Засценак
Засценак - тып сельскага паселішча на Беларусі ў XVI – XX стст. Узнік у сярэдзіне XVI ст. ў выніку правядзення валочнай памеры. Паводле «Уставы на валокі» 1557 г. ворныя землі феадальных маёнткаў падзяляліся на 3 часткі, кожная з якіх мела свае межы («сценкі»). Землі, што засталіся па-за гэтымі межамі, называліся засценкам; іх арандавалі дробная шляхта (адсюль засцянковая шлята) і часткова заможныя сяляне. Засценакам называлася і паселішча на гэтых землях. Засценкі існавалі пры большасці сёлаў[1]. Першапачаткова ў засценках было па аднаму — чатыры двары[2]. З цягам часу колькасць двароў у засценках павялічвалася. Асабліва многа засценкаў было ў цэнтральнай і заходняй Беларусі. У Койданаўскім графстве ў 1811 г. было 50 засценкаў, у канцы XVIII — XIX стст. засценкі складаліся тут з 12 — 18 і нават з 30 двароў[3]. У 1866 г. у Мінскім павеце 245 засценкаў з 1506 дварамі. Забудова засценка была нерэгулярная, складалася з жылога дома і гаспаарчых будынкаў. У XVIII — XIX стст. у многіх засценках з'явіліся лазні і бровары, у некаторых конныя млыны. Называліся засценкі звычайна па прозвішчах арандатараў (Акінчыцы, Галавачы, Гарбузы, Зуі і інш.). Малыя засценкі адрознівалісь ад хутароў толькі сваім гістарычна-эканамічным паходжаннем і саслоўнай прыналежнасцю жыхароў, вялікія нагадвалі вёску. У 1930 – 1940-я гг. частка з іх была селена, а частка перайменавана ў вёскі.
Зноскі
- ↑ Шаблюк В. У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV — XVIII стст. - Мн., 1996. — 119 с.: іл. — С. 20.
- ↑ Молчанова Л. А. Очерки материальной культуры Белорусов XVI — XVIII вв. — Мн., 1981. — 112 с.: ил. — С. 15.
- ↑ Шаблюк В. У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV — XVIII стст. - Мн., 1996. — 119 с.: іл. — С. 20.
[правіць] Літаратура
- Молчанова, Л. А. Очерки материальной культуры Белорусов XVI — XVIII вв. / Л. А. Молчанова; АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора. — Мн.: Наука и техника, 1981. — 112 с.: ил.
- Шаблюк, В. У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV — XVIII стст. / В. У. Шаблюк; АН Беларусі, Ін-т гісторыі; Пад рэд. Я. Г. Звяругі. - Мн.: Беларуская навука, 1996. — 119 с.: іл. — ISBN 5-343-01529-8
- Шпилевский, П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю / П. М. Шпилевский. — Мн.: Полымя, 1992. — 252 с. — (Литературные памятники Белоруссии). — С. 100 — 101.
