Індыя

З пляцоўкі Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці
भारत गणराज्य

Рэспубліка Індыя

герб сцяг
герб
сцяг

дэвіз: "Satyameva Jayate"

геаграфічнае месцазнаходжанне
LocationIndia.png
дата ўтварэння
дзяржаўная мова:
сталіца: Нью-Дэлі
прадстаўнік дзяржавы:
кіраўнік дзяржавы: Працібха Паціл
плошча: 3,287,590 км²
насельніцтва: 1,103,371,000 2005
шчыльнасць насельніцтва: 329 жых./км²
грашовая адзінка: Індыйская рупія
часавы пояс:
гімн:
нумарныя знакі аўтамабіляў:
дамен у Інтэрнеце: .in
міжнародны тэлефонны код: +91
карта
Map India.png

РЭСПУБЛІКА ІНДЫЯ, Індыя (хіндзі Бхарат; англ.: India) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі на паўвостраве Індастан, у басейне Індыйскага акіяна. Сёмая краіна свету па плошчы і другая па колькасці насельніцтва. На поўначы тэрыторыя Індыі абмежавана Гімалаямі, на захадзе яе берагі абмываюцца водамі Аравійскага мора, на ўсходзе — Бенгальскага заліва. У склад Індыі ўваходзяць Лакадыўскія і Аміндыўскія астравы ў Аравійскім моры, Андаманскія і Нікабарскія астравы ў Бенгальскім заліве. Тэрыторыя – 3,29 млн. кв. км. Працягласць берагавой лініі перавышае 7 тыс. км, працягласць марскіх граніц — звыш 5,5 тыс. км, сухапутных — каля 15 тыс. км. Індыя гранічыць з Пакістанам і Афганістанам на паўночным захадзе (частка індыйскага штата Джаму і Кашмір, якая прымыкае да Афганістана находзіцца пад кантролем Пакістана), з Кітаем, Бутанам і Непалам на поўначы, з Бангладэш на паўночным усходзе, з М'янмай на ўсходзе; марскія граніцы ў Індыйскім акіяне з Мальдывамі, Шры-Ланкай (аддзеленыя Полкскім пралівам) і Інданезіяй. Афіцыйныя мовы – хіндзі, англійская. Грашовая адзінка – 1 рупія = 100 пайс (39 інд.рупій = 1 долару ЗША (май 2008)). Сталіца – Нью-Дэлі (больш 13 млн. чалавек).

Змест

[правіць] Гісторыя

Індыйскі субкантынент — радзіма адной з самых першых цывілізацый чалавецтва — Індскай; рэгіён вякамі слынны сваім культурным і эканамічным багаццем. Насычанае духоўнае жыццё індыйцаў парадзіла чатыры ўплывовыя рэлігіі — індуізм, будызм, джайнізм і сікхізм, а распаўсюджанне ў першым тысячагоддзі н.э. ісламу, хрысціянства, зараастрызму, бахаізму і іншых рэлігій завяршыла фарміраванне поліканфесійнай карціны індыйскага грамадства. Паступова — з пачатку XVIII стагоддзя — намаганнямі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі захопленая і далучаная ў пачатку XIX стагоддзя ў якасці калоніі да Вялікабрытаніі, Індыя адваёўвае незалежнасць ў 1947.

[правіць] Прырода

[правіць] Будова паверхні

Індыя размешчана ў межах трох буйных араграфічных абласцей: Гімалайскіх гор, Інда-Гангскай раўніны і пласкагор'я Дэкан на п-ве Індастан. Дэкан уяўляе сабой шырокі старажытны масіў сушы, складзены дакембрыйскімі крышталічнымі пародамі, пераважна гнейсами, гранітамі і сланцами. Значная частка паверхні перакрытая вулканічнай лавай, прычым найбольшая магутнасць лававага полага – на паўночным захадзе. Дэкан уваходзіў у склад старажытнага мацерыка Гандваны, які каля 200 млн. гадоў назад распаўся на некалькі блокаў. Паміж Дэканам і Гімалаямі распасціраецца шырокая Інда-Гангская раўніна.

[правіць] Клімат

Клімат Індыі субэкватарыяльны і трапічны, з працяглым перыядам мусон – сезонам дажджоў. Яскрава выяўленыя кантрасты ў размеркаванні цеплыні і вільгаці. У цэлым на клімат краіны вялікі ўплыў аказваюць мусоны. Вышынны фактар абумовіў халодны клімат высокіх гор на поўначы Індыі, тады як на нізкіх схілах гэтых гор і на плато пераважае ўмераны клімат. Курорты Паўночнай Індыі размешчаныя ў вышынным поясе ад 1500 да 2300 м, дзе ўмовы камфортныя на працягу ўсяго года.

У шматлікіх раёнах Індастана сярэднія тэмпературы паветра самога халоднага месяца – студзеня 18–24°C, а летніх месяцаў – 24–29°С. Аднак часта тэмпература днём падвышаецца да 32°С. На паўночных раўнінах, ад Заходняй Бенгаліі да мяжы з Пакістанам, улетку вельмі горача, і сярэднія тэмпературы ў Бенгаліі дасягаюць 29°С; яны паступова павышаюцца па меры руху на паўночны захад і ў траўні ў Дэлі дасягаюць 33°С. Сярэдняя летняя тэмпература ў Амрытсары (шт. Пенджаб) 34°С, у пусыні Тар ад 32°С да 38°С, сярэднія зімовыя тэмпературы там 7–16°С.

Гадавая сума ападкаў вагаецца ад менш чым 100 мм у пусыні Тар да 10770 мм на станцыі Чарапунджы ў гарах Кхасі, адным з самых вільготных месцаў на Зямлі. Цэнтральная Індыя атрымлівае ў сярэднім 650–1300 мм ападкаў у год.

Дажджы ў Індыю прыносіць з боку Індыйскага акіяна летні мусон, які ўзмацняецца ў пачатку чэрвеня на заходнім узбярэжжы і прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня на ўсходнім узбярэжжы – у Бенгаліі. З лістапада па сакавік з боку сушы дзьме сухі паўночна ўсходні мусон. З ім звязаная прахладнае яснае надвор'е.

На аснове ўліку дадзеных аб тэрмічным рэжыме, ападках і вятрах каляндарны год у Індыі можна падзяліць на тры асноўных і два прамежкавых кліматычных сезону. У лістападзе – лютым, калі пануе паночна-ўсходні мусон, прахладна, сонечна і суха. У сакавіку тэмпература паступова павышаецца. З канца сакавіка па чэрвень доўжыцца гарачы сухі сезон. Да канца чэрвеня вільготнасць узрастае, і на раўнінах Індыі надвор'е становіцца невыносна гарачым і дажджлівым. З ліпеня да сярэдзіны верасня трымаецца вільготнае гарачае надвор'е; спякота трохі спадае, калі неба зацягнута аблокамі і льюць праліўныя дажджы, аднак у цэлым паўднёва-заходнія вятры спалучаюцца з высокімі тэмпературамі. Кастрычнік – пераходны час; вільготнасць паветра высокая з-за выпарэння з паверхні палёў, але дажджы спыняюцца.

[правіць] Глебы

Традыцыйна глебы Індыі падзяляюць на 4 тыпы: алювіяльныя на Інда-Гангскай раўніне; рэгуры, або «чорныя бавоўнавыя глебы», на лавах Дэкана; чырвоназёмы на большай частцы тэрыторыі Індастана; латэрытныя глебы на перыферыі паўвострава.

[правіць] Насельніцтва

Шчыльнасць насельніцтва ў Індыі

Насельніцтва — 1,2 млрд. чалавек (ацэнка ААН на 2008), другая па колькасці насельніцтва краіна свету. Імклівы рост насельніцтва ў апошнія паўстагоддзя быў забяспечаны паляпшэннем медыцынскага абслугоўвання і павелічэннем вытворчасці прадуктаў харчавання ў выніку «зялёнай рэвалюцыі». Прырост — каля 1,9% у год. 72% насельніцтва пражывае ў сельскай мясцовасці, але доля гарадскога насельніцтва паступова павялічваецца, пераважна за кошт канцэнтрацыі ў вялікіх гарадах. У 2001 у Індыі было 35 гарадоў з насельніцтвам звыш 1 мільёна чалавек, у 2009 іх стала ўжо 45. Найбуйнейшыя гарады – Мумбаі (Бамбей) – больш 15 млн. чалавек (з прыгарадамі - звыш 21 млн. чалавек), Дэлі - каля 14 млн. чалавек (з прыгарадамі - 16 млн. чалавек), Калькута – больш 5 млн. чалавек (з прыгарадамі - 16 млн. чалавек), Чэнаі (Мадрас) – 4,6 млн. чалавек (з прыгарадамі - звыш 7 млн. чалавек), Бангалор – 5,3 млн. чалавек, Ахмедабад – каля 4 млн. чалавек, Хайдарабад – 3,7 млн. чалавек, Пуна - 3,5 млн. чалавек.

Індыя з'яўляецца найбольш разнастайнай (пасля Афрыканскага кантынента) у культурным, моўным, генетычным плане геаграфічнай еднасцю на планеце. Насельніцтва Індыі належыць да двух моўных сем'яў: інда-арыйскай (каля 74% насельніцтва) і дравідыйскай (каля 24%). Найбольшая колькасць носьбітаў — у хіндзі, афіцыйнай мовы краіны. Англійская мова выкарыстоўваецца ў дзелавых і адміністрацыйных мэтах і мае статус дапаможнай афіцыйнай мовы. Кожны штат і саюзная тэрыторыя маюць уласныя афіцыйныя мовы. Усяго 21 мова мае пэўны статус у Індыі ці яе частках. Насельніцтва гаворыць увогуле на 1652 дыялектах.

Звыш 800 млн. індыйцаў (80,5%) спавядаюць індуізм. Іншыя значныя рэлігійныя групы ў краіне — мусульмане (13,4%), хрысціяне (2,3%), сікхі (1,9%), будысты (0,8%), джайністы (0,4%). Племянныя вераванні ахопліваюць 8,1% насельніцтва. У Індыі пражывае трэцяя па колькасці ў свеце супольнасць мусульман (і першая па колькасці сярод краін, дзе мусульмане не складаюць большасць насельніцтва).

Узровень пісьменнасці – 64,8% (53,7% для жанчын і 75,3% для мужчын). Вышэйшы ўзровень пісьменнасці — у штаце Керала — 91%, ніжэйшы — у штаце Біхар — 47%. Сярэдняя працягласць жыцця – 62,5 гады. Палавая структура індыйскага грамадства — 944 жанчыны на 1000 мужчын. Сярэдні ўзрост 24,9 гадоў. Нараджальнасць — 22,01 нараджэнняў на 1000 чалавек у год.

[правіць] Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

У склад Індыі як федэратыўнай дзяржавы ўваходзяць 28 штатаў, Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дзелі і шэсць саюзных тэрыторый. У кожным штаце дзейнічае свой заканадаўчы сход і ўрад.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Індыі: 28 штатаў і 7 саюзных тэрыторый

Штаты:

  1. Андхра-Прадэш (Andhra Pradesh)
  2. Аруначал-Прадэш (Arunachal Pradesh)
  3. Асам (Assam)
  4. Біхар (Bihar)
  5. Чхатысгарх (Chhattisgarh)
  6. Гоа (Goa)
  7. Гуджарат (Gujarat)
  8. Хар'яна (Haryana)
  9. Хімачал-Прадэш (Himachal Pradesh)
  10. Джаму і Кашмір (Jammu and Kashmir)
  11. Джхаркханд (Jharkhand)
  12. Карнатака (Karnataka)
  13. Керала (Kerala)
  14. Мадх'я-Прадэш (Madhya Pradesh)
  1. Махараштра (Maharashtra)
  2. Маніпур (Manipur)
  3. Мегхалая (Meghalaya)
  4. Мізарам (Mizoram)
  5. Нагаленд (Nagaland)
  6. Арыса (Orissa)
  7. Пенджаб (Punjab)
  8. Раджастхан (Rajasthan)
  9. Сікім (Sikkim)
  10. Тамілнад (Tamil Nadu)
  11. Трыпура (Tripura)
  12. Утар-Прадэш (Uttar Pradesh)
  13. Утаракханд (Uttarakhand)
  14. Заходняя Бенгалія (West Bengal)

Саюзныя тэрыторыі:

  1. Андаманскія і Нікабарскія астравы (Andaman and Nicobar Islands)
  2. Чандыгарх (Chandigarh)
  3. Дадра і Нагархавелі (Dadra and Nagar Haveli)
  4. Даман і Дыу (Daman and Diu)
  5. Лакшадвіп (Lakshadweep)
  6. Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі (National Capital Territory of Delhi)
  7. Пандышэры (Puducherry)

[правіць] Дзяржаўны лад

Індыя — федэратыўная рэспубліка. Канстытуцыя (уступіла ў сілу ў 1950) вызначае Індыю як суверэнную, сацыялістычную, секулярную, дэмакратычную рэспубліку.

Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (Пратыбха Дэвсінгх Патыл, прыведзеная да прысягі 25 ліпеня 2007), які выбіраецца на пяцігадовы тэрмін калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з усіх выбарных членаў парламента і заканадаўчых сходаў штатаў. Прэзідэнт надзелены шырокімі паўнамоцтвамі: прызначае прэм'ер-міністра, іншых членаў урада, членаў Вярхоўнага суда; можа распускаць ніжнюю палату парламента, выдаваць у перыяд паміж парламенцкімі сесіямі надзвычайныя ўказы, абвяшчаць надзвычайнае становішча; з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі.

Парламент — вышэйшы орган заканадаўчай улады, складаецца з дзвюх палат: верхняй — Савета штатаў (англ.: Council of States, хіндзі: Rajya Sabha) і ніжняй — Народнай палаты (англ.: House of People, хіндзі: Lok Sabha). У Савеце штатаў 250 членаў (12 прызначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца заканадаўчымі сходамі штатаў і тэрыторый на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва), тэрмін паўнамоцтваў 6 год, кожныя 2 гады Савет штатаў абнаўляецца на 1/3. У Народнай палаце 545 дэпутатаў, якія выбіраюцца на пяць год прамым усеагульным тайным галасаваннем па мажарытарнай сістэме.

Выканаўчая ўлада складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта і урада — Савета міністраў, на практыцы засяроджаная ў руках прэм'ер-міністра, якім, як правіла, становіцца лідэр парламенцкай фракцыі партыі, якая карыстаецца падтрымкай большасці дэпутатаў у Народнай палаце. Члены ўрада павінны быць членамі любой з палат парламента. Фактычна, урад фарміруе партыя ці кааліцыя, якая займае большасць месцаў ніжняй палаты парламента. У індыйскай палітычнай сістэме выканаўчая ўлада падпарадкавана заканадаўчай, прэм'ер-міністр і Савет міністраў адказныя перад ніжняй палатай парламента. Пасля перамогі на выбарах у ніжнюю палату парламента ў красавіку—маі 2004. Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК) з саюзнікамі па Аб'яднаным прагрэсіўным альянсе (АПА, апроч ІНК у яго ўваходзяць яшчэ 15 палітычных партый) сфарміраваў новы ўрад, які падтрымліваюць левыя партыі. Прэм'ер-міністрам краіны стаў колішні міністр фінансаў Манмахан Сінгх. Урад прыняў “агульную праграму—мінімум” эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў.

Судовая сістэма складаецца з Вярхоўнага суда (які з'яўляецца таксама органам канстытуцыйнага нагляду), вышэйшых судоў штатаў і судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.

Кожны штат мае заканадаўчы сход, які складаецца з губернатара і адной ці двух палат, што выбіраюцца насельніцтвам на пяць год. Губернатар прызначаецца прэзідэнтам на пяць год і з'яўляецца кіраўніком выканаўчай улады штата. Выкананне паўнамоцтваў губернатара ажыццяўляецца ўрадам штата — Саветам міністраў, які складаецца з галоўнага міністра і міністраў. Урады фарміруюцца таксама ў дзвюх саюзных тэрыторыях — Пандышэры і Нацыянальнай сталічнай тэрыторыі Дэлі. У астатніх пяці саюзных тэрыторыях кіруюць прызначаныя цэнтрам адміністратары — галоўныя камісары.

Усе штаты і саюзныя тэрыторыі падзяляюцца на акругі. Цэнтральнай уладай у акругі прызначаюцца чыноўнікі — камісары ці калектары, у вёсках — старасты. Выбарныя органы ў акругах — акружныя саветы, у гарадах — муніцыпальныя саветы, у вёсках — панчаяты.

[правіць] Унутраная палітыка

З часу атрымання Індыяй незалежнасці, яе федэральны ўрад часцей за ўсё фарміраваўся Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК). У палітычным жыцці штатаў дамініравалі некалькі вялікіх агульнанацыянальных партый, у т.л. ІНК, Бхаратыя джаната парты, Камуністычная партыя Індыі і некаторыя рэгіянальныя партыі. З 1950 па 1990 за выключэннем двух кароткіх перарываў парламенцкая большасць належала ІНК. На кароткі час да ўлады прыходзілі Джаната парты і вялікая кааліцыя Левага фронту і Нацыянальнага фронту.

У 1990-я федэральны ўрад фарміравалі шматлікія кааліцыі з кароткай працягласцю існавання. Толькі ў 1998 Бхаратыя джаната парты здолела стварыць з некалькімі рэгіянальнымі партыямі адносна трывалую структуру Нацыянальны дэмакратычны альянс і стаць першай партыяй пасля ІНК, якая ўтрымалася ва ўладзе поўны пяцігадовы тэрмін. У 2004 ІНК выйграў парламенцкія выбары і разам з Аб'яднаным прагрэсіўным альянсам сфарміраваў урад, які падтрымліваюць левыя партыі і апазіцыйныя Бхаратыя джаната парты сілы.

Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК) – адна з найболей уплывовых партый краіны. ІНК быў створаны ў 1885 і стаў вядучай палітычнай сілай у барацьбе за незалежнасць. Традыцыйна абапіраецца на шырокую сацыяльную базу. Вышэйшы орган партыі – з'езд.

На ўсеагульных парламенцкіх выбарах у красавіку--маі 2004 года ўзначаленая ІНК кааліцыя здолела атрымаць перамогу і сфарміраваць урад. Старшыня партыі (2008) – Соня Гандзі (удава Раджыва Гандзі).

Бхаратыя джаната парти (БДП) – асноўная апазіцыйная партыя. Створана ў 1980 групай членаў былой Бхаратыя джан сангх. БДП – кадравая партыя з адладжанай арганізацыйнай структурай, якая карыстаецца ўплывам у цэлым шэрагу індыйскіх штатаў. У маі 1996 упершыню сфарміравала ўрад, які не атрымаў тады вотуму даверу. З сакавіка 1998 па май 2004 узначальвала ўрадавую кааліцыю Нацыянальны дэмакратычны альянс. Старшыня БДП (2008) – Раджнатх Сінгх.

Існуе значная колькасць рэгіянальных партый рознай сацыяльнай арыентацыі. Да найбуйнейшых адносяцца АІАДМК і ДМК (штат Тамілнад), “Шырымані акалі дал” (штат Панджаб), “Тэлугу дэсам парты” (штат Андхра-Прадэш), “Шыў сена” (штат Махараштра), Нацыянальная канферэнцыя (штат Джаму і Кашмір).

Левы рух прадстаўлены, галоўным чын, двума кампартыямі – Камуністычнай партыяй Індыі (КПІ), створанай у 1925, і КПІ (марксісцкай), якая выйшла з яе шэрагаў у выніку расколу ў 1964. Маючы значаныя рознагалоссі, яны выступаюць з агульных пазіцый па большасці важных унутрыпалітычных пытанняў. Колькасць КПІ – каля 445 тыс. членаў, КПІ(м) – звыш 450 тыс. членаў. Кампартыі захоўваюць найболей моцныя пазіцыі ў Заходняй Бенгаліі, Керале і Трыпуры.

Індыйскі нацыянальны кангрэс прафсаюзаў (ІНКП) дзейнічае пад кіраўніцтвам ІНК; Усеіндыйскі кангрэс прафсаюзаў (УКП) працуе пад кіраўніцтвам КПІ; Саюз індыйскіх працоўных находзіцца пад уплывам “Джаната дал”; Цэнтр індыйскіх прафсаюзаў (ЦІП) кантралюецца КПІ(м); Кангрэс аб'яднаных прафсаюзаў арыентуецца на шэраг левых партый і арганізацый; Саюз працоўных Індыі – на БДП.

З грамадскіх арганізацый вылучаюцца: Нацыянальная федэрацыя індыйскіх жанчын, Усеіндыйская жаночая канферэнцыя, Усеіндыйская дэмакратычная федэрацыя жанчын, Кангрэсіцкі жаночы камітэт, Індыйскі моладзевы кангрэс і Нацыянальны саюз студэнтаў Індыі находзяцца пад уплывам ІНК; Усеіндыйская федэрацыя моладзі, Усеіндыйская федэрацыя студэнтаў – КПІ; Дэмакратычная федэрацыя моладзі Індыі, Федэрацыя студэнтаў Індыі – КПІ(м).

[правіць] Знешняя палітыка

Ад самага пачатку незалежнага існавання Індыя праводзіць актыўную знешнюю палітыку. У 1950-х краіна падтрымала антыкаланіяльную барацьбу азіяцкіх і афрыканскіх народаў (па сёняшні дзень усе краіны-члены Афрыканскага Саюза лічацца саюзнікамі Індыі), выступіла адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. З 1960-х, асабліва пасля Інда-пакістанскай вайны 1965, Індыя пайшла па шляху ўмацавання сувязей з Савецкім Саюзам і аслаблення адносін з ЗША і цвёрда прытрымлівалася гэтай палітыкі да самага знікнення СССР.

Індыя мае добрасуседскія адносіны з Бутанам і Непалам; імкнецца іграць ролю рэгіянальнага гегемона (ваенная дапамога ўрадам Бангладэш, Шры-Ланкі, Мальдываў). Адносіны з Кітаем, ніжняй кропкай якіх была Інда-кітайская вайна 1962, з канца 1990-х паступова мяняюцца ў лепшы бок: у 2003 Індыя прызнала Тыбет часткай Кітая, а Кітай у 2004 прызнаў Сікім часткай Індыі. Разам з тым аналітыкамі разглядаеца верагоднасць хуткага пераносу асноўнага цяжару геапалітычнага саперніцтва Індыі і Кітая на Цэнтральную Азію.

Традыцыйна складанымі — з першых дзён існавання абедзвюх краін — застаюцца адносіны з Пакістанам. Нявырашаная спрэчка за кантроль над Кашмірам неаднаразова прыводзіла да ваенных сутыкненняў, апошні раз — у 1999, ужо ў якасці краін, якія валодаюць ядзернай зброяй (ядзерныя выпрабаванні Індыі і Пакістана, 1998). З 2001 двухбаковыя адносіны маюць выразную тэндэнцыю да паляпшэння.

У апошнія гады Індыя настойліва развівае знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя сувязі з Еўрапейскім Саюзам, ЗША, краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. З постсавецкіх краін найбольш развітыя адносіны Індыя мае з Расіяй і Таджыкістанам.

Індыя адной з першых прызнала незалежнасць Беларусі — дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены 17 красавіка 1992. Ужо 14 мая 1992 у Мінску было адкрыта пасольства Індыі, у 1998 у Дэлі — пасольства Беларусі. Прэзідэнт Беларусі двойчы наведваў Індыю з афіцыйнымі візітамі, падчас апошняга — у красавіку 2007 — у Нью-Дэлі была падпісана сумесная дэкларацыя, якая адлюстроўвае высокі ўзровень узаемаразумення паміж дзвюма краінамі ў палітычнай сферы і вызначае асноўныя накірункі супрацоўніцтва. Высокія бакі таксама дамовіліся павысіць аб'ём гандлёвага абароту з цяперашніх амаль 200 млн. да 500 млн. долараў у 2010.

[правіць] Эканоміка

Індыя у 2007 12-я эканоміка свету (4-я — паводле пакупной здольнасці), у 2008 у першай дзесятцы краін свету па аб'ёме прамысловай вытворчасці, дзякуючы імкліваму росту ў апошняе дзесяцігоддзе. За гады незалежнасці краіне атрымалася істотна прасунуцца наперад па шляху эканамічнага развіцця. Была створаная магутная індустрыяльная база і назапашаны навукова-тэхнічны патэнцыял, які адпавядае ў шэрагу абласцей перадавому сусветнаму ўзроўню. Хаця ўзровень жыцця насельніцтва рэзка вырас у параўнанні з сярэдзінай мінулага стагоддзя, краіна працягвае барацьбу з галечай, непісьменнасцю, экалагічнай дэградацыяй.

Фінансавы год – з 1 красавіка па 31 сакавіка.

Аб'ём ВУП за 2006/2007 фін.г. у бягучых цэнах склаў 1,16 трлн. дол. ЗША, аб'ём ВУП на душу насельніцтва – каля 1000 дол. Прырост ВУП у 2006/2007 фін.г. – 9,4% (2005/2006 фін.г. – 9%).

У структуры ВУП у 2006/2007 фін.г. доля сельскагаспадарчага сектара – 18,5%, удзельная вага галін інфраструктуры і сферы паслуг – 61,8%, прамысловасці – 19,7%. Інфляцыя - 5,9%. Знешні доўг – 155 млрд. дол. ЗША. Залатавалютныя рэзервы – больш 247 млрд. дол. ЗША (па стане на верасень 2007). Прамыя замежныя інвестыцыі – 23 млрд. дол., партфельныя – 7 млрд. дол. ЗША.

У 2006/2007 фін.г. знешнегандлёвае абарачэнне Індыі дасягнула 305,9 млрд. дол. ЗША, экспарт – 124,6 млрд. дол. ЗША, імпарт – 181,3 млрд. дол. ЗША. Доля Індыі ў сусветным знешнегандлёвым абарачэнні – меней 1%. Асноўныя артыкулы індыйскага экспарту – сельскагаспадарчая і прамысловая сыравіна, харчовыя і тэкстыльныя тавары, каштоўныя камяні і вырабы з іх, машыны і абсталяванне, праграмнае забеспячэнне. Найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі Індыі з'яўляюцца ЗША, Кітай і Еўрасаюз.

У гандлі з Беларуссю з індыйскага боку пераважаюць фармацэўтычныя прэпараты, прадукцыя і сыравіна для лёгкай прамысловасці, хімікаты, фарбы, пігменты, чай, кава, рыс. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту ў Індыю: транспартныя сродкі, машыны, абсталяванне, інструменты, спажывецкія тавары доўгатэрміновага карыстання, інтэгральныя мікрасхемы, хімікаты, угнаенні, чорныя металы, гумовыя вырабы. Значнае месца ў двухбаковым таваразвароце займае абмен тэхналогіямі.

[правіць] Узброеныя сілы

Трэція па колькасці ў свеце (пасля КНР і ЗША) і другія ў Азіі — 1400 тыс. чалавек. Сухапутныя войскі — 1100 тыс. чалавек; ВПС — 128 тыс. чалавек (45 эскадрыляў баявых самалётаў); ВМС — 56 тыс. чалавек (85 баявых караблёў). Вярхоўны галоўнакамандуючы — прэзідэнт Індыі.

Індыя падтрымлівае ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расіяй, Ізраілем і Францыяй, ад якіх паступае большасць узбраенняў для індыйскіх узброеных сіл. Каб зменшыць залежнасць ад крытычнага імпарту Індыя развівае распрацоўкі балістычных ракет, баявых самалётаў і танкаў.

Індыя з'яўляецца ядзернай дзяржавай пасля выпрабаванняў 1974 і 1998, прытрымліваецца ядзернай палітыкі «непрымянення першымі».

[правіць] Культура

Індыйская культура вызначаецца высокай ступенню сінкрэтычнасці і культурнага плюралізму. Традыцыйнае індыйскае грамадства характарызуецца строгай сацыяльнай іерархічнасцю. Індыйская каставая сістэма абазначае сацыяльную стратыфікацыю і сацыяльныя абмежаванні, паводле якіх сацыяльныя класы фарміруюцца з тысяч эндагамных радавых груп, што называюцца джатамі ці кастамі.

У Індыі зарэгістравана каля 28 тыс. газет і іншых перыядычных выданняў агульным тыражом да 80 млн. асобнікаў на 95 мовах. Найбольшы тыраж у прэсы на мовах хіндзі (15 млн. асобн.) і англійскай (12 млн. асобн.).

У краіне штодня выходзіць каля 2 тыс. газет з агульным тыражом больш 30 млн. асобн. Асноўныя выданні кантралююцца нацыянальнымі манаполіямі. Найболей вядомымі газетнымі кампаніямі з'яўляюцца: група “Таймс оф Індыя” (англійскі тыраж – 850 тыс.асобн., сямейства Ашока Джайна), “Індыан экспрэс” (540 тыс. асобн., група Гаенкі), “Хінду” (500 тыс. асобн., сямейства Кастуры), “Хіндустан таймс” (430 тыс. асобн., сямейства Дж.Д.Бірлы).

Найбуйнейшыя інфармацыйныя агенцтвы - "Прэс траст оф Індыя" (ПТІ), "Юнайтэд ньюс оф Індыя" (ЮНІ) і "Індыя прэс эйдженсі" (ІПА).

Усеіндыйскае радыё і тэлебачанне кантралююцца дзяржавай.

[правіць] У Сеціве

Commons

На іншых мовах