Дзявочая гара (Валожынскі раён)
Дзявочая гара | |
---|---|
Размяшчэнне | |
54°05′23″ пн. ш. 27°04′42″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Вобласць | Мінская вобласць |
Раён | Валожынскі раён |
Населены пункт | Дубрава |
Дзявочая гара, або Дзевяцігара — узгорак у Валожынскім раёне, размешчаны за 0,5 км на захад ад в. Дубрава Маладзечанскага раёна. З’яўляецца адным з самых высокіх пунктаў у гэтай мясцовасці — знаходзіцца паблізу водападзелу Заходняй Бярэзіны і Свіслачы, амаль уся зарасла лесам. Верагодна, помнік язычніцкага культу.
Звесткі пра Дзявочую гару ўпершыню апублікаваны ў 1881 г. у «Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх», дзе прыводзіцца мясцовае паданне, паводле якога на гары закапана жывая дзяўчына і разам з ёй пахаваны два хлопцы, якія загінулі ў час спаборніцтва за права стаць яе мужам. Там жа ляжаў вялізны камень, на якім нібыта сядзела дзяўчына ў час спаборніцтва. У 1987 г. Э. М. Зайкоўскі на дзявочай гары правёў археалагічнае абследаванне і раскопкі.
У найбольш высокай паўночна-ўсходняй частцы размешчана каля 20 курганоў вышынёй 0,5 — 1,5 м, дыяметрам 6 — 12 м, і вялікая яма, якая, магчыма, асталася ад каменя, згаданага ў паданні. Два курганы раскапаны. Адзін з іх складзены з камянёў, перасыпаных зямлёй. У ім на ўзроўні гарызонту выяўлены шкілет жанчыны, арыентаваны на захад; знойдзены таксама фрагменты керамікі XI ст. і сярэбранае скроневае кольца, канцы якога заходзяць адзін за адзін. Другі курган насыпаны з пяску і абкладзены камянямі. У цэнтры кургана, ніжэй узроўню гарызонту размяшчаўся шкілет жанчыны (захаваўся не цалкам), таксама арыентаваны на захад; выяўлены пярсцёнак і шкляная пазалочаная пацерка XI ст.
У іншых месцах гары ў час шурфоўкі культурны пласт не выяўлены. Назва помніка сведчыць пра яго сувязі ў старажытнасці з культам язычніцкай багіні кахання. Другая назва помніка — Дзевяцігара — відаць, звязана з культам багіні-дзевы, «панёсшай у лоне сваім» і з дзевяццю месяцамі цяжарнасці. Да нядаўняга часу на гары святкавалася Купалле.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Э. М. Зайкоўскі. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.