Горад Мінск
З Вікіпедыя.
| Горад
Мінск
|
МІНСК — сталіца Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мінскага раёна і Мінскай вобласці, на р. Свіслач. Палітычны, эканамічны, навуковы і культурны цэнтр, самы буйны горад краіны. Мае адмысловы адміністрацыйны статус — горад рэспубліканскага падпарадкавання. З'яўляецца сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Плошча 305,5 км². Насельніцтва 1741 тыс. чал. (2006).
|
[правіць] Гісторыя
[правіць] Назва
Сучасная форма назвы паходзіць ад старажытнабеларускай назвы ў формах Менеск, Менск, якая ў 1920-я гады была перададзена ва ўкраінскай агаласоўцы перадачы літары «Ѣ» («яць»; гл. Украінізмы, Пінск)[1]. У 1991 гарадскі Савет народных дэпутатаў накіраваў Вярхоўнаму Савету просьбу аб вяртанні гораду гістарычнай назвы «Менск», але гэтай просьбе было адмоўлена.
[правіць] Гістарычны нарыс
Упершыню згадваецца (Меньск, Менеск) у «Аповесці часовых гадоў» пад 1067, калі быў спалены аб'яднанымі войскамі Яраславічаў (вял.кн. кіеўскага — Ізяслава, кн. пераяслаўскага — Святаслава, кн. чарнігаўскага — Усевалада) у час вайны з Усяславам Полацкім. Месца і час узнікнення Мінска дасюль дыскусійнае, адны даследчыкі лічаць, што Мінск узнік у яшчэ даслявянскія часы на р. Менцы прытоку Пцічы, што 16 км да захаду ад сучаснага цэнтру горада і дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, і быў перанесены на цяперашняе месца пасля 1085, калі ў другі раз быў спалены ўжо Уладзімірам Манамахам. Іншыя даследчыкі лічаць, што дзяцінец (пазней Менскі замак) пабудаваны на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Няміга ў 2-й пал. 11 ст., т.б. напярэдадні падзей 1067 году, для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства (далей: Узнікненне Мінска).
У кан. 11 — пач. 12 ст. цэнтр Менскага княства, першы менскі князь Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі яго нашчадкі Глебавічы. У 1116 Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскаў кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха, але ў 1119 Менск быў захоплены і далучаны да ўладанняў Уладзіміра Манамаха, менскі князь Глеб Усяславіч быў зняволены і памёр у кіеўскай турме. З сяр. 12 ст. Мінск Менск зноў цэнтр незалежнага княства і адзін з буйных гарадоў Заходняй Русі, менскія князі вялі барацьбу за гегемонію ў Полацкай зямлі і неаднакроць займалі полацкі сталец. З пач. 14 ст. у складзе ВКЛ. У 1499 атрымаў магдэбургскае права[2]. У каралеўскай грамаце 1444 Менск названы ў ліку найболей развітых гарадоў ВКЛ. З 1565—1566 цэнтр ваяводства, з кан. 16 ст. тут праходзілі паседжанні вышэйшага судовага органа ВКЛ — Трыбунала ВКЛ. У 1591 горад атрымаў герб. Архітэктуру ў 16—17 ст. вызначалі вуліцы, прылеглыя да Менскага замка, Верхняга горада (рынку), Ніжняму рынку і Траецкай гары, забудаваныя домами феадалаў, купцоў, багатых рамеснікаў. На плошчы Верхняга рынку сфарміраваўся ансамбль, мастацкі сілуэт якога стваралі групы культавых будынкаў (касцёл і манастыр бернардзінак, касцёл і манастыр бернардынцаў, царква Святога Духу і манастыр базыліянінаў, ратуша і інш.). Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад разбураны. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 Мінск у 1707 быў заняты войскам Карла XII, у 1710—1711 перажыў эпідэмію чумы.
З 1793 у складзе Расійскай імперыі, цэнтр губерніі. Падчас вайны 1812 акупіраваны французскімі войскамі, разбураны і разрабаваны. Да сяр. 19 ст. адноўлены. У 1870-я праз Мінск пракладзеныя Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская чыгункі. У 1-ю сусветную вайну з кастрычніка 1915 — прыфрантавы горад, у якім размяшчаліся штаб Заходняга фронту і інш. франтавыя арганізацыі і ўстановы, шпіталі. У 1917 у Мінску праходзіў Усебеларускі з'езд, у сакавіку абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У 1918 горад акупіравалі германскія, у 1919—1920 — польскія войскі. З утварэння БССР Мінск — яе сталіца. У 1924—1930 цэнтр акругі, з 1934 — раёна, з 1938 — вобласці. У Вялікую Айчынную вайну акупіраваны, дзейнічала патрыятычнае падполле. У Мінску і яго наваколлях акупацыйны рэжым стварыў 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш 400 тыс. чалавек, горад пераўтвораны ў руіны. Адноўлены ў 1946—1950-я. 26.6.1974 Мінску прысвоена ганаровае званне горад-герой.
[правіць] Дэмаграфія
Колькасць насельніцтва Мінска на пачатак 2007 склала 1797,5 тыс. чал. і ў параўнанні з пачаткам 2006 павялічылася на 16,8 тыс. чал., ці на 0,9%. Прырост адбываецца пераважна за кошт міграцыі, натуральны прырост насельніцтва склаў 984 чал.
Нараджальнасць — 9,98 на 1000 насельніцтва, смяротнасць — 9,4. Склаўся ідэал аднадзетнай сям’і. Скарацілася інтэнсіўнасць нараджэнняў. Колькасць нараджэнняў на 1000 жанчын ва ўзросце 20—24 гады за перыяд 1990—2005 знізілася са 138 нованароджаных да 58, у жанчын 25—29 гадоў — з 95 да 75 адпаведна. У 2006 нарадзілася каля 18 000 дзяцей.
Перавышэнне жаночага насельніцтва над мужчынскім: жанчын — 53,7%, мужчын — 46,3%.
Узроставая структура насельніцтва Мінска: дзяцей — 13,3%, падлеткаў — 4,5%, асоб працаздольнага ўзросту — 67,9%, асоб старэйшых за працаздольны ўзрост — 17,6%. Доля дзяцей і падлеткаў за апошнія 5 год знізілася з 20,6% да 17,6%. Колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце павялічылася за гэты перыяд з 66,5% да 67,9%; асоб старэйшай узроставай катэгорыі — з 16,5% да 17,6%.
На 1000 шлюбаў прыходзіцца 416 разводаў (2006).
25 красавіка 2007 Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў зацверджана Праграма дэмаграфічнай бяспекі г.Мінска на 2007—2010 гады.
У суткі насельніцтва горада спажывае 230 тон малака, каля 110 тон кісламалочных вырабаў, 35 тон смятаны, 50 тон тварага, 30 тон сычужных сыроў (кастрычнік 2007).
[правіць] Кіраванне горадам
Прадстаўнічая ўлада прадстаўлена гарадскім Саветам дэпутатаў, выканаўчая — гарадскім выканаўчым камітэтам. Кіраўнік Мінгарвыканкама з 2000 — Міхаіл Паўлаў.
[правіць] Адміністрацыйны падзел
Адміністрацыйны падзел города Мінска быў праведзены ў 1938 годзе ў сувязі са значным ростам насельніцтва горада (да 218 тыс. чалавек). Пастановай ЦВК БССР ад 17 сакавіка 1938 года былі створаны Сталінскі (з 2 лістапада 1961 г. Заводскі), Варашылаўскі (з 2 лістапада 1961 г. Савецкі) і Кагановіцкі (з 20 ліпеня 1957 г. Кастрычніцкі) раёны.
Зараз тэрыторыя Мінска дзеліцца на 9 адміністрацыйных раёнаў, якія кіруюцца раённымі адміністрацыямі.
Абмяркоўваецца варыянт злучэння Мінскага раёна Мінскай вобласці з г. Мінскам у агульны рэгіён са спецыяльным (сталічным) статусам.
[правіць] Эканоміка
Мінск — самы буйны прамысловы цэнтр Беларусі. У 2005 дзейнічала больш 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. Найболей буйныя прадпрыемствы: машынабудавання і металаапрацоўкі — ВРУП «Мінскі аўтамабільны завод», РУП «Мінскі трактарны завод», ААТ «Мінскае ВА вылічальнай тэхнікі» ААТ «Гарызонт», ЗАТ «Атлант» і інш., лёгкай, харчовы, хімічнай, фармацэўтычнай, парфумерна-касметычнай, паліграфічнай, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай, будаўнічых матэрыялаў, шкляной, фарфора-фаянсавай і інш. галін. Працуюць 4 ЦЭЦ.
Мінск — цэнтр міжнароднага турызму ў краіне. Сталіца валодае найболей развіты турыстычнай інфраструктурай (звыш 1/5 ёмістасці гасцінічнага фонду) і прымае амаль 1/4 арганізаванага ўязнога турыстычнага патоку. Сярэдняя працягласць знаходжання замежных турыстаў у Мінску складае 4,5 турадня, што ў 2 разы вышэй сярэдняга паказчыку па краіне. Мінск з'яўляецца і найбуйнейшым цэнтрам попыту на выязныя туры, галоўным чын з мэтай адпачынку. У горадзе турагенцкую і тураператорскую дзейнасць здзяйсняюць (на 1.1.2007) 342 юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, у т.л. РУП «Белінтурыст», ДУ «Цэнтр па санаторна-курортнай працы «Центркурорт», РУП «Дартурсервіс» Беларускай чыгункі, прыватнае УП «Беларустурыст», ТАА «Вакол света», «Сакуб», «Сані Трэвел», «Смок Трэвел», «Смалянка», «Топ-Тур», СП «Алатантур», прыватнае УП «Мінсктурыст», ТДА «Экатур-6», УП «Экалогіятур», грамадскае аб'яднанне «Агра- і экатурызм» і інш. Мінскі турыстычны клуб, Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі, цэнтр турызму і краязнаўства моладзі, інфармацыйна-экалагічны турыстычны клуб «Пошук», турыстычны клуб «Гарызонт» БДПУ ім. М. Танка і інш. Гасцініцы: «Агат», «Акадэмічная», «Алгарытм», «Беларусь», «Вікторыя», «Дружба», «Жэлонь», «Журавінка», «Звязда», «Алімпіец», «Арбіта», «Паркавая», «Планета», «Палёт», «Свіслач», «Спорт», «Спутнік», «Стандарт», «Турыст», «Урсула», «Экспрэс», «Юбілейная», «40 гадоў Перамогі», МУС, Мінскага маторнага завода, РУП «МАЗ» (гасцініца і гасцінічны комплекс), «МТЗ», спартовага клуба міністэрства абароны, кінастудыі «Беларусьфільм» і інш.
[правіць] Культура
У Мінску 18 музеяў: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі літаратурны музей Янкі Купалы, Мінскі літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Мінскі літаратурны музей Максіма Багдановіча, Мінскі літаратурны музей Петруся Броўкі, Мінскі мемарыяльны музей Заіра Азгура, Мінскі музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, музей гісторыі беларускай літаратуры, Мінскі музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскі музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінскі музей гісторыі медыцыны, Мінскі музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі музей Ваньковічаў, Дом-музей I з'езду РСДРП, «Парк валуноў».
У горадзе 13 тэатраў: Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Мінскі малы тэатр, Новы драматычны тэатр, тэатр сатыры і гумару «Хрыстафор», Рэспубликанскі тэатр беларускай драматургіі, тэатр кінаакцёра, Моладзевы тэатр эстрады, Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч», тэатр Беларускага арміі. Працуюць: Беларуская дзяржаўная філармонія, Мінскі цырк, кінастудыя «Беларусьфільм», Мінскі заапарк. 11 дамоў культуры, 9 палацаў культуры, у т.л. Палац Рэспублікі. 8 народных тэатраў.
[правіць] Адукацыя
У горадзе 12 універсітэтаў, 5 акадэмій, 4 вышэйшых каледжа, 1 інстытут, Нац. акадэмія навук.
[правіць] Спорт
У 2007 у Мінску 3519 спартовых будынкаў, у т.л. 18 буйных стадыёнаў, 664 спартыўныя залі, 57 плавальных басейнаў, 6 манежаў, 5 спартовых будынкаў са штучным лёдам, 138 стралковых ціраў. У ліку найболей буйных Мінскі палац спорту, палац воднага спорту, футбольны манеж, Мінскі лядовы палац спорту, палац тэніса, стадыёны «Дынама», «Трактар», спартовы аздараўленчы комплекс «Алімпійскі» і інш.
[правіць] Выдатныя мясціны
У Мінску створана 5 ахоўных зон: Траецкае прадмесце, Ракаўскае прадмесце, Верхні горад, Новае места, ахоўныя аб'екты даваеннай забудовы. Каля былога Мінскага замчышча сфарміравалася ахоўная зона гісторыка-культурнай спадчыны.
Захаваліся помнікі архітэктуры: Мінская Марыі-Магдалінская царква, Мінская Аляксандра-Неўская царква, Мінскі Свята-Духаўскі кафедральны сабор, Мінскі Петра-Паўлаўскі сабор, Мінскі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар езуітаў, Мінскі касцёл святога Іосіфа і манастыр бернардынцаў, Мінскі касцёл Сімяона і Алены (Чырвоны касцёл), Мінскі Крыжаўзвядзенскі касцёл (Кальварыйскі касцёл) і брама (1839—1841), Мінскі касцёл Найсвяцейшай Троіцы (Траецкі залатагорскі касцёл святога Роха), Мінскі Пішчалаўскі замак, Мінскія гандлёвыя рады, гасціны двор (18—20 ст.), будынкі мужчынскага духоўнага вучылішча (2-я пал. 18 ст.), ваенны шпіталь (1830-я), будынак Мінскай жаночай гімназіі, духоўнай кансісторыі (19 ст.), жаночай Марыійскай гімназіі (1879), адміністрацыйны будынак (1852), будынак гарадскога тэатра (1890), Мінская гарадская сядзіба (Белая дача), Мінскія сядзібы Ваньковічаў, шэраг будынкаў—помнікаў жылой, грамадскай, культавай і прамысловай архітэктуры 19 — пач. 20 ст.
[правіць] Паркі
У цэнтры горада размешчаныя Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага, парк імя Чалюскінцаў, лесапарк 50-гадоў Кастрычніка і яшчэ больш 20 паркаў і сквераў у розных раёнах сталіцы.
Вакол Мінска і ў гарадскіх межах створаныя зоны адпачынку мясцовага значэння: Мінскае мора, Пціч, Стайкі, Раўбічы, Вяча, і інш. Побач з горадам размешчаны курорт рэспубліканскага значэння «Ждановічы». У прыгараднай зоне адпачынку находзяцца спартова-аздараўленчыя комплексы «Стайкі» і «Раўбічы».
[правіць] Помнікі
На плошчы Перамогі ўстаноўлены манумент Перамогі, на праспекце Пераможцаў — архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск — горад-герой», на востраве мужнасці і смутку на р. Свіслач — мемарыяльная капліца-помнік «Сынам айчыны, якія загінулі за яе межамі» і інш. Помнікі: Я. Купале, Я. Коласу, М. Багдановічу, А. Міцкевічу, Я. Драздовічу, М. Горкаму, Т. Шаўчэнку, А. Пушкіну, С. Грыцаўцу, М. Казею; на тэрыторыі універсітэцкага гарадка БДУ помнікі Е. Полацкай, К. Тураўскаму, Ф. Скарыне, М. Гусоўскаму, С. Буднаму, В. Цяпінскаму.
- ↑ У. В. Анічэнка. Украінізмы // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т.5. С.351.
- ↑ Тэкст Магдэбургскага права
[правіць] У Сеціве
- Здымкі на Radzima.org
- МЕНСК.BY
- Photos of Minsk, Belarus on GOMINSK.ORG
- Фотаздымкі Мінска — па прыватнай старонцы Дзм. Барталевіча.

