Антон Яўстаф'евіч Адамовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
А. Адамовіч стаіць 3-ці злева

Антон Яўстаф'евіч АДАМОВІЧ (26 чэрвеня 1909, Мінск — 12 чэрвеня 1998, ЗША; Псеўданімы: Альгердзіч Г., Бірыч В., Забранскі Д., Недасек Н., Склют Р., Юстапчык С.; Крыптанімы: А.Ан.) — беларускі літаратуразнавец, гісторык, публіцыст, празаік, доктар філалогіі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-я пісаў пра творчасць сучасных яму беларускіх літаратараў, у тым ліку манаграфічнае даследаванне пра творчасць М. Гарэцкага. Першая друкаваная праца — рэцэнзія на зборнік В. Маракова «Пялёсткі» («Чырвоны сейбіт», 1926). Уваходзіў у літаб'яднанне «Узвышша»[1]. Скончыў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум (1928), пачаў вучыцца ў БДУ. 25.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (гл.далей: рэпрэсіі ў БССР (19291931)). Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Глазаў, у 1934 пераведзены ў Вятку (Кіраў), дзе працаваў у навучальных установах. Арыштоўваўся зноў 25(?).6.1937Дата?. Вызвалены ў 1938, вярнуўся ў Мінск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе.

У час 2-й сусветнай вайны заставаўся ў Мінску. З ліпеня 1941 — адзін з арганізатараў выдання шэрагу беларускіх газет, часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Мінскай гарадской управе для арганізацыі выпуску газет. Адначасова з'яўляўся галоўным рэдактарам Краявога выдавецтва «Менск», кіраваў Беларускім навуковым таварыствам, працаваў у «Менскай (Беларускай) газэце». Быў членам Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы[2]. У канцы 1943 пераехаў у Германію. Працаваў у газеце «Раніца» (Берлін). У лагеры для перамешчаных асоб выдаваў газету «Ведамкі», «Бацькаўшчына», часопісы «Конадні» і «Сакавік».

Напісаў рэцэнзіі на рукапіс кнігі Н. Арсенневай «Сягоння» (1944), паэму Л. Случаніна «Рагнеда» (1944), зборнік А. Салаўя «Звіняць званы Святой Сафіі» (1947) і інш. Аўтар грунтоўных прадмоў да эмігранцкіх выданняў У. Дубоўкі («Сredo», 1949), Я. КоласаНовая зямля», 1952), У. Жылкі («Творы. Да 20-годдзя ўгодкаў смерці», 1953), А. Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя», 1953), Л. Калюгі («Нядоля Заблоцкіх», 1953), Я. Купалы («Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя», 1953), М. Кавыля («Пад зорамі белымі», 1955), Я. Юхнаўца («Шорах моўкнасці», 1955), М. Сяднёва («Ля ціхай брамы», 1955). Падрыхтаваў шэраг г.зв. угодкавых артыкулаў — «Каб так любілі Беларусь» (Да 15-х угодкаў смерці П. Труса), «Usievalod Ihnatouski» (Да 65-годдзя з дня нараджэння У. Ігнатоўскага), «Паўлюк Трус» (Да 25-х угодкаў смерці і 50-х угодкаў народзінаў), «Дзесятая гадавіна смерці Кузьмы Чорнага», «30-я ўгодкі заснавання „Узвышша“», «Юбілейны год: „Наша доля“, „Наша ніва“» (1956), «Да 40-годдзя савецкае літаратуры» (1956), «З нагоды 30-х угодкаў дзейнасці Рыгора Крушыны» (1957), «Да 40-годдзя Купалавага антыбальшавізму» і «Некатарыя Купалавы балады 1918 г.» (1958), «Пяцьдзесят гадоў беларускага адраджэння» (1959), «На ўгодкі Слуцкае бітвы» (1959) і інш. Надрукаваў шэраг антыбальшавіцкіх рэфератаў, артыкулаў, кніг — «Яны зноў на Беларускай зямлі» (1944), «Арыентацтва — хвароба беларуская» (1944), «Очерки истории большевизма в Белоруссии» (1954), «Саветызацыя беларускай літаратуры» (1955), «Пантэон пісьменнікаў БССР» (1959). У газеце «Бацькаўшчына» апублікаваў манаграфію «Званар Адраджэння — Вацлаў Ластоўскі» (1954). Нацыянальнай ідэяй прасякнуты такія празаічныя творы Антона Адамовіча., як «Афрадыта ОСТ», «Каханы горад» і інш.

З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода». Працягваў пісаць гісторыка-літаратурныя і крытычныя артыкулы: «Алесь Гарун: жыццё і творы» (1961), «Лірнік краіны ветлай (З успамінаў пра Міколу Равенскага)» (1961), «70-годдзе Максіма Гарэцкага» (1963), «Да пытання пра месца Францішака Багушэвіча ў гісторыі беларускай літаратуры» (1964—1965), «Да ўгодкаў Цёткі…» (1966), «Аспекты <…> творчасці Наталлі Арсеневай» (1971), «90 год Купалы й Коласа» (1972), «Успаміны <…> памяці Лявона Савёнка» (1974), «Успаміны пра Уладзіміра Дубоўку» (1976), «Наталля Арсеннева» (1979) і шмат іншых. Антона Адамовіча — аўтар шматлікіх прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі, вывучэнне яго творчай спадчыны (каля 250 прац, у тым ліку на англійскай, нямецкай і рускай мовах) яшчэ наперадзе.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Максім Гарэцкі: (Спробы манаграфіі аб творчасці) // Узвышша. 1928, № 1—6;
  • Большевизм на путях установления контроля над Белоруссией. Мюнхен, 1954;
  • Якуб Колас у супраціве саветызацыі: доследы і матэрыялы. Мюнхен, 1955;
  • Большевизм в революционном движении в Белоруссии: Исследования и материалы. Мюнхен, 1956;
  • Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры. Мюнхен, 1956, (англ. пераклад 1958);
  • Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча) (1981).

Зноскі

  1. Узгадваецца ў ліку сяброў у інфармацыйным дадатку. Ю. Віцьбіч (Стукаліч). Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. У выд. Л. Юрэвіча..
  2. Туронак. Беларуская кніга…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» аб палітычных памылках у літаратурна-публіцыстычнай творчасці // Узвышша. 1930, № 1
  • Куніцкі С. Крытычныя артыкулы Антона Адамовіча як адлюстраванне буржуазнай нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі // Полымя. 1931, № 2|Мальдзіс А. Адамовіч Антон // БП, т. 1
  • Маракоў Л. Антон Адамовіч // Голас Радзімы. 1999, 13—20 мая.
  • Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons