляксандрай у пачатку 1899 года, у канцы таго ж году яна памёрла ад родаў, пакінуўшы яшчэ аднаго сірату — сына Аляксандра, які рос у сям’і М. Горкага і памёр у Крыме ад дызентырыі ў чатырохгадовым узросце.

Аляксандра Апанасаўна Мякота
Павел, Аляксей, Вячаслаў і Мікалай Багдановічы

У 1908 годзе сям’я пераязжае ў Яраслаўль.

Трэцяй жонкай (больш дакладна — яны проста сталі жыць разам) Адама Багдановіча стала сястра яго першай жонкі Аляксандра Апанасаўна Мякота. У гэтым шлюбе нарадзілася яшчэ пяцёра сыноў — Павел, Аляксей, Вячаслаў, Мікалай, Раман.

Памёр у Яраслаўлі ў 1940 годзе

Працоўная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1882 годзе скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы там арганізаваў гурток самаразвіцця і самаадукацыі, пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. У жніўні 1882 года ўступіў у «семінарскую» групу нарадавольцаў Мінска. На працягу 3 гадоў вёў прапагандысцкую работу ў вёсках Ігуменшчыны (цяпер Чэрвеньшчына).

У 1885—1891 гадах загадчык 1-га гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску. З 1886 года выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па этнаграфічнай тэматыцы («Минские губернские ведомости», «Минский листок», «Гродненские губернские ведомости», «Виленский календарь», «Нижегородский листок» і інш.). Уваходзіў у кіраўніцтва мінскай арганізацыі «Народная воля»[1]. Пасля рэзкага пагаршэння здароўя адышоў ад рэвалюцыйнай дзейнасці.

У 1892 годзе пераехаў у Гродна, дзе паступіў на службу ў мясцовае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка[1]. Адначасова быў дырэктарам публічнай бібліятэкі. З 1896 года жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 года ў Яраслаўлі. У 1920—1931 гадах загадчык навуковай бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага музея. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.

У 1932 годзе арыштаваны ДПУ. Правёў у зняволенні 3 тыдні, вызвалены па хадайніцтве Кацярыны Пешкавай. Багдановіч быў сябрам М. Горкага і яго сям’і[1], вёў актыўную перапіску з дзеячамі беларускай і рускай культуры, напісаў успаміны пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна[1].

Рукапісы А. Багдановіча захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры АН БССР[1].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў Адам Багдановіч, у 1998 годзе ўстаноўлены помнік (скульптар У. Лятун, архітэктары С. Малюк, Ю. Казакоў).

Найбольш важныя творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарыс становішча жанчыны ў сялянскім асяродзьдзі беларускага краю, 1886
  • Про панщину: Рассказ из белорусской жизни времён крепостного права, 1894
  • Про женщину
  • Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этнографический очерк, 1895
  • Национальный склад белорусского народа
  • Язык земли: Этнологический очерк
  • Страницы из жизни Максима Горького
  • Богданович, А. Е. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича / А. Е. Богданович. — Минск : Наука и техника, 1965. — 29 с.
  • Мои воспоминания

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е Богданович Адам (Адольф) Егорович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 63. — 737 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964
  • Пширков, Ю. С. А. Е. Богданович / Ю. С. Пширков. — Мінск : Наука и техника, 1966. — 128 с.
  • Шлях паэта / Склад. Н. Б. Ватацы. Мн., 1975
  • Зуборев Л. И. Крик буревестника: Ист.-докум. повесть о М. Горьком и Богдановичах. Мн., 1989; БП, т.1
  • Богданович А. Е. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича // Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. — Мн.: Маст. літ., 1975.
  • Шлях паэта / Склад. Н. Б. Ватацы. Мн., 1975

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]