Дзявочая гара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дзявочая гара — этнаграфічны аб’ект; адна з раднавіднасцей культавых узгоркаў, ушанаванне якіх пачалося ў язычніцкія часы. Узгоркі з такога роду назвамі часта сустракаюцца ў славянскіх землях: Дзявочая гара — каля Смаленска, у Трыполлі на Дняпры (укр.: Дівич-гора), у Сахноўцы на р. Рось, на р. Лыбедзь (Украіна); Дзевін (чэшск.: Děvín) — у Празе  (чэшск.), у Хебе, у Мімані  (чэшск.), на р. Дыі  (чэшск.) (Чэхія), на р. Дунай  (англ.) (Славакія) і інш.

Паводле меркаванняў археолага Б. А. Рыбакова[1], Дзявочыя горы маглі быць звязаны з культам жаночага бажаства, з багіняй-дзевай, «панёсшай у лоне сваім». На Дзявочай гары ў Трыполлі знаходзіўся ахвярнік — печ пачатку нашай эры з дзевяццю паўсферычнымі секцыямі — паглыбленнямі. Лічба «дзевяць» у спалучэнні з жаночай назвай свяшчэннай гары, на думку Рыбакова, можа быць звязана з дзевяцю месяцамі цяжарнасці. На Дзявочай гары ў Сахноўцы знойдзена  (укр.) залатая пласціна скіфскага часу з выявай свята ў гонар нейкага жаночага бажаства. Ахвярнік з дзевяццю ямамі выяўлены на гарадзішчы Паганскае ў Маравіі (пачатак 10 ст.), паблізу знаходзяцца гара Дзевін  (чэшск.) і р. Дыя («багіня»). Некаторыя дзявочыя горы ўшаноўваліся амаль да 20 ст., пра што сведчыць, напрыклад, традыцыя ўстаноўкі трох драўляных крыжоў на дзявочай гары ў Сахноўцы.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Некалькі ўзгоркаў з такімі назвамі ёсць на тэрыторыі Беларусі: Дзявочая гара каля в. Дуброва Маладзечанскага раёна і ў Мсціславе. Гарадзішча Дзявочая гара ў ваколіцах в. Любанічы Кіраўскага раёна згадвалася ў першай палове 19 ст. фалькларыстам і этнографам З. Я. Даленга-Хадакоўскім (сучасным археолагам помнік невядомы). У некаторых выпадках такія ўзгоркі насілі блізкую па значэнню назву. На ўскраіне Лагойска знаходзіцца гарадзішча Паненская гара, на якім выяўлена штрыхаваная кераміка ранняга жалезнага веку. З гарой звязана паданне пра загінуўшую тут дзяўчыну, выкарыстанае В. Дуніным-Марцінкевічам у вершаванай аповесці «Вечарніцы». Назва г. Мар’іна Горка ў Пухавіцкім раёне паходзіць ад горкі, на якой, паводле легенды, стаяў язычніцкі храм, дзе ў т.зв. Мар'ін дзень адбываліся святкаванні. Захавалася таксама паданне, што на гэтай горцы ляжаў камень, якому пакланяліся язычнікі і каля якога наладжвалі трызны і гульні, пасля асвячэння гэтага месца святой вадой гара раскалолася, а камень праваліўся. Падобны помнік захаваўся на поўнач ад г.п. Смілавічы (глядзіце Гудавіцкае свяцілішча). Пасля прыняцця хрысціянства некаторыя ўзгоркі, звязаныя раней з культам багіні — дзевы, сталі прысвячацца Маці Божай, Дзеве Марыі.

Зноскі

  1. «Язычніцтва Старажытнай Русі», 1987

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Э. М. Зайкоўскі. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]