Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік
Выданне
Аўтар Вацлаў Ластоўскі
Апублікаваны ў 1924
Выдавецтва Друкарня А. Бака
Месца публікацыі Коўна
Колькасць старонак

844:

XII — прадмова
832 — слоўнік
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», таксама вядомы як слоўнік Ластоўскага[1], — слоўнік Вацлава Ластоўскага, арыентаваны на беларусаў-інтэлігентаў, якія забылі родную мову[2], для практычных патрэб[3]. Аўтар назваў слоўнік «крыўскім», бо прызнаваў этнонім «крывіч» за ўласнабеларускі, а астатнія назвы накінутымі[4].

Прадмова да слоўніка змяшчаецца на 12 старонках. Сам слоўнік налічвае 832 старонкі і блізу 20 тысяч слоўных адзінак[5] і 17 тысяч слоўнікавых артыкулаў[6]. Расейская частка аформленая паводле дарэвалюцыйнай арфаграфіі. Наклад слоўніка й крыніцы фінансавання невядомыя[7].

Хоць слоўнік у свой час ня змог значна паўплываць на моўную культуру, у 1990 годзе было выдадзенае факсімальнае выданне ў 10 тысяч асобнікаў[8]. Сёння некаторыя наватворы Ластоўскага са слоўніка можна сустрэць у сучаснай беларускай літаратуры[6].

Прадмова[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй прадмове Вацлаў Ластоўскі тлумачыць, чаму ён вырашыў скласці гэты слоўнік. Аўтар крытыкуе хрысціянства за выкарыстанне царкоўнаславянскай мовы (Ластоўскі яе называе, «баўгарскай»). Паводле Ластоўскага, гэтакае аддаленне ад народных мас інспіравала далейшы выбар царквой чужой беларусам польскай або расейскай мовы, што прыводзіла да дэнацыяналізацыі, рэнегацтва і здрадніцтва. Таксама Ластоўскі выкрывае суседзяў (палякаў і расейцаў), якія, як ён даводзіць, пагардаючы беларускай мовай, актыўна запазычалі з яе лексіку. На карысць сваёй думкі Ластоўскі прыводзіць слоўнік Івана Насовіча, які, як ён піша, быў цалкам унесены ў «Słownik języka polskiego» Ліндага і «Русский академический словарь»[9].

Слоўнік[правіць | правіць зыходнік]

Увесь слоўнік пранізвае тэндэнцыя паслядоўнага імкнення да максімальнай чысціні беларускіх слоў і тэрмінаў, узятых, паводле Ластоўскага, з народных гаворак[8]. Але Ластоўскі часта не пазначаў мясціны, з якіх браў словы. З-за гэтага навукоўцы сцвярджаюць, што вялікая іх частка рэгіяналізмы, а значная колькасць выдуманая самім аўтарам[10]. Напрыклад, паводле Сяргея Запрудскага, наватворамі з’яўляюцца жаўнерня (казарма), наўзбярэжніцтва (кабатаж), паўнак (камплект) і г. д.[3]

У слоўніку, акрамя беларускага эквівалента рускага слова, падаюцца цэлыя словаўтваральныя гнёзды. Часам таксама аўтар тлумачыць значэнне слова і ўказвае адкуль яно прыйшло. Ёсць выпадкі, дзе Ластоўскі дае толькі тлумачэнне без аднаслоўнага перакладу. Даволі часта ў слоўніку сустракаецца недакладны або памылковы пераклад запазычанняў (газетачасопіс, конспект — скарот)[10].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі Навук Сцяпан Некрашэвіч выступіў з жорсткай крытыкай слоўніка:[10]

Аўтар слоўніка робіць з беларускай мовай такія мудраванні, такія опэрацыі, што ў рэзультаце атрымліваецца нешта новае, мала падобнае на беларускую мову… Аўтар не ачышчае беларускую мову, а наадварот яе знявечвае, засурвае, утвараючы нешта падобнае да валапюка або эсператна з беларускай асновай.

Янка Станкевіч таксама крытыкаваў слоўнік за мяшанне прыродных беларускіх слоў з уласнымі наватворамі, але таксама адзначаў руплівасць Ластоўскага пра родную мову[10].

Даследчыца лексікаграфічнай працы Ластоўскага Алена Ніякоўская так ацэньвае слоўнік:[10]

Слоўнік – гэта суцэльны твор, цікавы, дынамічны, арганізаваны вакол адзінай ідэі – нацыянальнай.

Юрась Пацюпа заклікае ўспрымаць гэты слоўнік як літаратурны твор і крыніцу пазнання беларускай мовы ды творчасці самога аўтара. Да таго ж, паводле яго, некаторыя словы са слоўніка, якія лічыліся наватворамі Ластоўскага, пазней пацвярджаліся тэкстамі аўтараў, якія паходзілі з тых жа мясцінаў, што і Ластоўскі[10].

Рыгор Барадулін, адказваючы на пытанне пра слоўнік, які для яго з’яўляецца ўзрорам і да якога ён звяртаецца, казаў:[11]

Такім слоўнікам быў і застаецца слоўнік Ластоўскага — ён самы чысты, самы беларускі. Праўда, там шмат словатвораў, але гэты слоўнік мне найбольш падабаецца.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Структурна слоўнік падзелены на наступныя часткі:

  • Прадмова
  • Слоўнік
  • Крыўскі (беларускі) іменнік — слоўнік асабовых імён
  • Назовы птахаў — слоўнік арніталагічных тэрмінаў
  • Іменнік расьцін — слоўнік батанічных тэрмінаў
  • Вайсковая каманда — слоўнік вайсковых тэрмінаў

Выданні[правіць | правіць зыходнік]

  • Ластоўскі, В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — Коўна: Друкарня А. Бака, 1924. — 832 с.[12]
  • Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. – Коўна: Друкарня А. Бака, 1924 (факс. выд. – Мінск : Навука і тэхніка, 1990).

Зноскі

  1. Асалода для пурыстаў: ТЭСТ па слоўніку Ластоўскага. — 6.04.2017.
  2. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — 1924. — С. 7.
  3. а б Сяргей Запрудскі. Пурыстычная мовазнаўчая спадчына 1920-х гг. Вацлава Ластоўскага і Янкі Станкевіча. — 2018.
  4. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — 1924. — С. 7, 10.
  5. Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 47.
  6. а б Сакун, Т. М. Аўтарскія наватворы ў слоўніку Вацлава Літоўскага // БДУ. — Мінск: 2002. Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2021.
  7. Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 48.
  8. а б Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 49.
  9. Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 48-49.
  10. а б в г д е ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ “Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага // Мова нанова. — 02.04.2017.
  11. Сяргей Шапран Рыгор Барадулін: «Вушацкі словазбор» я пачаў збіраць яшчэ ў сёмым класе // Новы Час. — 16-11-2013.
  12. Ластоўскі, В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]