Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага праводзіцца кожны год, пачынаючы з 1989 года ў Віцебску. Фестываль некалькі разоў мяняў сваю назву: «Фестываль камернай музыкі памяці І. І. Салярцінскага» (1989), «Віцебскі фестываль мастацтваў „Наша спадчына“» (1990), «Віцебскі музычны фестываль памяці І. І. Салярцінскага» (1991). З 1992 года ён набыў статус міжнароднага, з 2004 года — сучасная назва.

Ля вытокаў стварэння фестывалю стаяў Уладзімір Байдаў — адзін з заснавальнікаў і кіраўнік ансамбля салістаў «Класік-авангард» (Мінск). Заснавальнікам фестывалю з’яўляецца грамадскае аб’яднанне «Віцебскае музычнае таварыства». Арганізатарамі выступілі ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, упраўленне культуры Віцебскага гарвыканкама, саюз музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь, Санкт-Пецярбургская дзяржаўная філармонія імя Д. Д. Шастаковіча. З 1997 года фестываль увайшоў у план Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а з 2005 года і да цяперашняга часу ў лік заснавальнікаў і арганізатараў увайшла Віцебская абласная філармонія.

Галоўныя задачы фестывалю — прапаганда класічнай музычнай спадчыны і сучаснага музычнага мастацтва, працяг асветніцкай дзейнасці выдатнага земляка, таленавітага музыказнаўцы і крытыка, заўзятага прапагандыста культуры І. І. Салярцінскага.

У рамках фестывалю праводзяцца музычныя канцэрты, выстаўкі, тэатральныя пастаноўкі, кінапаказы. У 1992—2001 гг. праводзіліся навуковыя чытанні «Віцебскі рэнесанс пачатку ХХ стагоддзя», з 2009 года — чытанні адноўлены і прысвечаны праблемам развіцця сучаснай культуры і мастацтва.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. — Т. 5 : Л-М. — С. 481—482.
  • Мацаберидзе, Н. В. Международный музыкальный фестиваль имени И. И. Соллертинского / Н. В. Мацаберидзе // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 2. — С. 116—117.