Карл Юр’евіч Шкільтэр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карл Юр’евіч Шкільтэр
Дата нараджэння 14 чэрвеня 1891(1891-06-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 лютага 1941(1941-02-04) (49 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці гісторык, бібліёграф
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук
Навуковае званне
Альма-матар
Партыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Карл Юр’евіч Шкільтэр (лат.: Kārlis Šķilters; 14 чэрвеня 1891, Буртніекская воласць, Валміерскі павет, Ліфляндская губерня, цяпер Латвія — 4 лютага 1941, ГУЛАГ) — гісторык, бібліёграф. Кандыдат гістарычных навук, прафесар[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 14 чэрвеня 1891 года ў сям’і рабочага[2] ў Буртніекскай воласці Валміерскага павета Ліфляндскай губерні.

Да рэвалюцыі працаваў на будаўніцтве чыгунак, у абласным спажывецкім саюзе ва Уладзівастоку. Член РСДРП(б) з 1917 года. Прыхільнік ідэй Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, прымаў актыўны ўдзел ва ўсталяванні савецкай улады на Далёкім Усходзе і ў Сібіры[2].

Удзельнік грамадзянскай вайны, адзін з арганізатараў узброенай барацьбы супраць арміі адмірала А. В. Калчака і японскіх інтэрвентаў[2].

Скончыў у 1926 годзе Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова ў Маскве[1]. Працаваў сакратаром Цэнтральнай камісіі па даследаванні латышскіх калоній у СССР. Па загадзе партыі накіраваны ў Беларусь[2].

Працоўнае пасяджэнне Латышскай секцыі АН БССР. У цэнтры — загадчык секцыі вучоны К. Ю. Шкільтэр. 1930-я гг.

З 1927 года сакратар Латышскай камісіі Інстытута беларускай культуры, з 1929 года ў Латышскім сектары АН БССР[1]. З 1934 года, пасля аб’яднання акадэмічных нацыянальных секцый у інстытут, загадчык Латышскай секцыі Інстытута нацыянальных меншасцей АН БССР[2]. У 1936 годзе інстытут ліквідаваны, працаваў навуковым супрацоўнікам секцыі Захаду Інстытута гісторыі АН БССР[2].

У 1930-х гадах працаваў намеснікам дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі і бібліяграфічнага інстытута БССР імя У. І. Леніна[2], у 1937 годзе быў прызначаны часова выконваючым абавязкі дырэктара[1][2][3].

Фота з асабовай справы другой паловы 1930-х гг.

Арыштаваны 3 снежня 1937 года. Паводле пастановы Асобай нарады НКУС ад 10 верасня 1940 года асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за «шпіянаж на карысць буржуазнай Латвіі»[1]. Пакаранне адбываў ва Ухта-Іжэмскім лагеры, дзе і загінуў ад запалення лёгкіх[1] 4 лютага 1941 года. Рэабілітаваны 24 чэрвеня 1957 года[3].

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Працоўнае пасяджэнне супрацоўнікаў Латышскай камісіі Інбелкульта па выніках першай навуковай экспедыцыі на Віцебшчыну. 2-гі злева — сакратар камісіі вучоны К. Ю. Шкільтэр, в. Лашнёва Віцебскай акругі, чэрвень 1929 г.

Карл Шкільтэр арганізатар, кіраўнік і ўдзельнік навуковых экспедыцый па месцах кампактнага пражывання латышскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі з мэтай усебаковага вывучэння становішча латышскіх калоній і збору матэрыялаў па гісторыі, эканоміцы, статыстыцы, дэмаграфіі, этнаграфіі і быце (населеныя пункты Полаччыны і Віцебшчыны, 1929, 1930, 1931 гады). Па выніках экспедыцый было складзена падрабязнае іх апісанне, назапашаны цікавы і каштоўны фотаархіў. Усебаковы аналіз сабранага фактаграфічнага матэрыялу стаў падмуркам выдадзеных у перыяд 1931—1935 гадоў навуковых прац вучонага[2].

Аўтар публікацый на беларускай, рускай і латышскай мовах па гісторыі Латвіі, нацыянальнай палітыцы ўвогуле і латгальскім нацыянальным пытанні, латышска-беларускіх сувязях, сацыяльна-эканамічным становішчы латышскай меншасці на тэрыторыі Беларусі: «Latkoloniju wēsture» (Масква, 1928), «Грамадзянская вайна і латышскія каланісты» (Менск, 1928), «Latweešu koloniju pētišahas programa» (Менск, 1929), «Латышскія калоніі на Беларусі: гістарычнае развіццё латышскіх сялянскіх гаспадарак» (Менск, 1931), «Pilsoņu karš un latvju kolonisti 1917.-1921. g.g.» (Масква, 1931), «Latgales nacionalais jautajums = Латгальскае нацыянальнае пытанне» (Менск, 1934), «Latvju zemneeks Baltkreevijā pirms un pēc Oktobra revolucijas: vēsturiska monografija = Латышскі селянін на Беларусі да і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі» (Менск, 1935) і інш[2].

Друкаваўся таксама ў латышскіх і беларускіх часопісах і газетах «Celtne» («Будаўніцтва», часопіс навукі, мастацтва, літаратуры і крытыкі, на латышскай мове, Масква), «Савецкая краіна» (Менск), «Калгаснік Беларусі» (Менск), выступаў з бібліяграфічнымі аглядамі. Быў адказным рэдактарам шэрагу навуковых і публіцыстычных прац. Акрамя навуковай дзейнасці, актыўна займаўся грамадскай працай[2].

Дзейнасць К. Ю. Шкільтэра ў кантэксце вывучэння латышскага насельніцтва Беларусі даследуюць гісторыкі М. Г. Каралёў і Д. А. Крэнт[2].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]