План Агінскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

План Агінскага — план культурна-адміністрацыйнай рэарганізацыі заходніх губерняў Расійскай імперыі (раней уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай), прапанаваны Аляксандру I у 1810—1811 гадах кампазітарам, дыпламатам і палітыкам Міхалам Клеафасам Агінскім. Меў на ўвазе фарміраванне асаблівай правінцыі, прызначэнне да яе імператарскага ўпаўнаважанага (намесніка) і стварэнне асобнага войска. Не быў рэалізаваны ў сувязі з процідзеяннем іншых саветнікаў імператара і пачаткам Французска-рускай вайны 1812 года.

У 1810 годзе Міхал Клеафас Агінскі пераехаў у Санкт-Пецярбург і стаў даверанай асобай імператара Аляксандра I. Пасля гэтага ён пачаў працаваць над планам культурна-палітычнага адасаблення Вялікага Княства Літоўскага, землі якога ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі у выніку трох паздзелаў Рэчы Паспалітай. Раней Агінскі неаднаразова сутыкаўся з прафранцузскімі настроямі польскай палітычнай эліты, якая імкнулася да абвяшчэння незалежнасці, што і падштурхнула яго на стварэнне ўласнага плана па суверэнізацыі заходніх губерняў Расійскай імперыі, які насіў кампрамісны характар.

У красавіку 1811 года Агінскі і імператар Аляксандр I мелі прыватную гутарку за зачыненымі дзвярыма. Вядома, што дыпламат і кампазітар Агінскі гаварыў на тэму магчымасці пераўтварэння губерняў, раней складаўшых Рэч Паспалітую, з мэтай задобрыць польскую феадальную арыстакратыю, а Аляксандр I, выслухоўваў яго з належнай увагай. Надалей Агінскі доўга разважаў над найбольш прымальным варыянтам і ў выніку распрацаваў прымярэнчы праект, які утрымліваў у сабе рашэнне праблемы заходнеславянскага сепаратызму. Ён прапаноўваў распрацаваць новаабвешчаным губерням такую форму аўтаноміі, пры якой яны, з аднаго боку, маглі б адчуць сябе незалежнымі, а з другога — змаглі б захаваць такую незалежнасць ва ўмовах ваенна-палітычнай і культурна-ідэалагічнай сувязі з Расійскай імперыяй.

Першая ўмова плана: стварэнне асаблівай правінцыі, у якую ўвайшлі б Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская, Кіеўская, Валынская, Падольская губерні, Беластоцкая вобласць, а таксама Тарнопальская акруга. Сталіцай гэтай правінцыі стала б Вільня, а кіраванне ёй ажыццяўляў бы імператарскі намеснік, на пасадзе якога Агінскі бачыў сябе. Дэманстратыўным знакам аднаўлення палітычнага суверэнітэту правінцыі ў кантэксце гістарычнай пераемнасці стала б ратыфікацыя Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, што стала б псіхалагічным жэстам, з дапамогай якога ўдалося б змяніць ідэалагічную арыентацыю шляхецкай эліты. Другой важнай умовай плана быў намер прызначаць на кіруючыя пасады ў адміністрацыйнай іерархіі правінцыі толькі ўраджэнцаў гэтай правінцыі (пераважна беларусаў, рускіх, яўрэяў, літоўцаў, украінцаў і палякаў, якія пастаянна пражываюць у гэтых абласцях). Трэцяй умовай плана было фарміраванне на пастаяннай аснове «літоўскага войска», якое захоўвала б вернасць рускім культурна-нацыянальным прынцыпам і прыхільнасць палітычнаму ўладкаванню Расіі і магло б выступаць супраць арміі Напалеона і іншых патэнцыйных ворагаў Расійскай імперыі.

Адзін з галоўных прынцыпаў плана Агінскага заключаўся ў адасабленні літоўскіх і беларускіх губерняў Расійскай імперыі ад польскага культурна-палітычнага ўплыву і мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання ідэй нацыянальнага сепаратызму жыхароў заходніх губерняў. Такім чынам, па плане Агінскага землі будучых Беларусі і Літвы ператвараліся ў значную тэрытарыяльную адзінку з адноўленым гістарычна склаўшымся самакіраваннем, з прарускі настроенай нацыянальнай кіраўніцкай элітай, якая гатовая была адстойваць дзяржаўныя інтарэсы Расіі.

План так і не быў разгледжаны ў сувязі з процідзеяннем іншых саветнікаў Аляксандра I і пачаткам ваенных дзеянняў, якія рушылі пасля ўварвання арміі Напалеона ў Расію. Надалей Аляксандр I неаднаразова вяртаўся да пытання ўрэгулявання польска-літоўска-беларускай праблемы, але Міхал Клеафас Агінскі больш не ўдзельнічаў у абмеркаванні будучага зямель былой Рэчы Паспалітай з-за расчараванасці ў палітычнай дзейнасці.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]