Бібліятэка братоў Каліноўскіх

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка братоў Каліноўскіх — гэта збор кніг беларускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў Віктара Каліноўскага і Канстанціна Каліноўскага.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Бібліятэка братоў Каліноўскіх — каштоўная крыніца для вывучэння іх навуковых інтарэсаў і светапогляду. Сталае фарміраванне бібліятэкі пачалося пасля пераезду Каліноўскіх у Пецярбург у 1856 годзе. Але ж першыя кнігі маглі быць набыты і раней. Віктар Каліноўскі быў заўзятым бібліяфілам. За шэсць гадоў свайго знаходжання ў Пецярбургу з 1856—1862 года ён сабраў унікальную бібліятэку, у якой налічвалася каля сотні кніг і рукапісаў.

Да 1864 года бібліятэка знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу.

Па просьбе польскага гісторыка, дырэктара бібліятэкі Асалінскіх  (руск.) у Львове А. Бялёўскага  (руск.) быў складзены «Каталог» (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг (захоўваецца ў бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве). Частка кніг з аўтографамі В. Каліноўскага выяўлена ў Публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу. Рукапісы са збору Каліноўскіх былі прададзены ў пачатку 180-х гадоў у Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.

Вроцлаўскі «Каталог» — найкаштоўнейшая крыніца для вывучэння біяграфіі Віктара і Кастуся Каліноўскіх. Адразу пры яго прачытанні прыкметна, што ён складзены не спецыялістам, бо не адказвае патрабаванням да апісання кніг, прынятым у бібліяграфіі. Бібліёграф-дылетант якому было даручана скласці вопіс бібліятэкі, проста браў кнігі з паліц, ставіў у каталозе парадкавы нумар, для таго, каб ўлічыць агульную колькасць кніг, паказваў прозвішча аўтара, скарочана, а часам і не зусім дакладна запісваў назву кнігі, і ўказваў яе фармат. Таксама паказвалася колькасць тамоў, калі выданне было шматтомным. Месца і год выдання кнігі не заўсёды таксама пазначалася. «Каталог» складзены без прынятых у бібліяграфіі правілаў, а таксама ён пазбаўлены якой-небудзь сістэматычнасці і логікі.

Бібліятэка налічвала некалькі соцен кніг на шасці мовах, а менавіта, беларускай, рускай, польскай, лацінскай, нямецкай, французскай мовах. Гэта тлумачыцца тым, што бібліятэка В. Каліноўскага была асабістай бібліятэкай, а кнігі, для якой падбіраліся ў асноўным па гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Больш за ўсё літаратуры па гэтых праблемах можна было набыць у той час на польскай ці лацінскай мовах, і ў значна меншай ступені — на іншых мовах, у прыватнасці, рускай. У «Каталозе» пазначана толькі пяць кніг на рускай мове. Іх назвы ўсталяваць пакуль немагчыма, бо ў рукапісах прастаўлены толькі іх парадкавы нумар і збоку насупраць лічбаў запісана адно слова — «рускія».

Кнігі былі па наступных ведах: гісторыі (беларускай, польскай, усеагульнай), філасофіі, бібліяграфіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і іншых краін, творы мастацкай літаратуры. Больш за ўсё ў «Каталозе» было кніг, прысвечаныя разнастайным праблемам гісторыі ВКЛ і Польшчы. Гэта асноўная галіна навуковых інтарэсаў Віктара Каліноўскага і яго брата Канстанціна, у адпаведнасці з якой ішло фарміраванне бібліятэкі.

У «Каталозе» значыцца палемічная літаратура канца XVI — першай паловы XVII ст, выданні соймавых выступленняў дзяржаўных і царкоўных дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія ўніверсалы і інш. У якасці прыкладу можна назваць такія малавядомыя сучаснаму чытачу публікацыі, як «Смерць Паўла Яна Сапегі» С. Тупіка (Вільня, 1667 г.), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі» (б. м., б. г.), «Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага» (б. м., 1973 г.), «Вянок неўміручасці. З нагоды скону Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (Вільня, 1643 г.), «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793 г.), «Гаворка Пінскага пасла Куржанецкіх на сойме 1793 г.»(б.м., б.г.), «Слоўнік старажытнасцяў» Р. Пірамовіча (Полацк, 1807 г.), і інш.

Значная колькасць кніг, якія належалі Каліноўскім, былі выдадзена ў XVI—XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі і Літвы ў друкарнях Вільні, Полацка, Магілёва, Віцебска, Гродна, Оршы і іншых беларускіх гарадоў. Мастацкая літаратура была прадстаўлена творамі ўраджэнцаў Беларусі С. Ягадынскага [1590 (?) — 1644 (?)], Ф. Князьніна (1750—1807 гг.), польскага паэта Ц. Норвіда (1821—1883 гг.). У бібліятэцы быў таксама апублікаваны ў 1642 годзе ў Торуні ўнікальны твор на старабеларускай мове «Жартоўныя трагедыі», які зараз захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Украіны  (руск.) ў Кіеве.

Вялікае значэнне браты Каліноўскія надавалі бібліяграфіі. У «Каталозе» значацца такія фундаментальныя бібліяграфічныя працы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы, як «Бібліяграфічныя кнігі» Яўхіма Лялевеля (Т. 1 — 2. Вільня, 1823—1826 гг.), «Бібліяграфічна-гістарычны нарыс літаратуры і навукі ў Польшчы» А. Ёхера  (руск.) (Т. 1-2. Вільня, 1840—1857 гг.), «Гісторыя польскай літаратуры», прадстаўленая апублікаванымі работамі Ф. Бянткоўскага  (руск.) (Т.1 — 2, Варшава; Вільня, 1814 г.).

Было сабрана таксама нямала рукапісаў (арыгіналаў і копій), што адносіліся да гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Фарміраванне бібліятэкі В. Каліноўскага ў значнай ступені камплектавалася за кошт падарункаў сяброў і знаёмых — навукоўцаў, кнігалюбаў, выдаўцоў і г.д., з якімі Віктар сутыкаўся на сваім жыццёвым шляху і якім аказваў разнастайную дапамогу. Напрыклад, у бібліятэцы меліся асобныя тамы 8-томнага выдання Збору законаў — «Volumina Legum», якія выйшлі ў пецярбургскай друкарні ўраджэнца Лепельшчыны, выпускніка Мінскай губернскай гімназіі Язафата Агрызка (1826—1890). Яны былі падораны В. Каліноўскаму самім выдаўцом, з якім яго звязвалі повязі асабістай дружбы.

Шэраг выданняў В. Каліноўскі атрымаў ад Адама Кіркора, з якім пазнаёміўся ў Пецярбургу ў канцы 1856 г. падчас прыезду А. Кіркора ў сталіцу па справах Віленскай археалагічнай камісіі. Некалькі кніг падарыў Віктару Каліноўскаму дырэктар Бібліятэкі імя Асалінскіх у Львове А. Бялёўскі, які летам 1857 г. прыязджаў у Пецярбург для працы ў Імператарскай публічнай бібліятэцы і падтрымліваў сяброўскія адносіны з Віктарам Каліноўскім да яго смерці.

Лёс бібліятэкі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • 1. Здабыткі: дакументныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; Склад. Л. Г. Кірухіна, Т. І. Рошчына. -Мінск, 2004. — Вып.6. — 319 с.
  • 2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл.