Беніта Пабла Хуа́рэс Гарсі́я (ісп.: Benito Pablo Juárez García; 21 сакавіка1806, Сан-Пабла-Гелатао, Мексіка — 18 ліпеня1872) — мексіканскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, нацыянальны герой Мексікі. Быў вядомы як «мексіканскі Джордж Вашынгтон» — бацька і будаўнік сучаснай Мексікі, які адстаяў незалежнасць краіны і ўкараніў важныя прагрэсіўныя і антыклерыкальныя рэформы.
Паходзіў з сялянскай сям’і індзейцаў-сапатэкаў. Скончыў духоўную семінарыю (1827) і юрыдычную школу (1833) у г. Аахака. У 1847—52 губернатар штата Аахака. Удзельнік амерыкана-мексіканскай вайны (1846—48), апазіцыі (у 1853 высланы з краіны) і рэвалюцыйнай вайны (1854—55) супраць дыктатуры Антоніа Санта-Аны. Пасля яго звяржэння міністр юстыцыі і культаў (1855); ініцыіраваў закон (1855) аб скасаванні фуэрас (прывілеяў духавенства і афіцэраў). Адзін са стваральнікаў дэмакратычнай канстытуцыі (1857). У 1858—б1 кіраўнік ліберальнага ўрада (часовы прэзідэнт краіны), які выдаў антыклерыкальныя законы (1859), перамог кансерватараў і клерыкалаў у грамадзянскай вайне (1858—60). Прэзідэнт Мексікі ў 1861—72 гадах. У перыяд англа-франка-іспанскай інтэрвенцыі (1861—67) кіраваў барацьбой мексіканскіх патрыётаў супраць інтэрвентаў і іх памагатых. Клапаціўся аб захаванні помнікаў культуры даіспанскай Мексікі.