Альтэрнатыўная служба ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Альтэрнатыўная служба ў Беларусі — аплачваная грамадска карысная дзейнасць для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прыдатныя да тэрміновай службы ва Узброеных сілах, але не могуць яе праходзіць па рэлігійных меркаваннях.

Увядзенне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы[правіць | правіць зыходнік]

Права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу замацавана арт. 57 Канстытуцыі, якая замацоўвае, што «парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы альбо замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам»[1]. Аднак доўгі час гэтая норма заставалася нерэалізаванай з-за адсутнасці нарматыўных актаў, а ўлады рэспублікі іх не прымалі. Напрыклад, у 2004 годзе законапраект «Аб альтэрнатыўнай службе» быў распрацаваны моладзевай арганізацыяй «Грамадзянскі форум» і ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутатам Уладзімірам Навасядам, але быў адхілены парламентам з-за пазіцыі Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў і пярэчанняў Міністэрства абароны, у якіх утрымлівалася асцярога, што калі для альтэрнатыўнай службы будуць створаны больш спрыяльныя ўмовы, чым для тэрміновай ваеннай службы (службы ў рэзерве), «то для асоб, якія не жадаюць яе праходзіць, з’яўляецца нагода ўхіліцца шляхам ўступлення ў рэлігійныя канфесіі пацыфісцкага характару. Тым самым магчыма штучнае стварэнне пагрозы для разбурэння ментальнай асновы грамадства, а такім чынам, для нацыянальнай бяспекі дзяржавы». Толькі ў 2015 годзе быў прыняты закон Аб альтэрнатыўнай службе, які прадугледжваў яе ўвядзенне з 1 ліпеня 2016 года[2].

Падставы і парадак праходжання альтэрнатыўнай службы ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Правам на альтэрнатыўную службу валодаюць грамадзяне, якія заявілі аб тым, што рэлігійныя перакананні перашкаджаюць ім насіць зброю або абслугоўваць узбраенне і ваенную тэхніку. Звярнуцца можна пісьмова ў прызыўную камісію па месцы жыхарства не пазней чым за 10 каляндарных дзён да завяршэння прызыўной кампаніі, але права на службу трэба абгрунтаваць. Тэрмін альтэрнатыўнай службы вызначаны ў 24 месяцы для асоб з вышэйшай адукацыяй і ў 36 месяцаў для астатніх грамадзян. У перыяд праходжання службы альтэрнатыўшчык атрымлівае грашовае забеспячэнне ў памеры 150% найбольшай велічыні пражытачнага мінімуму, якое паступова павышаецца з 13 месяца службы на 20% пражытачнага мінімуму, а з 25-га месяца на 40% пражытачнага мінімуму. Грамадзянін датэрмінова звальняецца з альтэрнатыўнай службы ў выпадку прызнання яго непрыдатным па стане здароўя, пры асуджэнні да пазбаўлення волі або да абмежавання волі з накіраваннем у калонію адкрытага тыпу, а таксама па іншых падставах[2].

На 4 студзеня 2017 года альтэрнатыўную службу праходзілі 13 чалавек[3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі