Рэформа дзяржаўных сялян 1867 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэфо́рма дзяржа́ўных сяля́н 1867 го́да — сістэма мер, накіраваных на ліквідацыю феадальнай залежнасці дзяржаўных сялян у еўрапейскай частцы Расійскай імперыі.

У расійскіх губернях, на Левабярэжнай і Паўднёвай Украіне праводзілася паводле закона ад 24 лістапада 1866 года. Землеўладкаванне дзяржаўных сялян на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве паводле закона ад 16 траўня 1867 года было арганізавана паводле тых жа прынцыпаў, што і для былых панскіх сялян. Яны былі пераведзены на абавязковы выкуп і прылічаны да разраду «сялян-уласнікаў». У рэчаіснасці ўласнікам надзельных зямель заставалася дзяржава, а сялянства нават пасля выкупу зямлі толькі карысталася ёю. За сялянамі замацоўвалі надзелы, што былі ў іх пастаянным карыстанні. Дапускалася прырэзка да сялян надзелаў з запасных і іншых свабодных дзяржаўных зямель і абмен на казённыя зямельныя ўчасткі. Сяляне былі пазбаўлены права прырэзкі зямлі пасля правядзення рэформы. Памеры надзелаў, выкупных плацяжоў вызначалі люстрацыйныя камісіі, якія складалі люстрацыйныя акты, адэкватныя выкупным актам. Для складання і зацвярджэння люстрацыйных актаў былі прадугледжаны розныя тэрміны: у Віленскай і Гродзенскай губернях 3 гады, у Мінскай — 4, у Віцебская і Магілёўскай — 6 гадоў. Сума штогадовых выкупных плацяжоў вызначалася велічынёй штогадовага аброчнага падатку, павялічанага на 10 %. Тэрмін пагашэння выкупнога доўгу быў 46 гадоў. Пазыкі з казны дзяржаўныя сяляне не атрымлівалі. Да зацвярджэння люстрацыйных актаў яны былі абавязаны надалей плаціць аброчны падатак, а зямельныя надзелы заставаліся толькі ў іх карыстанні. На захадзе і ў цэнтральнай Беларусі вызначэнне памераў надзелаў і выкупу былых дзяржаўных сялян, адмежаванне іх зямель ад казённых былі закончаны ў пачатку 1870-х гадоў, на ўсходзе — у сярэдзіне 1870-х гадоў[1].

У выніку рэформы надзельнае землеўладанне былых дзяржаўных сялян 5 заходніх губерняў павялічылася на 613 656 дзесяцін і перавышала надзелы былога прыватнаўласніцкага сялянства ў разліку на рэвізскую душу ў сярэднім на 24,5 %, на двор — на 20,8 %. Плошча павялічылася таксама за кошт паселеных на казённых землях каланістаў, выхадцаў з іншых саслоўных груп мясцовага насельніцтва, якіх было 76 793 душы. Часткова былі вернуты надзелы былым дзяржаўным сялянам, абеззямеленым у канцы 1850-х — пачатку 1860-х гадоў. Але ў выніку росту сялянскага насельніцтва іх сярэднія надзелы ў разліку на душу мужчынскага полу ў 1877 годзе супроць 1858 года на Беларусі паменшыліся з 5,1 да 4,5 дзесяцін, на двор — з 20,2 да 17,8 дзесяцін. Недастатковыя душавыя надзелы памерам да 5 дзесяцін атрымалі 35,4 % былых дзяржаўных сялян. Плошча казённых зямель перавышала сялянскае надзельнае землеўладкаванне на 14 %. Насуперак закону назіраўся захоп зямель часткі сялянства казной і суседнімі памешчыкамі. Выкупныя плацяжы былых дзяржаўных сялян 5 заходніх губерняў адпавядалі мясцовым рыначным цэнам на зямлю і былі заўважна ніжэйшыя, чым у былых панскіх сялян, на дзесяціну надзелу вагаліся ў сярэднім ад 36 да 70,6 капеек. Нягледзячы на больш спрыяльныя ўмовы, супроць сялянскай рэформы 1861 года, яны зліваліся з агульнай масай збяднелага сялянства[1].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б ЭГБ 1996, с. 249.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]