Вольга Уладзіміраўна Барабаншчыкава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэніс
Вольга Барабаншчыкава
Нарадзілася 2 лістапада 1979(1979-11-02)[1] (44 гады)
Грамадзянства
Рэзідэнцыя Тарасава, Мінская вобласць, Беларусь[2]
Рост 172 см
Вага 60 кг[3]
Прафесійная кар’ера 19942004
Вядучая рука правая
Прызавыя грошы 548 692
Адзіночны разрад
Вынікі (в/п) 201–174[1]
Тытулы 3 ITF
Найвышэйшы рэйтынг 49 (2 сакавіка 1998 года)
Турніры серыі Вялікага шлема
Аўстралія 3-е кола (1998)
Францыя 2-е кола (1999)
Уімблдан 4-е кола (2000)
ЗША 3-е кола (1997)
Парны разрад
Вынікі (в/п) 70–84[1]
Тытулы 4 ITF
Найвышэйшы рэйтынг 81 (19 кастрычніка 1998 года)
Турніры серыі Вялікага шлема
Аўстралія 1-е кола (1998, 2000)
Францыя 1-е кола (1998, 1999)
Уімблдан 2-е кола (1998, 1999)
ЗША 1-е кола (1998)
barabanschikova.com
Апошняе абнаўленне: Завяршыла выступленні

Вольга Уладзіміраўна Барабаншчыкава (нар. 2 лістапада 1979 года, Мінск) — беларуская тэнісістка, спявачка, тэлевядучая і дызайнер адзення. Пераможца 7 турніраў ITF (3 — у адзіночным разрадзе), паўфіналістка Алімпійскіх гульняў 2000 года ў жаночым парным разрадзе, гулец зборнай Беларусі ў Кубку Федэрацыі, пераможца Уімблданскага турніру ў парным разрадзе сярод дзяўчын (1996). Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па пляжным тэнісе (2008).

Спартыўная кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў сям’і Уладзіміра і Таццяны Барабаншчыкавых[4]. Бацька па прафесіі эканаміст, маці — архітэктар. Тэнісную секцыю пачала наведваць у сем гадоў па ініцыятыве маці і некаторы час была першай ракеткай СССР сярод дзяўчын у сваёй узроставай катэгорыі. У 6-м класе на два гады з’ехала ў Бельгію для больш сур’ёзнага развіцця тэніснай кар’еры, пасля гэтага пяць гадоў жыла ў Лондане без бацькоў[5].

У 1994 годзе згуляла свае першыя матчы ў дарослых турнірах ITF. У студзені 1995 года выйграла свой першы турнір ITF у парным разрадзе, а ў кастрычніку таго ж года ў Пуацье (Францыя) — у адзіночным (пачаўшы з кваліфікацыйнага адбору і выйграўшы 8 матчаў запар)[6]. У 1996 годзе, ва ўзросце 17 гадоў, стала пераможцай Уімблданскага турніру ў пары з Амелі Марэсмо (Францыя)[5]. Дэбютавала ў складзе зборнай Беларусі ў Кубку Федэрацыі — асноўным жаночым турніры на ўзроўні нацыянальных зборных — і прынесла ёй ачкі ў сустрэчах з суперніцамі з каманд Вялікабрытаніі, Расіі і Італіі. У тым жа годзе ўпершыню прадстаўляла Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Атланце, але выбыла з барацьбы ў першым коле[6].

У красавіку 1997 года ўпершыню ўвайшла ў сотню мацнейшых тэнісістак свету паводле рэйтынгу WTA. Прабілася ў трэцяе кола Адкрытага чэмпіянату ЗША, абыйграўшы пасеяную пад 13-м нумарам Брэнду Шульц-Макарці, і скончыла сезон на 59-м месцы ў рэйтынгу. На наступны год выйшла ў трэцяе кола Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі і неўзабаве пасля гэтага паднялася ў рэйтынгу на найвышэйшую ў кар’еры 49-ю пазіцыю. У жніўні ў Стамбуле ўпершыню ў кар’еры дасягнула фіналу ў турніры WTA, прайграўшы ў вырашальным сэце на тай-брэйку першай ракетцы турніру Генрыеце Надзьявай; пазней у Токіа на шляху да чвэрцьфіналу перамагла 11-ю ракетку свету Дамінік ван Рост[6]. У складзе зборнай Беларусі прабілася ў II Сусветную групу.

У 1999 годзе ў Браціславе, выступаючы з Ліліяй Остэрла, трапіла ў фінал турніру WTA ў парным разрадзе, згуляла таксама ў паўфінале турніру WTA ў Кноке-Хейст з Эмілі Луа; у адзіночным разрадзе, аднак, рэзультаты пагоршыліся, і за сезон Барабаншчыкава толькі тры разы праходзіла далей за другое кола. У 2000 годзе яна дасягнула свайго найлепшага выніку ў турнірах Вялікага шлема, абыйграўшы на Уімблдане суперніц, пасеяных пад 15-м і 25-м нумарамі і дайшоўшы да чацвёртага кола[6]. Выступаючы на Алімпіядзе ў Сіднеі, заняла ў пары з Наталляй Зверавай чацвёртае месца[7].

Сезон 2001 года скончыўся для беларускай тэнісісткі ў красавіку і рэшту года яна прапусціла праз аперацыю на ахілавым сухажыллі. Па вяртанні на корт займала на пачатку 2002 года 784 месца ў рэйтынгу, гуляла ў асноўным у турнірах ITF, здолеўшы вярнуцца ў топ-200 і заваяваўшы за 2002 і 2003 гады яшчэ тры тытулы ў адзіночным і парным разрадах[6]. Да 2003 года працягвала прадстаўляць зборную Беларусі ў Кубку Федэрацыі, у агульнай складанасці згуляўшы ў 35 матчах (баланс перамог і паражэнняў 17-13 у адзіночным і 16-4 у парным разрядзе).

Апошнім турнірам у прафесійнай кар’еры стаў Кубак Нявы 2004 года. Да яго пачатку ў Барабаншчыкавай пачаліся болі ў плячы, якія ўзмацніліся пасля турніру. Неабходнасць зноў перапыніць выступленні прывяла да рашэння пра завяршэнне выступленняў у прафесійным тэнісе[7].

У далейшым актыўна ўдзельнічала ў спаборніцтвах па пляжным тэнісе. У 2008 годзе ў пары са Зверавай заваявала бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы ў Рычонэ (Італія)[8]. Гэтая ж пара прабілася ў фінал турніру Moscow Beach Tennis Open у 2011 годзе[9] і чвэрцьфінал чэмпіянату свету ў Рыме[10].

Палажэнне ў рэйтынгу на канец года[правіць | правіць зыходнік]

Год 1995 1996 1997 1998 1999 2000 2001 2002 2003 2004
Адзіночны
разрад
260 150 58 49 55 63 74 179 121 144
Парны
разрад
348 289 129 97 115 300 333 221

Фіналы турніраў за кар’еру[правіць | правіць зыходнік]

За межамі корту[правіць | правіць зыходнік]

У дзяцінстве Вольга марыла стаць танцоўшчыцай, потым актрысай, але заняткі прафесійным спортам змусілі яе часова адмовіцца ад гэтых планаў[7]. Пасля таго, як у 1999 годзе галасаваннем у часопісе «Tennis» Барабаншчыкаву прызналі найбольш сексуальнай тэнісісткай свету[11], яна атрымала прапанову паўдзельнічаць у фотасесіі ад часопіса «Playboy». Хоць перамовы прасунуліся даволі далёка, у выніку тэнісістка вырашыла адмовіцца ад прапановы[7].

Кар’еру ў шоу-бізнесе пачала дзякуючы франтмену гурта «Харлі» Яўгену Чалышаву, які ў 2004 годзе запрапанаваў тэнісістцы, чыя кар’ера набліжалася да завяршэння, паспрабаваць сябе на сцэне. У верасні таго ж года была запісана першая песня Барабаншчыкавай «Было ли не было». І гэтая песня, і наступная, «Не поверю», сталі хітамі; з песняй «Не поверю» спявачка заняла 3-е месца ў конкурсе «Песня года Беларусі — 2005: песні адыходзячай зімы», які праводзіўся тэлеканалам АНТ. У 2005 годзе выйшаў першы максі-сінгл Барабаншчыкавай «Не поверю»[5], а ў наступным — дэбютны альбом «Дорога в небо». У 2007 годзе Барабаншчыкава стала лаўрэаткай прэміі «Залатое вуха» ад станцыі «Альфа Радыё»[7]. Яшчэ адзін альбом, «Моя планета», выпушчаны ў 2013 годзе[4].

Адначасова з развіццём музычнай кар’еры працавала ў сродках масавай інфармацыі. З 2005 года была вядучай праграмы «Час спорту» Першага агульнанацыянальнага тэлеканала[5]. Пазней, на пачатку 2013 года, прыняла прапанову «Радио Мир» стаць дыджэем і вядучай хіт-параду[4]; з гэтай радыёстанцыяй працягвала супрацоўнічаць шмат гадоў[12]. Займаецца дызайнам моднага адзення, у 2014 году стварыла брэнд Candy Lady[13], у 2019 годзе перайменаваны ў Loverani[14].

Пасля раманаў з украінскім тэнісістам Андрэем Мядзведзевым і беларускім футбалістам Аляксандрам Глебам некаторы час прымала заляцанні амерыканкі Луэн Разэт. Пазней каля 10 гадоў сустракалася з расійскім менеджарам Аляксеем Селіваненкам, які займаў пасады віцэ-прэзідэнта Федэрацыі тэніса Расіі і дырэктара жаночага турніру «Кубак Крамля»[15]. Вяселле Селіваненка і Барабаншчыкавай адбылося ў чэрвені 2016 года[11]. У 2018 годзе ў сужэнцаў нарадзілася дачка Аэліта[12].

Зноскі

  1. а б в г WTA website
  2. Екатерина Тумашик. Ольга Барабанщикова: «Мне бы еще 5 соток — и фантазию было бы не остановить!». Хозяин (12 кастрычніка 2016). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2021. Праверана 23 сакавіка 2021.
  3. Olympedia — 2006.
  4. а б в Николай Мачекин. Ольга Барабанщикова: «Я стану абсолютно счастливой, когда у меня будет несколько карапузиков». Знамя юности (18 кастрычніка 2013). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2014.
  5. а б в г Оксана Мытько. Ольга Барабанщикова: «Я получаю удовольствие от каждого дня». Белтелерадиокомпания (20 ліпеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 5 верасня 2020. Праверана 23 сакавіка 2021.
  6. а б в г д More on Barabanschikova (англ.). WTA. Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2021. Праверана 23 сакавіка 2021.
  7. а б в г д Победа над обстоятельствами. Ольга Барабанщикова. Sports.ru (23 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2010. Праверана 24 сакавіка 2021.
  8. Татьяна Шахнович. Барабанщикова и Зверева отличились на турнире по пляжному теннису(недаступная спасылка). TUT.by (14 жніўня 2008). Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2008. Праверана 23 сакавіка 2021.
  9. Зверева и Барабанщикова сыграли в финале Moscow Beach Tennis Open. ProTennis.by (24 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2021. Праверана 23 сакавіка 2021.
  10. Ольга Барабанщикова: Меня уже не тянет на классический корт. GoTennis.ru (18 ліпеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2017. Праверана 23 сакавіка 2021.
  11. а б Самая сексуальная белорусская теннисистка вышла замуж(недаступная спасылка). Sport.TUT.by (6 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2021. Праверана 23 сакавіка 2021.
  12. а б Ирина Овсепьян. Певица, радиоведущая и дизайнер Ольга Барабанщикова — о том, почему декретный отпуск закончился сразу после рождения дочери. Беларусь сегодня (6 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2020. Праверана 23 сакавіка 2021.
  13. Ольга Барабанщикова представила дебютную линию одежды. Белтелерадиокомпания (17 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2020. Праверана 23 сакавіка 2021.
  14. Эвика Отто. «Candy Lady ассоциировался с пушистыми наручниками». Ольга Барабанщикова отказалась от своего бренда. Комсомольская правда (20 кастрычніка 2019). Праверана 23 сакавіка 2021.(недаступная спасылка)
  15. Любовные истории Ольги Барабанщиковой. Tribuna.com (14 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 5 верасня 2021. Праверана 23 сакавіка 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]