Востраў Армуз
| Армуз جزیره هرمز |
|
| Каардынаты: | |
| Акваторыя | Армузскі праліў |
| Краіна | |
| Плошча | 41,9 км² |
| Насельніцтва | 2 500 чал. |
| Шчыльнасць насельніцтва | 59,666 чал./км² |
Арму́з (перс. جزیره هرمز "Хармо́з") — востраў у Армузскім праліве. Адміністрацыйна ўваходзіць у склад іранскай правінцыі Хармазган. Плошча - 41,9 км²[1].
Змест |
Гісторыя [правіць]
Востраў вядомы з антычных часоў пад назвамі Аргана. У XIII ст. населены выхадцамі з узбярэжнага горада Армуза, разбуранага манголамі. Іх паселішча, а потым увесь востраў атрымалі назву Новы Армуз або проста Армуз. Тут усталявалася мясцовая правячая дынастыя, якая спрыяла развіццю гандлю паміж краінамі Персідскага заліву, з Індыяй, Зондскім архіпелагам і Кітаем.
У перыяд росквіту насельніцтва вострава дасягала 50 тыс. чалавек. Сюды наведваліся Марка Пола, Афанасій Нікіцін, Ібн Батута і іншыя вядомыя вандроўнікі.
У 1507 г. захоплены партугальцамі, якія пабудавалі буйное ўмацаванне Маці Божай Кансепсьёнскай, і кантралявалі з яго дапамогай гандлёвыя сувязі з Персідскім залівам.
У 1622 г. быў захоплены іранскім шахам Абасам I з дапамогай англічан і значна разбураны.
У XVIII - XIX стст. уваходзіў у склад Амана. У 1868 г. зноў далучаны да Ірана.
Прырода [правіць]
Востраў знаходзіцца ў Армузскім праліве на паўночны ўсход ад буйнога вострава Кешм. Складзены пераважна з ападкавых і старажытных вулканічных парод. Берагі пяшчаныя, часткова занятыя скальнымі масівамі. Найвышэйшая кропка - 186 м. Са старажытных часоў на востраве здабываецца охра.
Флора і фаўна бедныя, прадстаўленыя паўпустыннай расліннасцю, змеямі, яшчаркамі, марскімі птушкамі. Глебы месцамі засоленыя. На востраве маецца недахоп пітной вады.
Насельніцтва [правіць]
На востраве стала жыве каля 2,5 тыс. чал. (2007 г.), у асноўным арабы-бандары́ і персы.
Эканоміка [правіць]
Асноўныя заняткі - лоў рыбы і рамесная вытворчасць, у тым ліку будаўніцтва традыцыйных суднаў. Значная частка астравіцян сезонна працуе ў іншых раёнах Ірана і ААЭ. Іншаземны турызм не развіты з-за адсутнасці гасцініц і іншай інфраструктуры.