Беларуская народная самапомач
Беларуская народная самапомач (БНС) — нацыянальная арганізацыя, якая дзейнічала ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў Генеральнай акрузе «Беларусь».
Беларуская народная самапомач была створана 13 кастрычніка 1941 паводле загаду генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ.
БНС узначальвалі І. Ермачэнка (22.10.1941 — красавік 1943), В. Іваноўскі (30.6.1943 — лістапад 1943), Ю. Сабалеўскі (лістапад 1943 — 1.2.1944). Кіруючы орган — Цэнтральная рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы.
БНС дзейнічала пад кантролем і кіраўніцтвам нямецкіх акупацыйных улад. Склад цэнтральнай рады зацвярджаў Кубэ, праўленні акруговых, раённых і старшыняў валасных аддзелаў прызначалі адпаведныя гібетскамісары, раённыя і валасныя нямецкія кіраўнікі.
Статут БНС абвяшчаў яе як дабрачынную народную арганізацыю, якая ставіць за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага панавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашырыць і развіць беларускую культуру». БНС займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцей, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй устаноў аховы здароўя, дастаўкай друкаваных выданняў у акругі і паветы (напрыклад, газеты для сялян «Голас вёскі»).
У пачатку 1942 быў праведзены з'езд усіх лекараў Беларусі. На ім было пастаноўлена стварыць беларускую лекарскую прафесійную арганізацыю, адкрыць беларускі медыцынскі ўніверсітэт і арганізаваць матэрыяльную дапамогу мясцовым дактарам у цяжкі ваенны час.
БНС утрымлівала многія шпіталі, праводзіла рассяленне дзяцей у прытулкі, арганізаваныя на базе савецкіх санаторыяў (да 10000 дзяцей).[1]
Сябры БНС удзельнічалі ў гвалтоўным медыцынскім аглядзе для высылання рабочай сілы ў Германію.[2]
З'езд кіраўнікоў БНС (ліпень 1942), у якім удзельнічалі Мужы Даверу, кіраўнікі БНС з акруг і вядучыя бурмістры і кіраўнікі беларускай паліцыі, дамагаўся ўнясення змен у статут БНС і прызнання за ёй права самакіравання. На з'ездзе Цэнтральнай рады і акруговых кіраўнікоў БНС (сакавік 1943) быў выпрацаваны мемарандум, які патрабаваў поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэнне беларускага ўрада і войска. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб'явіць яму вайну, як ворагу беларускага народа». Пры садзейнічанні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. Аднак нямецкая акупацыйная адміністрацыя распараджэннем ад 18.3.1943 абмежавала дзейнасць БНС толькі аховай здароўя і матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. І. Ермачэнка быў зняты з пасады кіраўніка БНС і высланы з Беларусі.
У чэрвені 1943 БНС рэарганізавана ў Беларускую самапомач, дзейнасць якой у адпаведнасці з новым статутам была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. Кіраўніком арганізацыі стаў Юры Сабалеўскі, былы пасол у польскім сейме.
1.3.1944 БНС перададзеная ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
Вядомыя асобы-дзеячы БНС: Ян Станкевіч (намеснік кіраўніка), Вінцэнт Гадлеўскі, Радаслаў Астроўскі, архіепіскап Філафей (Нарко), Вацлаў Іваноўскі, Антон Адамовіч, Уладзіслаў Казлоўскі, Іван Касяк, Юльян Саковіч (сябры Галоўнай Рады), Надзея Абрамава (узначальвала дзіцячы сектар).
Зноскі
- ↑ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.272
- ↑ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.273
