Кузьма Чорны
| Мікалай Карлавіч Раманоўскі | |
| Псеўданімы: |
Кузьма Чорны (або Чорны), Максім Ляшчына і інш. |
|---|---|
| Месца нараджэння: |
Боркі, Мінская губерня, Расійская імперыя, цяпер Капыльскі раён, Мінская вобласць, Беларусь |
| Дата смерці: | |
| Месца смерці: | |
| Грамадзянства: | |
| Род дзейнасці: |
пісьменнік, публіцыст, драматург, перакладчык |
| Мова твораў: |
беларуская, руская |
| Дэбют: |
1923 |
| Узнагароды: | |
Кузьма Чорны, сапр.: Мікалай Карлавіч Раманоўскі (11 (24) чэрвеня 1900, маёнтак Лапацічы Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер в. Борка-Бялевічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 22 лістапада 1944, Мінск; Псеўданімы: Максім Алешнік; М.Біруля; Ігнат Булава з-пад Турава; Вясёлы; М.Сідарэўскі; Сусед-вясёлы; Раман Талапіла; Арцём Чамярыца; Сымон Чарпакевіч; А.Чорны; Крыптанімы: Р. М.; М.Р-скі; К. Ч.) — беларускі празаік, драматург, публіцыст.
Біяграфія [правіць]
|
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Цімкавіцкае народнае вучылішча, у 1916 паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Скончыць семінарыю не ўдалося, бо ў 1919 польскія ўлады яе зачынілі. Першыя артыкулы і вершы апублікаваў у 1920. У 1923 паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе правучыўся два курсы. З 1923 член літаб'яднання «Маладняк». Яшчэ студэнтам у 1924 пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска». У 1925 выйшлі першыя кнігі — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У 1926—1931 быў старшынёй літаб'яднання «Узвышша». У 1932—1937 — галоўны літкансультант кабінета маладога аўтара пры СП БССР. Член СП Беларусі з 1934. Арыштаваны 14.10.1938. Прасядзеў у Мінскай турме 8 месяцаў, з іх 6 — у камеры-адзіночцы. Быў катаваны. Вызвалены 8.6.1939. Тры новыя раманы, аб'ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Я.Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны. З напісанага ў гэты час захавалася толькі п'еса «Ірынка» (1940). У 1941—1944 знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве). Удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944), аповесцямі (засталіся незакончанымі) «Скіп'ёўскі лес», «Сумліцкая хроніка», «Смага». Апошнія творы пісьменніка доўгія гады заставаліся ў рукапісах. У гады Вялікай Айчыннай вайны выйшлі зборнікі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942) і апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945). У верасні 1944 вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь».
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем.
Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. У 2000 на Капыльшчыне адкрыты два мемарыяльныя знакі. Іменем Кузьмы Чорнага названа вуліца ў Мінску.
Творчасць [правіць]
У друку пачаў выступаць з 1921. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Апавяданні» (1925), «Срэбра жыцця» (1925), «Па дарозе» (1926), «Пачуцці» (1926), «Хвоі гавораць» (1926), «Вераснёвыя ночы» (1929), «Нянавісць» (1930), «Буры» (1930), «Два апавяданні» (1932), «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), «Выбраныя апавяданні» (1932), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1941, апавяданні для дзяцей), «Вялікае сэрца» (1945), аповесцей «Лявон Бушмар» (1930), «Вясна» (1931), «Люба Лук'янская» (1937), «Насцечка» (1941), кніжак апавяданняў і аповесцей «Вераснёвыя ночы» (1984) і «Матчына благаславенне» (1984), раманаў «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1932), «Трэцяе пакаленне» (1935), кніжкі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942), нарыса «Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў» (1943). Гумарыстычныя творы сабраны ў зборніку «Вяселле ў Скіп'ёўскім Пераброддзі» (1971).
У Зборы твораў увайшлі раманы «Сястра», «Ідзі, ідзі», «Трыццаць год», «Пошукі будучыні», аповесць «Скіп'ёўскі лес» і многія іншыя творы, якія асобнымі выданнямі да гэтага не публікаваліся (рукапісы раманаў «Судны дзень» і «Вялікае выгнанне» згарэлі пад час вайны ў Мінску).
Выступаў і ў жанры драматургіі. Выйшлі п'есы «Бацькаўшчына» (1934, пастаўлена ў 1932), «Базылевічава сям'я» (1938), «Ірынка» (1947, пастаўлена ў 1941).
Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. Пушкіна (у зборніку «А. Пушкін: Выбраныя творы», 1949), У. Караленкі, П. Панчанкі, А. Астроўскага, Я. Гашака, М. Гогаля, М. Горкага і інш.
Творы [правіць]
- Выбраныя творы (1934, 1947)
- Зб. тв.: У 6 т. Мн., 1954—1955;
- Зб. тв.: У 8 т. Мн., 1972—1975;
- Зб. тв.: У 6 т. Мн., 1988—1990.
Літаратура [правіць]
- Ватацы Н. Кузьма Чорны. 1900—1944. Бібліяграѓфічны даведнік. Мн., 1954;
- Адамовіч А. Маштабнасць прозы: Урокі творчасці К.Чорнага. Мн., 1972;
- Булацкі Р., Сачанка І. Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972;
- Казека Я. Кузьма Чорны. Мн., 1980;
- Корань (Сінькова) Л.Д. Цукровы пеўнік: літ.-крыт. арт. – Мн.: Маст.літ., 1996;
- Мельнікава А. М. Паэтыка твораў Кузьмы Чорнага. – Гомель: УА "ГДУ імя Ф. Скарыны", 2008;
- Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага. Мн., 1981;
- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. / Уклад. А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
- Навуменка І. Ранні Кузьма Чорны. Мн., 2000;
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Тычына М. Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мн., 2004.
Спасылкі [правіць]
- Выбраныя творы на Беларускай Палічцы
- Кузьма Чорны: паралелі жыцця і творчаці
- М. Тычына. Цана прароцтваў (Кузьма Чорны)