Марына Іванаўна Цвятаева

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Марына Цвятаева

Мары́на Іва́наўна Цвята́ева (руск.: Марина Ивановна Цветаева; 26 верасня (8 кастрычніка) 1892, Масква, Расійская імперыя — 31 жніўня 1941, Ялабуга, СССР) — руская паэтэса, празаік, перакладчык.

Нарадзілася ў сям'і прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, філолага і ўсходазнаўцы Івана Цвятаева. Маці, Марыя Мэйн была піяністкай. Дзіцячыя гады паэткі прайшлі ў Маскве і Тарусе (Калужская вобласць). Пісаць вершы Марына пачала ва ўзросце шасці гадоў. У 1906 яе маці памерла ад туберкулёзу, Марына разам з сястрой Анастасіяй засталіся пад апекай бацькі. Праз хваробу маці сям'я падоўгу жыла ў Італіі, Швейцарыі і Германіі. Пачатковую адукацыю Марына атрымала ў Маскве, пасля вучылася ў пансіёнах Лазаны (Швейцарыя) і Фрайбурга (Германія). У шаснаццаць гадоў пабывала ў Парыжы, каб праслухаць у Сарбоне кароткі курс лекцый па старафранцузскай літаратуры.

У 1910 годзе Марына за ўласныя грошы выдала свой першы зборнік вершаў “Вечаровы альбом” (“Вечерний альбом”) і ў тым жа годзе напісала свой першы крытычны артыкул “Чарадзейства ў вершах Брусава” (“Волшебство в стихах Брюсова”). Праз два гады выйшаў наступны зборнік М. Цвятаевай – “Чароўны ліхтар” (“Волшебный фонарь”, 1912).

Пачатак творчасці Цвятаевай звязаны з колам маскоўскіх сімвалістаў. Пасля знаёмства з Валерыем Брусавым і Элісам паэтка ўдзельнічае ў дзейнасці гурткоў і студыяў пры выдавецтве “Мусагет”. На раннія творы Цвятаевай паўплывалі Някрасаў, Брусаў і Валошын.

У 1911 годзе Марына Цвятаева пазнаёмілася з Сяргеем Эфронам і ў студзені 1912 году выйшла за яго замуж. У тым жа годзе ў іх нарадзілася дачка Арыядна (Аля).

У 1913 годзе выйшаў трэці зборнік вершаў М. Цвятаевай – “З дзвюх кніг” (“Из двух книг”).

У 1914 годзе Цвятаева пазнаёмілася з паэткай і перакладчыцай Соф'яй Парнок; іх стасункі доўжыліся да 1916 году (калі яны разышліся і Марына вярнулася да мужа). Цвятаева прысвяціла Парнок цыкл вершаў “Сяброўка” (“Подруга”).

У Цвятаевай і Эфрона ў 1917 годзе нарадзілася дачка Ірына, якая памерла ў прытулку ад голаду ва ўзросце трох гадоў. Гады Грамадзянскай вайны былі для паэткі вельмі цяжкімі. Сяргей Эфрон служыў у Белай арміі. У гэтыя гады з'явіўся цыкл вершаў “Лебядзіны стан”, прасякнуты спачуваннем да белага руху.

У 1918–19 гадах М. Цвятаева піша рамантычныя п'есы, стварае паэмы “Ягорушка” (“Егорушка”), “Цар-дзяўчына” (“Царь-девица”), “На чырвоным кані” (“На красном коне”).

У траўні 1922 Марыне Цвятаевай і яе дачцэ Арыядне дазволілі з'ехаць за мяжу — да мужа, які пасля разгрому Дзянікіна стаў студэнтам Пражскага ўніверсітэта. Спачатку М. Цвятаева з дачкой жылі ў Берліне, пасля тры гады ў прадмесцях Прагі. У Чэхіі напісаныя “Паэма Гары” і “Паэма Канца”. У 1925, пасля нараджэння сына Георгія, сям'я перабралася ў Парыж, дзе Эфрона абвінавачваюць у тым, што ён завербаваны НКУС і ўдзельнічаў у змове супраць Льва Сядова, сына Льва Троцкага.

Большая частка створанага ў эміграцыі засталася нявыдадзенай. У 1928 годзе ў Парыжы пабачыў свет апошні прыжыццёвы зборнік вершаў “Пасля Расіі” (“После России”), куды ўвайшлі вершы 1922–25 гадоў.

У адрозненне ад вершаў, якія не мелі ў эмігранцкім асяроддзі прызнання, проза М. Цвятаевай была папулярнай і заняла першае месца ў яе творчасці. У гэты час выдадзеныя “Дом ля Старога Пімена” (1934), “Маці і музыка” (1935), “Мой Пушкін” (1937), “Аповесць пра Сонечку” (1938), успаміны пра Валошына “Жывое пра жывое” (1933), пра Андрэя Белага “Палонны дух” (“Пленный дух”, 1934), пра Міхаіла Кузміна “Вецер з іншых мясцінаў” (“Нездешний ветер”, 1936).

З 1930-х гадоў Марына Цвятаева з сям'ёй жыве амаль у галечы. У 1937 Арыядна выехала ў Маскву, атрымаўшы магчымасць вярнуцца на радзіму. 10 кастрычніка таго ж году з Францыі збег Эфрон, які быў замешаны ў замоўленым палітычным забойстве. У 1939 годзе паэтка таксама вярнулася ў СССР. Па прыездзе жыла на лецішчы НКУС у Болшаве. 27 жніўня была арыштаваная Арыядна, 10 кастрычніка – Эфрон. У жніўні 1941 года Сяргея Эфрона расстралялі, Арыядна была рэабілітаваная ў 1955 годзе пасля пятнаццаці гадоў рэпрэсій.

У апошнія гады паэтка амаль не пісала вершаў і займалася перакладамі. Была ў эвакуацыі ў горадзе Ялабуга. Скончыла жыццё самагубствам.

Commons
Лагатып Вікітэкі
У Вікітэцы ёсць арыгінал тэксту па гэтай тэме.